Як павысіць якасць і прэстыж аграрнай адукацыі? Якія новаўвядзенні плануюцца ў праграмы навучання і падрыхтоўкі будучых спецыялістаў? Якія прафесіі найбольш запатрабаваныя? Якія матэрыяльныя стымулы і гарантыі прадугледжаны для маладых спецыялістаў аграрных прафесій? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да начальніка Галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадравай палітыкі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Самсановіча.
— Прафесіяналы з вопытам работы на зямлі былі запатрабаваныя ва ўсе часы. Я згодны, быў перыяд, калі аграрнаму комплексу краіны было цяжка канкурыраваць з іншымі галінамі з-за некаторых фактараў, такіх як зарплата, умовы працы і некаторыя іншыя, — сказаў наш суразмоўца. — Але цяпер сітуацыя змянілася — прыкметна выраслі даходы ў галіне, гэтак жа прыкметна палепшыліся ўмовы працы і сацыяльнага асяроддзя ў вёсцы.
Але работа ў гэтым кірунку павінна працягвацца, лічыць спецыяліст, і каб новыя кадры прыходзілі ў галіну, а ўжо дзеючыя працягвалі працаваць, імідж аграсектара павінен стаць яшчэ больш прывабным.
— Таму, разумеючы важнасць падрыхтоўкі кадраў для вёскі, на дзяржаўным узроўні пастаянна прымаюцца меры, накіраваныя на павышэнне прэстыжу сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў. І, паверце, такіх прэферэнцый няма ні для якой іншай галіны, — падкрэсліў прадстаўнік ведамства.
Ён выказаў перакананне ў тым, што адным з важных кірункаў развіцця аграрнай адукацыі з’яўляецца павышэнне якасці практыкаарыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў.
— Мінсельгасхарч сумесна з аграрнымі ВНУ і заказчыкамі кадраў вядзе пастаянную работу па абнаўленні вучэбных планаў і праграм, павышэнні прафесійнага ўзроўню педагагічных кадраў, развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, максімальным збліжэнні навучальнага працэсу з вытворчасцю. Практычныя і лабараторныя заняткі, навучальныя і вытворчыя практыкі ў агульным аб’ёме вучэбных гадзін на падрыхтоўку спецыялістаў складаюць каля 60–70 %, — канстатуе Уладзімір Самсановіч.
З першага курса студэнты замацоўваюцца за канкрэтнымі сельгасарганізацыямі, у якіх праходзяць практыку ў перыяд навучання, а пасля заканчэння вучобы там жа і працаўладкоўваюцца. Для моладзі, па словах суразмоўцы, гэта каштоўны вопыт, які дазваляе павысіць якасць іх практычнай падрыхтоўкі і дапаможа хутка і беспраблемна адаптавацца ў калектыве. Спыніўся прадстаўнік сельскагаспадарчага ведамства і на мэтавым навучанні, назваўшы яго важным кірункам у рабоце па падрыхтоўцы кадраў.
— Гэта вялікая дапамога для ўстаноў адукацыі і добры бонус для студэнтаў, калі арганізацыі — заказчыкі кадраў, якія накіроўваюць абітурыентаў на навучанне па мэтавых дагаворах, устанаўліваюць для іх даплаты да стыпендый на перыяд навучання, удзельнічаюць у іх практычнай падрыхтоўцы ў перыяд праходжання вытворчай і пераддыпломнай практык і гарантуюць працоўнае месца на пяць гадоў, — расказаў пра прэферэнцыі мэтавай траекторыі навучання Уладзімір Самсановіч.
Аграрныя класы ва ўстановах адукацыі пачалі адкрывацца ў краіне з 2018 года. Па словах прадстаўніка ведамства, за сем гадоў іх колькасць значна павялічылася.
— Профільных класаў было адкрыта нямала, — працягвае суразмоўца. — Сёння ў 521 установе агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуе 728 агракласаў, колькасць навучэнцаў якіх налічвае звыш 5 тысяч школьнікаў.
Факт, па словах прадстаўніка Мінсельгасхарча, пазітыўны. І хоць кадравая праблема ў АПК пакуль цалкам не вырашана, ёсць надзея на тое, што маладыя людзі, прайшоўшы некалькі прыступак навучання аграрнай спецыяльнасці, выберуць яе справай свайго жыцця.
— Так сёння і адбываецца, — гаворыць ён. — Выпускнікі агракласаў паступаюць у ВНУ, каледжы — гэта тыя маладыя людзі, якія вывучылі сельскагаспадарчую вытворчасць знутры, прызналі яе і прынялі рашэнне прыйсці ў аграрны сектар. Менавіта з іх, як я лічу, атрымаюцца высакакласныя спецыялісты, якія застануцца ў галіне, будуць сваім прыкладам прыцягваць у яе іншых спецыялістаў і, такім чынам, стануць фарміраваць яе будучыню.
Уладзімір Самсановіч адзначае, што аграрныя ВНУ і каледжы пастаянна актуалізуюць праграмы навучання і падрыхтоўкі будучых рабочых і спецыялістаў: «Гэтага патрабуе маштабная мадэрнізацыя аграпрамысловага комплексу, рэканструкцыя і будаўніцтва сучасных МТК і перапрацоўчых прадпрыемстваў», — падсумоўвае ён.
Па словах Уладзіміра Самсановіча, каб адпавядаць патрабаванням сучаснасці, аграрныя ВНУ краіны ў 2025–2026 навучальным годзе адкрываюць новыя спецыяльнасці, накіраваныя на развіццё лічбавых тэхналогій, аўтаматызацыі і рабатызацыі ў аграпрамысловым комплексе, а таксама падрыхтоўку спецыялістаў у галіне сэрвісу і інжынірынгу сельгастэхнікі і абсталявання. Акрамя таго, будуць развівацца кірункі, звязаныя з энергетычным забеспячэннем сельскай гаспадаркі, аўтаматызацыяй тэхналагічных працэсаў і тэхнічным сэрвісам. Сваю ролю ў падрыхтоўцы высакакласных спецыялістаў, на думку прадстаўніка Мінсельгасхарча, сыграюць і цэнтры кампетэнцыі ў сельскай гаспадарцы, якія ёсць у кожнай вобласці: у профільных каледжах у Смілавічах, Драгічыне, Жыровічах, Оршы, Жлобіне, Калінкавічах, Гарадку і Магілёве. Іх базай карыстаюцца ўсе профільныя каледжы.
Алена ВІНАГРАДАВА