У маі мінулага года кіраўнік дзяржавы правёў пашыраную нараду па пытаннях абыходжання з адходамі і выкарыстанні другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). У выніку ўраду быў накіраваны шэраг даручэнняў па прадухіленні ўтварэння адходаў, змяншэнні іх аб’ёмаў і максімальным уключэнні ў гаспадарчы абарот. Якая работа была выканана летась, што запланавана на 2026-ы?
Стварыць эфектыўную сістэму
Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды Максім ТАРАСАЎ, па даручэннях беларускага лідара была праведзена вялікая работа, якая ў першую чаргу датычылася ўдасканалення заканадаўства. Так, Мінпрыроды быў падрыхтаваны праект закона, які прадугледжвае перадачу гэтаму ведамству функцый па каардынацыі дзейнасці ў сферы ДМР. Для забеспячэння аўтаматызаванага ўліку камунальных адходаў, а таксама дакладнасці і даступнасці інфармацыі аб бягучым стане сістэмы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі (ЦКА) і перспектывах яе развіцця створана АІС «Адходы». Распрацавана канцэпцыя развіцця інфраструктуры для сартавання ЦКА, зацверджана Стратэгія па абыходжанні з адходамі вытворчасці і спажывання ў Рэспубліцы Беларусь.
— Стратэгія накіравана на стварэнне эфектыўнай сістэмы абыходжання з адходамі з адзінай глабальнай мэтай: забяспечыць да 2040 года ўзровень выкарыстання як адходаў вытворчасці, так і адходаў спажывання не менш чым 90 %, — адзначыў прадстаўнік Мінпрыроды. Выкананне задач стратэгіі будзе адбывацца ў тры этапы. Першы этап — да 2030 года. Да гэтага часу ўзровень выкарыстання адходаў вытворчасці (без уліку буйнатанажных адходаў) павінен быць 90 %, а ЦКА — 70 %.
Стратэгія прадугледжвае вызначэнне адзінага органа, які каардынуе дзейнасць па абыходжанні з адходамі, а таксама ўключае пералікі: віды прадукцыі, пры вытворчасці якой неабходна выкарыстоўваць ДМР; віды прадукцыі і тавараў, вырабляць якія не дапускаецца з-за складанасці (немагчымасці) перапрацоўкі іх інгрэдыентаў, і інш. Акрамя таго, у рамках рэалізацыі стратэгіі зацверджана праграма распрацоўкі дзяржаўных стандартаў у галіне вызначэння патрабаванняў да ўпакоўкі, якія забяспечваюць магчымасць яе перапрацоўкі пасля страты спажывецкіх уласцівасцяў.
— Калі параўнаць з 2020 годам, то ўзровень выкарыстання ЦКА вырас на 23,9 %. Сабрана і ўцягнута ў гаспадарчы абарот 245 тысяч тон ДМР. Практычна ўвесь гэты аб’ём накіраваны на перапрацоўку. Выключэнне складае мінімальны працэнт моцна забруджаных пластыкаў, якія плануецца адправіць у энергетычнае выкарыстанне ў складзе RDF-паліва, — расказала дырэктар ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Аксана ГАЙДУК.
Не на палігон, а на выкарыстанне
У мінулым годзе аб’ём выкарыстання арганікі склаў 704 тысяч тон, накіравана на вытворчасць RDF-паліва больш як 6 тысяч тон высокакаларыйных кампанентаў з незапатрабаваных адходаў упакоўкі. Дасягненню такіх паказчыкаў садзейнічала планамерная работа арганізацый ЖКГ на працягу года.
У прыватнасці, вялікая ўвага была ўдзелена своечасоваму і якаснаму аказанню паслугі па абыходжанні з ЦКА, зніжэнню колькасці прэтэнзій грамадзян на якасць паслуг. Так, у цэлым па краіне колькасць скаргаў у параўнанні з 2024-м скарацілася на 30 %.
— У Беларусі працуюць 10 смеццеперапрацоўчых заводаў (у Брэсце, Баранавічах, Віцебску, Наваполацку, Оршы, Гомелі, Гродна, Бабруйску, Магілёве, Мінску) і 73 лініі сартавання. Летась на аб’ектах сартавання апрацавана 826 тысяч тон ЦКА, з якіх дадаткова вынята 75 тысяч тон ДМР, — макулатура, шклабой, адходы пластмас. Гэта дазволіла ў значнай меры выключыць іх пахаванне на палігонах і накіраваць на перапрацоўку, — растлумачыла Аксана Гайдук.
Да таго ж у мінулым годзе былі ўведзены ў эксплуатацыю тры новыя смеццесартавальныя заводы — у Бабруйску, Наваполацку і Мінску (сумарная магутнасць — 780 тысяч тон у год). Будуюцца комплексы ў Гомелі і Ваўкавыскім раёне. Завершаны праектныя работы для рэгіянальных аб’ектаў Пінскай і Пухавіцкай зон абслугоўвання.
Для павышэння ўзроўню выкарыстання ЦКА да 70 % да 2030 года плануецца працягнуць работу па ўдасканаленні сістэмы абыходжання з камунальнымі адходамі, уключаючы іх раздзельны і кантэйнерны збор. Пабудуюць сем заводаў па сартаванні і выкарыстанні ЦКА, больш за 10 пляцовак для кампаставання арганікі (харчовых адходаў, раслінных рэшткаў і адходаў ад прыборкі азялененых тэрыторый), цэнтры раздзельнага збору ЦКА, створаны (рэканструяваны) станцыі сартавання і пунктаў дасартавання ЦКА ў Жлобіне і Светлагорску.
Сетка ў рэгіёнах
Адным з элементаў сістэмнага падыходу да збору другасных матэрыяльных рэсурсаў з’яўляюцца прыёманарыхтоўчыя пункты арганізацый спажывецкай кааперацыі. Штогод яны збіраюць і перадаюць на перапрацоўку сотні тысяч тон чорных і каляровых металаў, шкла, макулатуры, аўтамабільных шын і іншых адходаў.
Сёння ва ўсіх рэгіёнах краіны працуе 788 прыёманарыхтоўчых пунктаў спажывецкай кааперацыі, у тым ліку 54 перасоўныя, якія выязджаюць па вызначаных графіках і маршрутах.
Толькі летась арганізацыямі спажывецкай кааперацыі ў насельніцтва закуплена 367 тысяч тон другасных матэрыяльных рэсурсаў на суму 210 мільёнаў рублёў. Гэта 294 тысячы тон лому чорных металаў, 7,3 тысячы тон лому каляровых металаў (пераважна гэта адпрацаваныя аўтамабільныя акумулятары), 35 тысяч тон макулатуры, 26 тысяч тон шкла, 3,1 тысячы тон палімерных адходаў, 440 тон адходаў электроннага і электрычнага абсталявання, амаль 800 тон зношаных шын, 350 тон адпрацаванага масла, 750 тон тэкстыльных адходаў.
— Тая сацыяльная функцыя, якую нясе спажывецкая кааперацыя, вельмі значная для краіны і сельскіх жыхароў. Сёння мы абслугоўваем каля двух мільёнаў сельскага насельніцтва, якое пражывае ў аддаленых вёсках, у дробных населеных пунктах, у аграгарадках, у райцэнтрах. Але сёння, калі развіваецца інтэрнэт-гандаль, мы разумеем, што прыёманарыхтоўчыя пункты таксама запатрабаваныя, — адзначае намеснік старшыні праўлення Белкаапсаюза Аксана СКІНДЭР.
Штогод аб’ёмы нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў павялічваюцца.
У параўнанні з 2009 годам яны выраслі ў 1,8 раза. Тэмп росту нарыхтоўкі лому чорных металаў — у 2,1 раза, лому каляровых металаў — больш як у 5 разоў, палімерных адходаў — у 1,6 раза, шклабою — у 3 разы, зношаных шын — у 2,4 раза.
Другасную сыравіну арганізацыя спажывецкай кааперацыі накіроўвае на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Дарэчы, у краіне нямала з іх з’явілася адносна нядаўна, і перапрацоўка там арганізавана па самых высокіх сусветных стандартах. Лом чорных і каляровых металаў на працягу ўжо многіх гадоў з’яўляецца адным з найкаштоўнейшых рэсурсаў і накіроўваецца ў тым ліку на валаўтваральныя прадпрыемствы. У прыватнасці, лом чорных металаў перапрацоўвае адзін з флагманаў нашай прамысловасці — Беларускі металургічны завод.
Пры гэтым Аксана Скіндэр нагадала, што адна тона макулатуры эканоміць 3,5 кубаметра драўніны, адна тона другаснай палімернай сыравіны — 0,7 тоны першаснай палімернай сыравіны, адна тона зношаных шын — 330 кілаграмаў сінтэтычнага каўчуку, адна тона другаснай тэкстыльнай сыравіны — 700 кілаграмаў натуральных ці сінтэтычных валокнаў. Чым больш мы збіраем другаснай сыравіны, тым менш патрэба ў вырабе першаснай, што эканоміць сродкі і паляпшае экалогію.
— Дзякуючы палітыцы, якая праводзіцца Прэзідэнтам, у нашай краіне дзейнічае дэталізаваны падыход да збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, — рэзюмавала Аксана Скіндэр. — Сёння ўжо з дзіцячага садка дзяцей прывучаюць да раздзельнага збору, і гэта вельмі важна.
Закупачныя цэны, месцы здачы другаснай сыравіны, кантактныя тэлефоны можна знайсці на сайце Белкаапсаюза і буйных нарыхтоўчых арганізацый.
Александрына ПАРШЫНА, Алена КРАВЕЦ
Фота БелТА