Школы Мінска і Мінскай вобласці гатовыя да такой навацыі, як абмежаванне выкарыстання мабільных тэлефонаў навучэнцамі, БелТА расказалі эксперты
«Калі казаць пра школы горада Мінска, то так, усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў нас гатовыя да гэтага новаўвядзення. Яны абсталяваны адпаведнымі скрынямі, якія будуць замыкацца для таго, каб захоўваць мабільныя тэлефоны», — сказаў намеснік старшыні Камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Глеб Лаўрыновіч.
Паводле яго слоў, вядзецца работа з педагагічнымі работнікамі па механізме арганізацыі захоўвання і выдачы мабільных тэлефонаў.
Тое ж датычыцца і ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці, дадаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Ларычаў. «Вясной былі праведзены бацькоўскія сходы, вызначаны месцы захоўвання, адказныя асобы. Будзе відэаназіранне і гэтак далей», — падкрэсліў ён.
Як адзначыў Юрый Ларычаў, дзесьці ў пачатковых класах тэлефоны будуць захоўвацца непасрэдна ў кабінетах, дзе вучацца маленькія дзеці. Што да астатніх класаў, навучэнцы будуць забяспечаны скрынямі пад ключ, з вызначэннем адказных асоб.
Глеб Лаўрыновіч у сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што навацыя датычыцца ўсіх гаджэтаў, не толькі тэлефонаў. Ён выказаў надзею, што бацькі правільна ўспрымуць новаўвядзенне і дадатковых складанасцяў для ўстаноў адукацыі ў гэтым пытанні ўзнікаць не будзе.
Кантактаванне дзіцяці з бацькамі ў выпадку неабходнасці будзе забяспечана праз класнага кіраўніка, дзяжурнага адміністратара ўстановы адукацыі або адміністрацыю школы.