Ананімна не атрымаецца
Хачу падарыць кватэру ўнуку. А ці можна аформіць дагавор дарэння так, каб ён пра гэта не даведаўся?
Зінаіда Уладзіміраўна, г. Мазыр
Адказвае натарыус Мінскай абласной натарыяльнай акругі Таццяна СТЭФАНЕНКА:
— Дагавор дарэння з’яўляецца двухбаковай здзелкай, на падставе якой дарыльшчык бязвыплатна перадае ва ўласнасць асобе, якая абдорваецца, маёмасць, у тым ліку нерухомую, а той, каго абдорваюць, прымае яе. Такім чынам, у заключэнні дагавора ўдзельнічаюць два бакі (дарыльшчык і асоба, якую абдорваюць), а з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі права ўласнасці пераходзіць да асобы, якую абдорваюць, у вашым выпадку — да ўнука.
Такім чынам, падарыць унуку кватэру з афармленнем адпаведнага дагавора, каб ён пра гэта не даведаўся, немагчыма.
Без асабістай прысутнасці
Мая сястра знаходзіцца за мяжой. Ёй спатрэбіліся дакументы аб адукацыі і папярэднім месцы працы. Неабходна зрабіць копіі і пераклад гэтых дакументаў, а таксама апастыляваць іх. Ці магчыма здзейсніць гэтыя дзеянні без яе асабістай прысутнасці?
Барыс ШАЎЧЭНКА, г. Барысаў
Адказвае натарыус Мінскай абласной натарыяльнай акругі Алена АЛЯКСАНДРАВА:
— Так, гэта магчыма. Дакументы, якія выдаюцца дзяржаўнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь для выкарыстання за граніцай, павінны быць легалізаваныя ва ўстаноўленым парадку. За дадзеным відам натарыяльнага дзеяння можа звяртацца любая асоба, у тым ліку той, хто не з’яўляецца ўладальнікам дакументаў.
Паважаныя чытачы, калі ў вас ёсць пытанні, якія датычацца натарыяльнай дзейнасці, дасылайце іх у рэдакцыю «Звязды» на электронны адрас: zvarot@zvіazda.by — ці звычайным пісьмом на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а — з пазнакай «Пытанне натарыусу», і вы абавязкова атрымаеце адказы ад прафесіяналаў на старонках газеты.
Віктар ЛЮБІМАЎ