Top.Mail.Ru

Як не згубіцца ў лесе?

Штогод дзясяткі, калі не сотні беларусаў губляюцца ў лясах. Адны, паблукаўшы дзве-тры гадзіны, знаходзяць шлях дамоў самастойна. Іншых даводзіцца шукаць усім светам. Нярэдкія сітуацыі, калі лес прачэсваюць і ратавальнікі, і міліцыянеры, і леснікі, і жыхары навакольных вёсак, і валанцёры.


Як адзначыў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі, з пачатку года ў краіне ў прыродных экасістэмах згубіліся 30 чалавек, з іх — пяцёра дзяцей. Знойдзена 29 чалавек, з іх пяцёра дзяцей. «З пачатку лета ў прыродных экасістэмах згубіліся восем чалавек, — удакладніў ён. — Знойдзена сем чалавек».

За аналагічны перыяд мінулага года ў краіне ў прыродных экасістэмах згубіліся 64 чалавекі, з іх — 15 дзяцей. Знойдзена 63 чалавекі, з іх — 15 дзяцей.

Ягадна-грыбны сезон — на старце, таму аматарам «ціхага палявання» варта прыслухацца да парад ратавальнікаў. Не лішнім будзе даведацца і пра тыповыя памылкі ягаднікаў і грыбнікоў, якія не маглі самастойна вярнуцца дахаты. Як кажуць, лепш вучыцца на чужых памылках, а то можна папоўніць невясёлую статыстыку.

Шукалі з квадракоптарам

Днямі ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што ў лясным масіве паблізу вёскі Лукаўцы Полацкага раёна згубілася жанчына. Як высветлілася, пенсіянерка 1964 года нараджэння адправілася ў лес на прагулку і заблукала. 

Атрымаўшы адпаведнае паведамленне, супрацоўнікі МНС неадкладна выехалі на пошукі. Сувязь з жанчынай падтрымлівалі па мабільным тэлефоне. Пенсіянерку знайшлі. Пасля агляду брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі яна была шпіталізавана.

Ратавальнікі таксама шукалі пенсіянера, які згубіўся ў Чавускім раёне. Адным майскім вечарам у службу МНС звярнуліся сваякі з просьбай дапамагчы адшукаць пенсіянера 1948 года нараджэння, які заблукаў у лесе. Мужчына даехаў на асабістым аўтамабілі да ракі каля вёскі Капані, пакінуў транспарт, пайшоў рыбачыць, а калі захацеў вярнуцца, некалькі гадзін не мог знайсці зваротную дарогу.

Да пошукаў адразу далучыліся дзевяць ратавальнікаў, а таксама супрацоўнікі органаў унутраных спраў і сваякі пенсіянера. Прыцягваліся чатыры адзінкі тэхнікі. Для правядзення пошукавай аперацыі ў паветры быў задзейнічаны квадракоптар. Мужчына паведаміў па тэлефоне, што бачыць агеньчыкі тэхнікі, але ў гэты ж момант яго тэлефон разрадзіўся. Ратавальнікі рушылі да месца па каардынатах, атрыманых з квадракоптара. Неўзабаве быў знойдзены цеплавы ўсплёск — пенсіянер развёў вогнішча для абагравання. Бліжэй да гадзіны ночы мужчыну знайшлі ратавальнікі. Медыцынская дапамога яму не спатрэбілася.

Як сведчыць статыстыка, найчасцей губляюцца людзі сталага веку. Аднак заблудзіцца можа кожны. З пачатку года падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Мінскай вобласці чатыры разы выязджалі на лясныя пошукі. Напрыклад, на днях да ратавальнікаў звярнулася кампанія маладых людзей з просьбай аб дапамозе ў пошуку іх сябра, які згубіўся ў лесе. Прыбыўшы на месца, ратавальнікі высветлілі, што кампанія з пяці чалавек ехала на аўтамабілі з Мінска ў вёску Швабы. Непадалёку ад аграгарадка Гасцілавічы яны з’ехалі з дарогі ў лес, пасля чаго адзін з іх выйшаў з машыны і пайшоў углыб лесу. У маладога чалавека не было з сабой мабільнага тэлефона. Дзякуючы квадракоптару месцазнаходжанне мужчыны было ўстаноўлена.

Яркае адзенне і запас ежы

Як звяртае ўвагу начальнік сектара інфармацыі і грамадскіх сувязяў Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Алена Немагай, нярэдка, збіраючыся ў ягады або грыбы, людзі апранаюцца так, нібыта плануюць там партызаніць. «Камуфляж надзейна маскіруе чалавека, што значна ўскладняе пошукі, калі сіл паведаміць пра сябе ўжо не засталося, — тлумачыць яна. — Вядома, адзенне павінна быць шчыльным, але лепш — яркім. Не перашкодзіць і яркі галаўны ўбор».

Перад тым як ісці ў лес, ратавальнікі раяць вывучыць карту мясцовасці. Не перашкодзіць узброіцца компасам і мінімальным наборам лекаў. Для таго каб не згубіцца, калі вы ідзяце кампаніяй, можна скарыстацца свістком. Яго гук чутны за 2-3 кіламетры.

Збіраючыся ў лес, улічвайце ўмовы надвор’я. У пахмурнае надвор’е паход лепш адкласці. Калі гэта ўжо справа вырашаная, выконвайце наступныя рэкамендацыі. Па магчымасці не адпраўляйцеся ў лес у адзіночку. Вывучыце асноўныя правілы арыентавання. Паведаміце сваякам або знаёмым аб маршруце, якім плануеце рухацца, і тэрмінах вяртання, своечасова інфармуйце іх, калі планы змяніліся. Апранайце зручнае, непрамакальнае адзенне і абутак. Вазьміце з сабой компас, зараджаны тэлефон, ваду, лекі, нож і запалкі.

«Перш чым паглыбіцца ў лес, звярніце ўвагу на сонца, запомніце з якога боку яно размешчана, — рэкамендуе Алена Немагай. — Калі сонца справа, то пры выхадзе ў тым жа напрамку з лесу трэба, каб яно аказалася злева».

1-41.jpg

Што рабіць, калі заблукалі?

Калі вы ўсё ж такі згубіліся ў лесе, першае, што неабходна, — сарыентавацца на мясцовасці, вызначыць, дзе можна знайсці ваду і агонь, як абараніцца ад холаду і арганізаваць начлег.

Калі вы ўзялі з сабой мабільны тэлефон, набярыце тэлефон службы ратавання і паведаміце, з якога населенага пункта і якога раёна ўвайшлі ў лес, апішыце, што бачыце па баках. Калі апынуліся ў лесе без компаса, тэлефона, а сваё месцазнаходжанне не можаце вызначыць нават прыблізна, спыніцеся і супакойцеся, па магчымасці піце ваду і рухайцеся да мэты.

Галоўнае — выйсці да людзей, таму важнымі арыенцірамі будуць лініі электраперадачы, прасекі і сцяжынкі. Выявіўшы любы з гэтых аб’ектаў, ідзіце ўздоўж яго. Калі на шляху сустрэўся ручай ці рака, рухайцеся ўніз па цячэнні. Прыслухайцеся і ідзіце на гук: шум трактара чуваць за 3-4 кіламетры, брэх сабакі — за 2-3 кіламетры, цягнік — за 10 кіламетраў. Такім чынам вы абавязкова знойдзеце людзей.

Не варта выбірацца з лесу ноччу. Калі пачынае цямнець, лепш займіцеся ўладкаваннем месца для начлегу. Для гэтага падыдзе яма ад вывернутага з коранем дрэва. Прытулак накшталт будана можна зрабіць з галін дрэў, подсціл — з падручных матэрыялаў. Што датычыцца барацьбы з холадам, ліст газеты, засунуты пад адзенне, зменшыць цеплааддачу ўдвая. Такі ж эфект дае і лістота, набітая пад вопратку. Арганізуючы начлег, паклапаціцеся, каб тыя, хто вас шукае, не прайшлі міма: павесьце на кусты кепку, насоўку або ліст паперы, абламіце галінкі, каб прыцягнуць увагу.

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю