Top.Mail.Ru
79

Як не трапіць у смяротную палонку

Па тонкім лёдзе

Сакавіцкае сонца яскрава сведчыць пра завяршэнне сезона зімовай рыбалкі: лёд на беларускіх вадаёмах усё часцей хрусціць і прамінаецца, выклікаючы турботу за бяспеку грамадзян. У такое надвор’е супрацоўнікі МНС, РАУС і АСВОД актыўна праводзяць прафілактычныя рэйды на вадаёмах, папярэджваючы рыбакоў аб небяспецы. У адным з такіх выездаў пабывалі і карэспандэнты газеты «Звязда».

Справа кожнага

Абстаноўка на вадаёмах Мінскай вобласці яшчэ застаецца адносна спакойнай. З пачатку года выпадкаў гібелі людзей на лёдзе не зарэгістравана, хоць у краіне трагедыі ўжо здараліся. Напрыклад, 14 сакавіка ў міліцыю і ратавальныя службы звярнуліся сваякі жыхара Гомеля: мужчына з’ехаў на рыбалку ў раён пасёлка Зарадзвінне раніцай і не вярнуўся да прызначанага часу. На пошукі адправіліся супрацоўнікі Добрушскай ратавальнай станцыі АСВОД. Цела 58-гадовага рыбака выцягнулі са штучнага вадаёма, патанулы не быў экіпіраваны ратавальнай камізэлькай.

Каб не дапускаць такіх трагедый, ва ўсіх рэгіёнах штодзень праводзяцца міжведамасныя рэйды. Як тлумачаць у МНС, работа вядзецца на апярэджанне: прафілактычныя мерапрыемствы пачынаюцца яшчэ ў разгар зімы, а з надыходам вясны іх інтэнсіўнасць толькі ўзрастае. У рэйдах удзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых службаў: ратавальнікі МНС, супрацоўнікі АСВОД і міліцыі. З аматарамі падлёднай лоўлі праводзяцца прафілактычныя гутаркі, каб нагадаць аб правілах бяспекі і нумарах экстраных службаў.

«Наша галоўная мэта — папярэдзіць бяду, — расказвае старшы інспектар прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Заслаўскага аддзялення міліцыі Мінскага РАУС Дзіяна Акуловіч. — Каб дзеці не выходзілі на лёд, асабліва без нагляду бацькоў, пераконваем рыбакоў пайсці з лёду, надзець ратавальную камізэльку. У выніку большасць адказна падыходзіць да сваёй экіпіроўкі, мае пры сабе ўсе неабходныя сродкі выратавання».

І сапраўды: у асноўным грамадзяне ўсведамляюць пагрозу, якую тоіць у сабе вясновы лёд, і з разуменнем ставяцца да работы спецыялістаў. Аднак, як паказала практыка, заўсёды знойдуцца тыя, хто гатовы рызыкаваць. Адзін з рыбакоў, мінчанін Анатоль, расказаў: летась у яго патанулі сябры — муж і жонка. Гэта здарылася на зімовай рыбалцы. У Мінскай вобласці тады ўжо дзейнічала забарона выхаду на лёд, а ў Віцебскай лоўля яшчэ дазвалялася, і муж з жонкай адправіліся адпачываць туды: «Праз тры гадзіны мы з імі яшчэ звязваліся, усё было нармальна. Праз шэсць — ужо на сувязь не выйшлі, — падзяліўся мужчына. — Мы паднялі шуміху, паехалі, паглядзелі. Машына на беразе стаяла, а іх ужо не было. Ратавальнікі паднялі дрон і ўбачылі, што сані стаяць на лёдзе, побач дзве палонкі. А людзей няма».

Тэхніка напагатове

Дарэчы, дроны, абсталяваныя гучнагаварыцелямі, значна дапамагаюць у патруляванні акваторый — яны актыўна выкарыстоўваюцца для маніторынгу абстаноўкі на вадаё-

мах. У Мінскай вобласці такая практыка прымяняецца ўжо каля двух гадоў. «З дапамогай дронаў удаецца аператыўна абследаваць вялікія плошчы і выяўляць месцы збору рыбакоў, да якіх пешшу дабірацца складана і доўга, — расказаў Юрый Макейчык, старшы памочнік начальніка цэнтра аператыўнага ўпраўлення Мінскага РАНС. — Справа ў тым, што адлегласць да некаторых пунктаў лоўлі можа складаць да кіламетра ад берага. Асобай папулярнасцю сярод мінскіх рыбакоў карыстаюцца вадасховішчы Дразды, Крыніца, рака Пціч».

Супрацоўнікі АСВОД у сваю чаргу праводзяць штодзённы маніторынг таўшчыні лёду на гэтых і іншых вадаёмах. Яны папярэджваюць: калі месцамі ў тым жа Мінску ён яшчэ дасягае 20–25 сантыметраў, то на іншых участках ужо ўтварыліся прамывіны. Набліжацца ды такіх зон смяротна небяспечна. Да таго ж з-за дзённага цяпла і начных замаразкаў лёд набывае порыстую, крышталічную структуру, нагадваючы губку, якая прапускае ваду ў абодвух напрамках. Нягледзячы на таўшчыню (бяспечнымі лічацца ўжо сем сантыметраў), ён не трымае нагрузку і рассыпаецца пад цяжарам цела.

Прыкметы небяспекі

Візуальна вызначыць надзейнасць веснавога лёду вельмі складана, падкрэслівае вадалаз АСВОД Канстанцін Чарняўскі. «Адназначна дрэнны знак — калі на паверхні лёду няма вады, а сам ён цёмны. Адсутнасць вады зверху азначае, што яна ўжо прайшла скрозь тоўшчу лёду, што пацвярджае поўную страту трываласці. Калі ж лёд пачаў трэскацца, адзіная правільная стратэгія — аператыўна вяртацца да берага па сваіх слядах, бо так ён з большай верагоднасцю вытрымае».

Пры спробе ж выбрацца з вады трэба адштурхнуцца нагамі, запаўзці на лёд грудзьмі, перакаціцца і рухацца да берага паўзком. І, паводле слоў спецыяліста, ні ў якім разе нельга бегчы: бег стварае кропкавыя ўдарныя нагрузкі, якія імгненна разбураюць порысты лёд.

Асаблівую небяспеку ўяўляюць участкі паблізу расліннасці, затопленых дрэў і там, дзе ёсць плынь. У арсенале ратавальнікаў, дарэчы, маецца спецыяльная тэхніка для работы ў такіх складаных умовах. Напрыклад, нагадваць рыбакам аб правілах бяспекі на лёдзе прадстаўнікі МНС і АСВОД могуць з аэралодкі «Пірання». Але бяспека на лёдзе, папярэджваюць спецыялісты, усё роўна застаецца пытаннем асабістай адказнасці кожнага.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Ксеніі ЛІННІК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю