Здымаць кватэру ў буйным горадзе — задача, з якой рана ці позна сутыкаюцца многія. Хтосьці ў студэнцкія гады, хтосьці, змяніўшы месца жыхарства, хтосьці, стварыўшы сем’і. Прычыны розныя, а галоўныя рызыкі аднолькавыя: пераплаты, няўдалы раён або махлярства.
Аб’явы на слупе — мінулае стагоддзе
Неяк на слупе ў Мінску ўбачыў аб’яву аб здачы ў арэнду пакоя ў кватэры з гаспадаром. І гэта паперка доўгі час была не кранутая — ніхто нават не паквапіўся адарваць тэлефон. Няўжо такія пакоі не маюць попыту? Не, гэта не зусім так. Проста цяпер нават бюджэтныя кватэры шукаюць і прапануюць выключна сучаснымі метадамі ці ў якасці выключэння — па знаёмстве або па рэкамендацыі.
Многія спрабуюць знайсці варыянты без пасрэднікаў у спецыялізаваных тэлеграм-каналах і на розных сайтах. Калі вы не прывязаны да цэнтра, можна разгледзець і прыгарад, дзе кошт арэнды можа быць на 20–30 % танней.
Вызначыцца з разумным мінімумам
Попыт, асабліва ў жніўні і верасні, калі на вучобу прыязджаюць студэнты, мае практычна ўсё жыллё.
На доўгатэрміновую арэнду кватэр попыт ужо ў канцы жніўня быў вышэй на 15 %, чым месяцам раней. Напярэдадні новага навучальнага года гэта прадказальна — не ўсе студэнты могуць разлічваць на месца ў інтэрнаце.
Павышаны попыт пацвярджае і статыстыка аб’яў. Калі ў сакавіку, на піку прапановы, у сталіцы налічвалася больш за 4 тысячы кватэр, то сёння іх колькасць скарацілася амаль на 20 %. І прычына не толькі ў студэнцкім попыце. Падаражэў кошт пакупкі ўласнай кватэры, і ў выніку многія з тых, хто прэтэндаваў на яе, вымушаныя замест гэтага арандаваць жыллё.
Між тым сярэдняя цана арэнды кватэр у Мінску вельмі высокая. Мы выбралі бюджэтны клас жылля «без прэтэнзій». Як правіла, гэта кватэры з неактуальным рамонтам, неабавязкова ў пешай даступнасці ад метро. Аднапакаёвыя кватэры ў гэтым сегменце прапануюцца за 300 «зялёных» у эквіваленце, двухпакаёвыя — за 360, трохпакаёвыя — за 400 і больш.
Перш чым пачынаць пошукі кватэры, трэба вызначыцца з уласным бюджэтам. Не забывайце, што акрамя арэнднай платы ёсць яшчэ плацяжы за камунальныя паслугі і інтэрнэт, патрэбна «заначка» на пераезд, а пры неабходнасці і на паслугі агента. Не будзе лішнім спытаць у знаёмых, якія арандавалі кватэру, колькі рэальна гэта каштуе.
Неабходна выбраць і раён пражывання. Калі ў вас няма ўласнага транспарту, трэба ўлічваць адлегласць да працы або вучобы. Лепш на мясцовасці прыгледзецца да інфраструктуры раёна, пераканацца ў наяўнасці крам, школы, паліклінікі, зялёнай зоны і іншага, ацаніць стан дамоў.
Захаваць грошы і нервы
Арэнда кватэры ў сталіцы можа ператварыцца ў кашмар, калі паддацца радасным эмоцыям і спешцы. Вас павінны насцярожыць вельмі танная цана арэнды, адсутнасць дакументаў у арэндадаўцы, яго просьба перавесці грошы яшчэ да сустрэчы або да заключэння дагавора. Каб не даць сябе падмануць, трэба ўключаць логіку і асцярожнасць на 100 %.
Калі ўсё занадта добра, каб быць праўдай, — хутчэй за ўсё, гэта падман. Дакументы «дзесьці там»? Сур’ёзны чалавек ніколі не хавае дакументы ад будучага арандатара. Калі гаспадар кватэры адмаўляецца заключаць дагавор, матывуючы гэта падаткамі, «сяброўскімі адносінамі» і іншым, нешта тут нячыста. Гэта датычыцца і сітуацыі, калі вас падштурхваюць з пераводам грошай на «бяспечны» рахунак.
У любым выпадку лепш сябе засцерагчы, фіксуючы дэталі, — сфатаграфуйце ўсе патрэбныя паперы, паказанні лічыльнікаў і стан кватэры. Настойвайце на афіцыйным дагаворы найму праз разлікова-даведачны цэнтр. Супрацоўнікі РДЦ правяраюць сапраўднасць дакументаў і сумарна адказваюць за празрыстасць здзелкі. Не пераводзьце буйную суму без дамовы. Максімум — невялікі задатак, які не шкада і страціць.
Выбіраем кватэру
Пры пошуку кватэры абавязкова павінны патаргавацца. Трэба канкрэтна пазначыць гаспадару ўсе яе недахопы: састарэлая тэхніка, дрэнны рамонт, адсутнасць мэблі і гэтак далей. Пры неабходнасці прапанаваць плату за 2-3 месяцы — часам гэта нагода для скідкі.
Пажадана перагаварыць з жыхарамі пад’езда пра суседзяў, аб магчымым крымінале. Праверце маршруты: колькі рэальна зойме дарога да працы, навучальнай установы, дзіцячага садка. Калі плануеце ўладкаваць дзіця ў садок або школу, удакладніце, ці патрэбна рэгістрацыя па адрасе арэнды — у Мінску, напрыклад, гэта можа паўплываць на чаргу.
Купіць, каб здаваць
Інвестыцыйная прывабнасць здачы кватэр у доўгатэрміновую арэнду захоўваецца на высокім узроўні. Як мінімум таму, што сёння арэнда дазваляе зарабіць у чатыры разы больш, чым найлепшыя дэпазіты ў валюце. Акрамя таго, купля кватэры і здача яе ў арэнду працягвае заставацца найбольш зразумелым спосабам не толькі захавання, але і павелічэння сродкаў.
Сяргей КУРКАЧ