Top.Mail.Ru

Як не сапсаваць водпуск ці адпачынак на прыродзе кішэчнай іфекцыяй?

Улетку захваральнасць на кішэчныя інфекцыі ўзрастае. Вільготнасць і высокая тэмпература — найбольш спрыяльнае асяроддзе для патагенаў. Наколькі небяспечныя кішэчныя інфекцыі? І хто ад іх пакутуе больш за іншых? Эпідэміёлагі нагадалі, якіх правіл варта прытрымлівацца, каб уберагчыся ад непрыемнасцяў.


Мыць, варыць, кіпяціць

Адметна, што ў Беларусі за пяць месяцаў зарэгістравана на 30 % менш выпадкаў гастраэнтэрытаў або вострых кішэчных інфекцый устаноўленай этыялогіі. У асноўным гэта стала следствам таго, што інтэнсіўнасць сезоннага ўздыму ротавіруснай інфекцыі сёлета была ніжэйшай за папярэднія гады. Пры гэтым кішэчная інфекцыя заўсёды застаецца актуальнай для краіны.

— Гэта другая назалагічная група інфекцый, якая займае значнае месца ў нашым эпідэміялагічным сачэнні пасля рэспіраторных інфекцый і грыпу, — паведаміла ўрач-эпідэміёлаг (загадчык) супрацьэпідэмічнага аддзялення аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Улада ЗАПОЛЬСКАЯ.

Заразіцца кішэчнай інфекцыяй могуць усе, аднак найбольш цяжка яе пераносяць дзеці і пажылыя людзі. У аснове асабістай бяспекі кожнага чалавека — выкананне правіл гігіены пры адпачынку на вадаёмах, гарадскіх пляжах і ў арганізацыях харчавання. Асноўнае з якіх — утрымліваць рукі ў чысціні. Як правіла, улетку мы імкнёмся часцей быць на свежым паветры, часам ядзім на хаду, купляем ежу ў кіёсках.

Правіла № 1 — выбіраць бяспечную ежу, у тым ліку пастэрызаваныя малочныя прадукты, не ўжываць сырое казінае і каровіна малако. Пры куплі прадуктаў абавязкова глядзець на іх тэрміны прыдатнасці, знешні выгляд, ацаніць, каб не было непрыемных пахаў і прыкмет псавання.


Асаблівая ўвага — сезоннай агародніне і садавіне. Не рэкамендуецца купляць і ўжываць кавуны, дыні і іншую садавіну, агародніну або ягады ў разрэзаным выглядзе. У мякаці гэтых прадуктаў хутка назапашваюцца ўзбуджальнікі кішэчнай інфекцыі — і верагоднасць харчовага атручэння значна вышэйшая.

Пры гатаванні ежы абавязковая кулінарная апрацоўка. Садавіну і агародніну, ягады і зяленіва важна мыць пад праточнай вадой ці абдаваць кіпячонай вадой, якая астыла. Важна выконваць правілы захоўвання: гатовыя прадукты абавязкова павінны знаходзіцца асобна ад сырой прадукцыі. Ежу варта старацца гатаваць на адзін прыём, ужываць яе адразу, бо падагрэў і працяглае захоўванне ў халадзільніку таксама могуць прывесці да назапашвання шкодных узбуджальнікаў.

Акрамя таго, вялікую ўвагу трэба ўдзяліць пітной вадзе — яна павінна быць гарантавана высокай якасці.

На пікніку і падчас купання

Як падрыхтаваць прадукты для пікніка, парэкамендаваў урач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юрый ГАРАНЮК.

Пры выездзе на прыроду і гатаванні ежы на пікніках варта строга выконваць кулінарную апрацоўку прадуктаў. Агародніну і садавіну трэба браць з сабой памытымі і прасушанымі. Пры гатаванні шашлыку мяса павінна быць папярэдне прамарынаванае і тэрмічна апрацаванае да празрыстага соку. Прадукты варта набываць у стацыянарных прадпрыемствах гандлю, пазбягаць сумнеўных гандлёвых пунктаў, месцаў несанкцыянаванага гандлю, асабліва каля аўтатрас. Перад паездкай неабходна загадзя прадугледзець асартымент бяспечных страў, прысмакаў і напояў.

Для транспарціроўкі ежы важна мець закрытыя кантэйнеры. Перавозіць і захоўваць хуткапсавальныя харчовыя прадукты пажадана ў сумцы-тэрмасе, карыстацца пластыкавымі харчовымі кантэйнерамі, індывідуальнай аднаразовай упакоўкай, сервіровачным посудам, сурвэткамі. У працяглую паездку не трэба браць хуткапсавальныя прадукты — малочныя, кандытарскія вырабы, каўбасы.

У спякотнае надвор’е небяспечным становіцца купанне ў адкрытых вадаёмах — у вадзе могуць знаходзіцца ўзбуджальнікі розных інфекцыйных захворванняў. Пры купанні не выключана заглынанне інфіцыраванай вады, таму неабходна выконваць меры перасцярогі і выбіраць вадаёмы, дзе купанне дазволена.

Санітарна-эпідэміялагічная служба ў купальны сезон забяспечвае пастаянны дзяржаўны санітарны нагляд за бяспекай вады і месцамі адпачынку каля вадаёмаў. Уводзяцца абмежаванні на купанне пры неадпаведнасці вынікаў даследавання вады санітарна-гігіенічным патрабаванням і нарматывам. Актуальная інфармацыя штотыдзень размяшчаецца на інтэрактыўнай карце на сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю