Top.Mail.Ru

Як навукоўцы шукаюць культурныя каштоўнасці, вывезеныя з Беларусі нацыстамі

У гады Вялікай Айчыннай вайны БССР страціла тысячы прадметаў мастацтва — у тым ліку сапраўдныя шэдэўры, бясцэнныя творы генія беларускага народа. За восем пасляваенных дзесяцігоддзяў вярнулася на Радзіму толькі дзясятая частка вывезеных па загадзе Гімлера з беларускіх музеяў і галерэй культурных скарбаў, адзначаюць навукоўцы. Сёння прадметы мастацтва, што некалі складалі фонды нашых музеяў, раскіданы па свеце. Іх пошукі — карпатлівая і нават у нечым дэтэктыўная праца. Пра тое, як гэта робіцца, мы спыталі ў чалавека, які прысвяціў жыццё гэтай справе, — Анатоля Сініла, аднаго з найбольш вядомых даследчыкаў, хто займаецца ўстанаўленнем месцазнаходжання вывезеных з нашай краіны культурных скарбаў.


«Даводзіцца карыстацца звесткамі з геральдыкі, генеалогіі і нават моды...»

— Анатоль Мікалаевіч, як у вас з’явілася імкненне шукаць страчаныя каштоўнасці? Па прафесіі вы — настаўнік. Атрымліваецца, такія «пошукі скарбаў» на карысць краіны для вас — свайго роду хобі?

— Цікавасць да твораў мастацтва ўзнікла ў мяне яшчэ ў раннім дзяцінстве. Памятаю, мяне вельмі ўразіў тэлесюжэт пра рэстаўрацыю партрэтаў, які выпадкова пабачыў дашкольнікам. Потым стаў чытаць кнігі пра карціны, мастакоў. Імкненне ж мэтанакіравана шукаць страчаныя беларускія культурныя каштоўнасці канчаткова сфарміравалася ў гады студэнцтва. А мая любоў да этнаграфіі і гісторыі — заслуга бацькі, Мікалая Сяргеевіча. Ён не быў навукоўцам: атрымаў спецыяльнасць «кінамеханік» і працаваў каля 40 гадоў у вясковым доме культуры, паказваючы кіно. Гісторыя і этнаграфія былі для яго, так бы мовіць, спосабам зацікавіць нас з братам. Бацька выдатна апавядаў, а мне падабалася яго слухаць. Добрымі ведамі мясцовасці, гісторыі тапонімаў ён паспрыяў паглыбленню маёй цікавасці да роднай гісторыі і культуры.

— А наколькі даўно вы на практыцы займаецеся пошукамі каштоўнасцяў, страчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны? Гэткай «пінкертонаўшчынай у мінулым»...

— Пошукамі культурных каштоўнасцяў мэтанакіравана займаюся з 2012 года. Праз пару гадоў з’явіліся першыя публікацыі пра атрыбуцыі твораў з даваенных мінскіх калекцый. Галоўным сваім дасягненнем лічу тое, што атрыбутаваў (устанавіў аўтара, гісторыю паходжання, назву, датыроўку) больш за 80 твораў. Таксама ўдалося знайсці прадметы, вывезеныя нацыстамі з музейных калекцый Мінска. Творы лічыліся страчанымі і іх месцазнаходжанне было невядома. Пераважна гэта прадметы, звязаныя з культурай яўрэяў, карціны, абразы, кнігі... Вяртаючыся да вашага пытання — гэта не зусім «пінкертонаўшчына», гэта, хутчэй, карпатлівая архіўная работа. Але яна мне падабаецца. Тым больш, калі ёсць вынік, і з’яўляецца шанц, што калі-небудзь гэтыя каштоўнасці вернуцца на Радзіму. 

— У аднаўленні, вяртанні, адкрыцці новых помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў вас дастаткова шырокі спектр інтарэсаў — ад глыбокай старажытнасці да Вялікай Айчыннай вайны. Якая гістарычная эпоха асабіста вам, як даследчыку, усё ж бліжэй?

— Тут у мяне няма канкрэтных пераваг. Тэма маёй навуковай дысертацыі — «Мастацкія асаблівасці жывапісу з даваенных калекцый музеяў Мінска». Музейныя зборы фарміраваліся ў першай палове ХХ стагоддзя, таму гэты перыяд і даследую больш. Аднак у калекцыях былі творы і ранейшых эпох. Часам, каб прасачыць гісторыю партрэта, даводзіцца прагледзець вялізны пласт архіўных дакументаў, карыстацца ведамі з геральдыкі, генеалогіі і нават моды.

«Музейшчыкі не спяшаюцца развітвацца з каштоўнасцямі»

Адна з асноўных праблем пошукаў — у тым, што пасля вайны творы, якія ўваходзілі ў адзіны комплекс, апыналіся ў розных музеях, як на тэрыторыі Беларусі, так і за мяжой, падкрэслівае навуковец. 

— Напрыклад, партрэты з галерэі Ельскіх захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным музейна-выставачным цэнтры «РОСИЗО» ў Маскве. Партрэт Алены Вольскай — у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, а партрэт яе мужа Казіміра — у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Абодва творы аднаго фармата, напісаны адным мастаком. У Гродзенскім дзяржаўным музеі знаходзяцца прадметы з мінскіх калекцый, вывезеных нацыстамі. Гісторыя іх з’яўлення ў Гродне наступная: пасля вяртання з Берліна 42 скрыні з беларускімі калекцыямі трапілі памылкова ў Кіеў, а адтуль іх перадалі ў Гродна. Некаторыя абразы, царскія брамы, скульптуры потым аддалі ў Мінск, але да сёння ў Гродна застаюцца творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з мінскіх калекцый, унікальныя фотаздымкі ювелірных вырабаў і інтэр’ераў Нясвіжскага замка. Перадача такіх прадметаў унутры краіны ў родныя музеі, напрыклад, у Нясвіж, зрабіла б іх больш навуковымі калекцыямі. Акрамя таго, такая сістэматызацыя дазволіла б даследчыкам засяродзіцца на пошуку менавіта тых прадметаў, якія сапраўды знаходзяцца за межамі Беларусі. Аднак музейшчыкі не спяшаюцца развітвацца з гэтымі каштоўнасцямі, што таксама зразумела, — адзначае суразмоўнік.

— А што за гісторыя з партрэтам Кацярыны II, які аказаўся партрэтам Ганны Радзівіл?

— У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваецца партрэт Ганны Крысціны Радзівіл з Любамірскіх, які лічыўся партрэтам імператрыцы Кацярыны ІІ (апошні факт уратаваў твор ад перадачы ў 1950 г. у Польшчу). На партрэце ёсць характэрны нумар белай фарбай, які адпавядае інвентару нясвіжскай калекцыі за 1857 год. Сама выява візуальна нагадала гравюру Гірша Ляйбовіча, што цалкам пацвердзілася пры больш дэтальным параўнанні. Найчасцей, пры атрыбуцыі партрэта — невядомай асобе вяртаецца імя, а твор аднаўляе сваю гісторыю. А ўвогуле, такое часам бывае з прадметамі мастацтва — калі тое, што падавалася адным, на самай справе аказваецца іншым. Гэта дадае даследаванням складанасці, але і цікавасці таксама. 

«Патрэбна ведаць, што мы страцілі»

— Нядаўна вы адшукалі кнігі з Горaцкай акадэміі, страчаныя ў гады вайны. Што гэта за кнігі і ў чым іх каштоўнасць? Чаму яны зацікавілі нацыстаў?

— У Германіі створаны спецыяльны сайт Lost Art Internet Database, дзе музеі і прыватныя калекцыянеры з розных краін змяшчаюць інфармацыю пра прадметы, страчаныя ў выніку дзеянняў нацыстаў. На гэтым жа сайце ёсць і звесткі пра выяўленыя творы, уладальнік якіх невядомы. Сярод такіх прадметаў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы Свабоднага ўніверсітэта Берліна (Universitätsbibliothek der Freien Universität Berlin) супрацоўнікамі бібліятэкі было выяўлена 44 кнігі з бібліятэкі Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і 1 кніга з бібліятэкі Акадэміі навук Беларусі. На іх старонках захаваліся штампы, нумары і надпісы, што пацвярджаюць паходжанне. Кнігі па батаніцы, глебазнаўстве, сістэматыцы раслін... Найперш нацыстаў цікавілі прадметы, звязаныя з яўрэйскай культурай, масонствам, а таксама савецкай ідэалогіяй. Напрыклад, яны хутчэй за ўсё вывезлі карціны савецкіх мастакоў у Рацібор, а потым планавалі перавезці ў Буксхайм. Вывозілі творы, якія былі, на думку захопнікаў, звязаны з нямецкай культурай, паказвалі спрадвечную прысутнасць германскіх плямёнаў на гэтых землях. Напрыклад, гарматы з нясвіжскага замка, якія знаходзіліся ў Мінску, перавезлі ў 1943 годзе ў Берлін. Пасля вайны гарматы вярнулі ў СССР, але ў Нясвіж, дзе выдатныя творы мастацтва знаходзіліся з XVI стагоддзя, яны ўжо не трапілі. Сёння гэтыя гарматы знаходзяцца ў Польшчы і Расіі.

— Як практычна ажыццяўляецца пошук страчаных культурных каштоўнасцяў, вывезеных з БССР? Як іх шукаеце менавіта вы? 

— Для пошукаў страчаных твораў патрэбна ведаць, што мы страцілі, што захоўвалася ў даваенных музейных калекцыях. Пастаянна праглядаць спецыяльныя сайты — музеяў, аўкцыёнаў і г. д. Праблема пошукаў ускладняецца адсутнасцю навукова выверанай базы страт нашых музейных твораў. На сёння існуе пералік культурных каштоўнасцяў, перамешчаных з тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны, які налічвае 694, па іншых даных — 704 пазіцыі. Аднак насамрэч у гэтым спісе ёсць творы, якія вярнуліся і сёння знаходзяцца ў музеях Беларусі, ёсць тыя, якія апынуліся ў замежных зборах, ёсць страчаныя ўжо ў пасляваенны час. У пераліку пад адной пазіцыяй можа быць пазначана шмат прадметаў: напрыклад, пад № 378 запісана 957 карцін. Таму варта быць уважлівымі, каб не шукаць ужо знойдзенае. Асабіста я складаю спісы музейных прадметаў, якія захоўваліся да вайны ў нашых калекцыях. Гэтыя спісы пастаянна ўдакладняю і дапаўняю. Часта даводзіцца чуць, што мы не можам даказаць паходжанне твораў з Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, бо не захаваліся інвентарныя кнігі музея, і толькі калі на творы ёсць наклейка галерэі, можна ўпэўнена казаць пра прыналежнасць да нашых калекцый. Насамрэч, гэта не так. Існуюць іншыя дакументы, якія дазваляюць амаль поўнасцю віртуальна аднавіць калекцыю ДКГ БССР. Дзякуючы гэтым звесткам я склаў спіс твораў з галерэі, які налічвае амаль 900 прадметаў. Многія карціны са спіса маюць дакладныя памеры і апісанні. Удалося знайсці нават фотаздымкі шэрагу твораў, што павялічвае шанц на вяртанне карцін у Беларусь.

Дарэчы, «дэтэктыўны элемент» у гэтых пошуках таксама прысутнічае — прычым амаль заўжды, усміхаецца навуковец. 

— Па дакументах было вядома, што ў Савецкі Саюз вярнулі партрэт Аляксандра Энгельгарта, — расказвае Анатоль Сініла. — Аднак не ў Мінск. Месцазнаходжанне твора доўгі час не ўдавалася ўстанавіць. Дзякуючы Дзяржкаталогу музейнага фонду Расійскай Федэрацыі выявіў, што партрэт гэтай асобы захоўваецца ў Дзяржаўным музейна-выставачным цэнтры «РОСИЗО» ў Маскве. Каб праверыць гіпотэзу, што гэта твор з беларускіх даваенных збораў, напісаў у цэнтр «РОСИЗО», пералічыўшы ў лісце нумары, якія могуць быць на адвароце. Усе пазначаныя нумары і былі на гэтым партрэце. Праверыўшы іншыя творы з калекцыі музейна-выставачнага цэнтра, адшукаў яшчэ чатыры нашы карціны. Падобная гісторыя была і з прадметамі ў Ізраілі. У 2019 годзе калега даслаў фота штампа на кабалістычным світку. На фотаздымку ясна чытаўся надпіс: «Беларускі Дзяржаўны Музэй». Прагледзеўшы сайт Музея Ізраіля, дзе захоўваецца світак, выбраў прадметы, фота якіх супадала з апісаннямі ў даваеннай інвентарнай кнізе Мінскага сацыяльна-гістарычнага музея, а таксама мелі беларускае паходжанне — Мір, Клецк. У лісце ў Музей Ізраіля выказаў думку, што прадметы, верагодна, былі вывезены нацыстамі з Мінска і на творах могуць прысутнічаць нумары. Дзякуючы сумеснай рабоце ўдалося пацвердзіць паходжанне згаданых прадметаў з музея ў Мінску і знайсці іншыя прадметы і кнігі, а таксама высветліць гісторыю перамяшчэнняў твораў пасля вайны.

«Самы „рабочы“ варыянт — абмен»

— З якімі краінамі вы працуеце? У якіх самых аддаленых ад Беларусі пунктах сёння знаходзяцца прадметы мастацтва, звязаныя з беларускай гісторыяй і культурай?

— Па магчымасці супрацоўнічаю з усімі краінамі, дзе, як мяркую як даследчык, могуць быць нашы прадметы. Самыя інтэнсіўныя кантакты апошніх гадоў — Расія, Ізраіль, ЗША. Ёсць публікацыі не толькі пра ўласна беларускія культурныя каштоўнасці, але і пра страты іншых музеяў СССР: карціны А. Г. Венецыянава з Дзяржаўнага рускага музея, творы з Дзяржаўнага музея-запаведніка «Гатчына». Акрамя Германіі, нашы карціны маглі апынуцца ў ЗША, Вялікабрытаніі. Хутчэй за ўсё менавіта ў ЗША трапіла частка прадметаў з Яўрэйскага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея. У Расіі найбольш далёкі пункт, вядомы на сёння, дзе знаходзяцца два партрэты, — гэта Омск.

— А ці можна сёння, праз столькі гадоў, вярнуць страчаныя каштоўнасці дадому, у Беларусь, нават калі яны знойдзены? 

— Музеі, як я ўжо казаў, вельмі не жадаюць нешта перадаваць са сваіх фондаў. Узнікае шмат пытанняў перадзелу музейных калекцый. І гэта характэрна не толькі для замежных музеяў, але і для беларускіх. Прыклады суседніх краін дадаюць аптымізму. На сёння, як падаецца, самы «рабочы» варыянт — гэта абмен. У Вялікім Ноўгарадзе ёсць беларускія абразы і карціны, якія туды трапілі з Германіі пасля Перамогі. У нас таксама знаходзяцца карціны з падобным лёсам з музея Вялікага Ноўгарада, перададзеныя памылкова ў Мінск пасля вайны. Ёсць прадметы і з іншых музеяў на тэрыторыі СССР, якія лічацца зніклымі ў вайну. Мяркую, што інтэнсіўнае і мэтанакіраванае супрацоўніцтва ў гэтым кірунку, безумоўна, прынясе плён. Апошнім часам вялікі ўклад у пошук культурных каштоўнасцяў робіць Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь. У супрацоўніцтве з ёй для Інтэрпола былі падрыхтаваны фармуляры на прадметы, якія мы расшукваем, зроблены запыты ў архівы. Вяртанне нават аднаго такога прадмета на радзіму мае вялізарнае значэнне і дзеля гэтага патрэбна нястомна працаваць!

Аляксандра Анцэлевіч
На фота
1. Партрэт Ганны Крысціны Радзівіл, які лічыўся партрэтам імператрыцы Кацярыны ІІ.
2. Гравюра Ляйбовіча, што дапамагла мастацтвазнаўцам удакладніць, хто ж за асоба на партрэце.
3. Анатоль Сініла.
4. Штамп на кнігах з Горацкай акадэміі.
5. Абраз з даваеннай калекцыі ДКГ БССР, 1750 г. Зараз захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Украіны (Кіеў).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю