Top.Mail.Ru

Як наведаць пушкінскія мясціны ў Мінску?

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры да 27 красавіка можна пазнаёміцца з фотавыстаўкай «Чароўныя мясціны» са збору Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродналандшафтнага музея-запаведніка А. С. Пушкіна «Міхайлаўскае».


Здымкі выдатных мясцін зрабіў фатограф-аматар — дырэктар Пушкінскага запаведніка Георгій Васілевіч. 

З беларускага боку адкрыццю выстаўкі паспрыялі яе куратар Ірына Князева і, вядома, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік. Падчас адкрыцця экспазіцыі кіраўнік установы адзначыў: 

— Гэтую выстаўку мы чакалі вельмі доўга і спадзяёмся, што тыя краявіды, тыя мясціны, якія можна ўбачыць на ёй, дапамогуць адчуць антураж, эпоху, захаваную ў музеі-запаведніку «Міхайлаўскае». У музея гісторыі беларускай літаратуры з Пушкінскім запаведнікам склаліся добрыя адносіны. Амаль штогод робім выстаўкі, якія радуюць гледача, можам экспанаваць некаторыя прадметы, звязаныя з жыццём і творчасцю айчынных пісьменнікаў, у «Міхайлаўскім». Між тым набываем неабходныя веды для таго, каб і ў нашым музеі наводзіць прыгажосць, якая пануе там. 

Георгій Васілевіч, які прадставіў на суд беларускага гледача свае здымкі, кіруе музеем-запаведнікам «Міхайлаўскае» з 1994 года. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі, заслужаны работнік культуры. Ураджэнец Мінска, ён яшчэ і ўладальнік медаля Францыска Скарыны за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё міжнародных культурных сувязей. 

— Наведаць пушкінскія мясціны варта ў любую пару года. Паверце, яны застануцца ў вас у памяці, — раіць Георгій Мікалаевіч. — Гэты куток вялікі паэт напісаў па-новаму, цэлы свет XIX стагоддзя — пушкінскі свет. Хоць, дарэчы, не такое прывольнае наведванне туды восенню — у гэты перыяд край асабліва папулярны ў турыстаў, і музей прымае да 200 тысяч наведвальнікаў... 

Георгій Васілевіч можа гадзінамі расказваць пра творчасць паэта, знакамітыя мясціны, любімыя сцяжынкі... Падчас адкрыцця экспазіцыі ён паведаміў цікавыя факты з жыцця запаведніка, распавёў пра свае прыхільнасці ў фатаграфіі, пра «Міхайлаўскае» як невычарпальную крыніцу натхнення... Між іншым, здымае ён на фотаапарат без зменных аб’ектываў, бо за час, які патрабуе наладжванне тэхнікі, імгненне сыходзіць, патрэбны кадр не схопіш, лічыць Георгій Мікалаевіч.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю