Геапалітычная нестабільнасць, узмацненне міграцыйных патокаў, эканамічныя крызісы і аднабаковыя абмежаванні — ідэальныя ўмовы для міжнароднай злачыннасці. Таму нядзіўна, што тэрыторыя нашай краіны выкарыстоўваецца злачынцамі для транзіту наркотыкаў. Аб тэндэнцыях гэтага нелегальнага бізнесу і мерах барацьбы з ім расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Андрэй Кудрыцкі.
Калі раней найбольшую ўдзельную вагу ў канфіскаваных наркотыках складалі транзітныя партыі вагой каля 100 кг, то сёння аператыўнікі ўсё часцей ускрываюць грузы вагой у тону і больш. На ўнутраны ж наркарынак наркотыкі і псіхатропы паступаюць адносна невялікімі партыямі — да 3 кг.
Дарэчы, у снежні 2025-га беларускія таможнікі перакрылі канал пастаўкі амаль 1,3 тоны — гэта найбуйнейшая канфіскацыя забароненых рэчываў за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі.
Груз рухаўся з Польшчы транзітам праз Беларусь у Расію, замаскіраваны пад партыю мінеральнай вады. Супрацоўнікі аператыўнай таможні выявілі 8 тысяч брыкетаў гашышу агульнай масай 915 кілаграмаў і 50 каробак з 367 кілаграмамі мефедрону. Па ацэнцы спецыялістаў, кошт перахопленай партыі на чорным рынку дасягае 62 мільёнаў долараў. Пасля затрымання грузавіка беларускія спецыялісты сумесна з расійскімі калегамі правялі серыю аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. У выніку былі ўстаноўлены і затрыманы члены міжнароднай злачыннай групы.
Дарэчы, удзел замежнікаў у падобных злачынствах не рэдкасць. «У 2025 годзе было затрымана 128 замежнікаў, якія маюць дачыненне да незаконнага абароту наркотыкаў. Пераважная большасць з іх — 94 чалавекі — займалася захоўваннем, перамяшчэннем і перавозкай забароненых рэчываў з мэтай іх збыту», — адзначыў Андрэй Кудрыцкі.
Яшчэ 2-3 гады таму наркотыкі і псіхатропы перавозілі ў газавых балонах легкавога аўтатранспарту. Пасля перакрыцця канала — у колах велікагрузных аўтамабіляў, затым у пакетах з угнаеннямі, у банках з кансервантамі, фарбай. Наркотыкі таксама хавалі ў грузавых вагонах і бытавой тэхніцы.
Летась у Мінску затрымалі грамадзяніна суседняй краіны. Пры вобыску па месцы яго пражывання і ў абсталяваных тайніках аператыўнікі знайшлі больш за 36 кілаграмаў псіхатропаў — мефедрону і альфа-PVP. Як высветлілася, забароненыя рэчывы дастаўляліся ў Беларусь з Польшчы. Кур’ерамі выступалі кіроўцы рэйсавых аўтобусаў — псіхатропы хавалі ў звычайныя кансервавыя слоікі з садавіной. У далейшым затрымалі яшчэ траіх — гэтым разам грамадзян Беларусі. Яны спрабавалі набыць рэчывы для адной з інтэрнэт-крам па продажы наркотыкаў.
Такія злачынствы, як кантрабанда наркотыкаў, даўно страцілі дзяржаўныя межы. Таму і процідзеянне ім патрабуе комплекснага падыходу, аператыўнага абмену інфармацыяй і адладжаных механізмаў міжнароднага ўзаемадзеяння.
«Нягледзячы на санкцыйны ціск, Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі адкрыта для абмену інфармацыяй у дачыненні да ўсіх катэгорый злачынцаў, у тым ліку ўдзельнікаў міжнароднага наркатрафіку, а таксама для сумесных расследаванняў у інтарэсах краін рэгіёна», — падкрэсліў Андрэй Кудрыцкі.
Міжнароднае міжведамаснае ўзаемадзеянне будзе прадоўжана. Сярод партнёраў — кампетэнтныя органы па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў дзяржаў — членаў АДКБ, краіны СНД, Грузія, краіны — удзельніцы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і іншыя.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц