Магілёўскія дэпутаты плённа працуюць над задачамі, якія ставіць перад народам дзяржава. Выхаванне гарманічнай і духоўна багатай асобы — адзін з прыярытэтаў беларускай палітыкі. У горадзе рэалізуецца шмат цікавых праектаў, якія садзейнічаюць гэтаму.
Летась у Магілёве ад рукі перапісалі эпахальную трылогію Канстанціна Сіманава «Жывыя і мёртвыя».
— Стварэнне рукапіснай версіі кнігі прапанавалі менавіта члены маладзёжнага Савета пры гарсавеце дэпутатаў, — расказвае старшыня Магілёўскага гарсавета Святлана Сташэўская.— Ідэя нарадзілася ў маі мінулага года, пасля выступлення нашага Прэзідэнта ў Валгаградзе. Ён казаў пра недапушчальнасць скажэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і рабяты вырашылі, што калі яны перапішуць ад рукі раман аб гераічнай абароне Магілёва, гэта прыцягне ўвагу людзей, падштурхне зноў успомніць пра тыя падзеі. Да праекта падключыліся вучні ўсіх школ Магілёва, навучэнцы каледжаў і спецыяльных устаноў адукацыі, студэнты, грамадскія аб’яднанні, палітычныя партыі, гарвыканкам, дэпутаты. Дзеці аформілі старонкі лагатыпам васьмідзесяцігоддзя Перамогі. Праект усіх вельмі аб’яднаў, да яго далучылася сотні людзей.
Яшчэ адна ініцыятыва наўпрост пераклікаецца з такім прыярытэтам дзяржаўнай значнасці як дэмаграфічная бяспека. Гарсавет сумесна з Беларускім саюзам жанчын арганізаваў сустрэчу маладых магіляўчанак з намеснікам дырэктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Інай Салдаценка. Да акцыі «Здароўе жанчыны — здароўе нацыі» далучыліся Цэнтральная паліклініка Магілёва, прадпрыемствы горада. Была арганізаваная выстаўка, дзе прадстаўнікі харчовай прамысловасці паказалі, якія карысныя для здароўя прадукты вырабляюць.
— Робім усё для таго, каб гэта акцыя была для Магілёва традыцыйнай, — удакладняе суразмоўніца. — Слоган пра здаровую нацыю гаворыць сам за сябе. Мы працуем над тым, каб як мага больш жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту ведалі, якія небяспекі для іх здароўя існуюць і як іх пазбегнуць. Вядома таксама, што здароўе наўпрост залежыць ад таго, што мы ядзім. Таму і выстаўка была арганізаваная з улікам гэтага.
Беларусы пазіцыяніруюць сябе як прыхільнікаў традыцыйнай сям’і, дзе ў згодзе і любові паміж мужчынам і жанчынай нараджаюцца і выхоўваюцца дзеці.
— У нас мноства сем’яў, дзе муж з жонкай жывуць у шлюбе шмат гадоў, і іх досвед неацэнны, — кажа Святлана Сташэўская. — Мы вырашылі, што вельмі карысна будзе праводзіць сустрэчы паміж імі і маладымі сем’ямі, а таксама парамі, якія толькі плануюць уступіць у шлюб. Вопытныя сужэнцы раскажуць, як складвалася іх сямейнае жыццё, якія цяжкасці даводзілася пераадольваць. Плануем праводзіць такія сустрэчы раз у два месяцы. Мэта — паказаць моладзі перавагі доўгатэрміновага сумеснага жыцця.
2026 год толькі пачаўся, але магілёўскія дэпутаты думаюць ужо пра заўтрашні дзень. Наступны 2027-ы для Магілёва юбілейны і пройдзе пад знакам яго 760-годдзя. А гарсавет дэпутатаў адзначыць 110 гадоў з дня свайго заснавання.
— Збіраемся сёлета распрацаваць бестэрміновы перакідны каляндар, дзе кожная дата будзе звязана з той ці іншай падзеяй у жыцці Магілёва, — расказвае дэпутат. — Для таго, каб каляндар быў цікавы і змястоўны, інтэрнэтам не абыдзешся. Трэба папрацаваць у бібліятэцы і добра прааналізаваць мясцовую перыёдыку. Да Дня горада правядзём конкурс аматарскіх праектаў на афармленне дат календара. Каб усё ахапіць, збіраемся падключыць установы адукацыі. Хочацца, каб нашы школьнікі пайшлі ў бібліятэкі і паднялі падшыўкі газет. Мне сумна чуць, калі кажуць, што газеты — гэта мінулае. Яны вельмі памыляюцца. Гэта ж наша гісторыя. Хацелася б, каб дзеці зразумелі, якую карысць прыносіць друкаванае слова. Будзем мяккай сілай мяняць светапогляд людзей.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Святланы СТАШЭЎСКАЙ