Пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу — другое па ліку ў яго новым канстытуцыйным статусе — пройдзе ў красавіку. Аб гэтым паведаміў Старшыня УНС, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Прэзідыуме УНС.
Фактычна быў дадзены старт падрыхтоўцы гэтага важнага форуму, падчас якога дэлегаты, якія цяпер выбіраюцца на пяць гадоў, вызначаюць асноўныя кірункі, па якіх будзе рухацца краіна.
УНС у новым статусе — гэта адзін з найважнейшых паказчыкаў рэформы нацыянальнай палітычнай сістэмы. Яго рашэнні, прапановы, якія гучалі падчас першага пасяджэння ў красавіку мінулага года, таксама паўплывалі на выбудоўванне новай дзяржаўнай архітэктуры.
Карэспандэнты «Звязды» пацікавіліся ўласна ў дэлегатаў УНС, што ў палітычнай архітэктуры краіны змянілася з красавіка мінулага года і якія іх чаканні ад новага пасяджэння.
Генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя», член Савета Рэспублікі Людміла Сапега:
«Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, пасяджэнне УНС, якое мае адбыцца ў красавіку, другі раз пройдзе ў новай для дэлегатаў якасці. У адпаведнасці з прынятымі навеламі ў Канстытуцыі краіны, УНС не дубліруе, а дапаўняе іншыя галіны ўлады, прымаючы рашэнні глабальнага характару. На папярэднім пасяджэнні дэлегаты прынялі асноўныя для бяспекі дзяржавы дакументы — Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, вызначылі асноўныя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на найбліжэйшую пяцігодку.
Гэтым разам УНС як кантралявальны орган у тым ліку ўпершыню заслухае даклад прэм’ер-міністра краіны па выніках работы за пяць гадоў і перспектывах на будучыню. Акрамя таго, дэлегатам трэба будзе прыняць шэраг асноўных кадравых рашэнняў, што стане чарговым крокам у прыцягненні шырокіх народных мас да ўдзелу ў дзяржаўным будаўніцтве. Бо дэлегаты прадстаўляюць не толькі ўсе рэгіёны Беларусі, але і ўсе сацыяльныя, рэлігійныя і ўзроставыя пласты грамадства.
Аднак найбольшая ўвага не толькі дэлегатаў УНС, але і ўсіх беларусаў будзе прыкавана да маючага адбыцца Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту, якое, напэўна, стане праграмным дакументам для далейшага развіцця і ўмацавання нашай краіны. Асноўныя ўмовы для вырашэння задач, якія стаяць перад беларускім народам у ходзе рэалізацыі пяцігодкі якасці, Аляксандр Лукашэнка ўжо агучыў на нядаўнім пасяджэнні Прэзідыума УНС — пачынаць трэба з аптымізацыі кіраўніцкіх працэсаў, татальнай дэбюракратызацыі і жалезнай выканальніцкай дысцыпліны».
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі «Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа», член Савета Рэспублікі Ала Смаляк:
«Наданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйнага статусу стала важным крокам удасканалення сістэмы дзяржаўнага кіравання, узмацнення народаўладдзя.
Народнае веча надзелена найсур’ёзнейшымі паўнамоцтвамі. І, вядома, найсур’ёзнейшая адказнасць ускладаецца на дэлегатаў УНС. Гэта адказнасць у цэлым за будучыню краіны, за яе росквіт, упэўнены рух наперад.
Пры гэтым дэлегаты — а гэта прадстаўнікі самых розных сфер — не толькі вызначаюць ключавыя арыенціры ўнутранай і знешняй палітыкі, сацыяльна-эканамічнага развіцця і гэтак далей, але і тлумачаць, даносяць сутнасць найважнейшых праграмных дакументаў, прынятых рашэнняў людзям на месцах. Адначасова ў дыялогу з грамадзянамі збіраюць і акумулююць інтарэсы, пытанні, тэмы, якія павінны быць у фокусе дзяржаўнай палітыкі.
Несумненна, УНС у яго новым канстытуцыйным статусе ўсё больш і больш набірае сілу, якая аб’ядноўвае і згуртоўвае ўсіх грамадзян нашай краіны ў вырашэнні задач развіцця беларускай дзяржаўнасці, умацавання стабільнасці ў грамадстве, захавання міру, бяспекі, згоды на нашай зямлі. У цэлым канстытуцыйныя навацыі, якія датычацца пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж Прэзідэнтам, парламентам, урадам, мясцовымі органамі кіравання і самакіравання, накіраваны на павышэнне эфектыўнасці ўсіх галін улады».
Старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Кацярына Зенкевіч:
«У красавіку 2024 года ў Рэспубліцы Беларусь упершыню ў канстытуцыйным статусе адбылося пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу. Яго Старшынёй быў выбраны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, які, згодна з Канстытуцыяй, звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і парламента. У сваім Пасланні кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для захавання суверэнітэту, незалежнасці, міру на беларускай зямлі мы павінны быць моцнымі. І мы ідзём менавіта гэтым курсам. Даказваем усім, што наша сіла — гэта традыцыі, сапраўдныя каштоўнасці, гістарычная спадчына. У вышэйшым органе народаўладдзя прадстаўлены ўсе пласты нашага грамадства, і самыя розныя катэгорыі грамадзян уключаны ў найважнейшыя працэсы ў жыцці краіны. Гэта і ёсць сведчанне сапраўднай народнай дэмакратыі. Быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу — значыць рабіць свой унёсак у развіццё краіны, узяць на сябе адказнасць за яе будучыню, бо менавіта на народным веча ў красавіку гэтага года будуць вызначаны новыя стратэгічныя кірункі развіцця нашага грамадства і дзяржавы».
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Ірына Даўгала:
«Усебеларускі народны сход стаў неад’емнай часткай палітычнай сістэмы Беларусі. Трэба заўважыць, што сёлета сваю работу працягвае VІІ Усебеларускі народны сход, першае пасяджэнне якога прайшло ў красавіку 2024 года. Гэта значыць, на другое пасяджэнне прыедуць дэлегаты, якія былі выбраны летась, яно адбудзецца ў тым жа складзе.
Мы ўжо год жывём па Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыне, якую прымалі дэлегаты УНС. Гэта найважнейшыя дакументы, якія накіраваны, у першую чаргу, на захаванне міру і суверэнітэту Беларусі. Пры гэтым цалкам дакладна не за кошт іншых краін і не на шкоду іншым дзяржавам, але выключна за кошт міралюбівай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Гэтыя дакументы, як і наша Канстытуцыя, маюць толькі абарончы характар.
Новае пасяджэнне, якое ўжо анансаваў Старшыня УНС, будзе мець насычаны парадак дня і вялікае значэнне для жыцця беларусаў. Гэта і кадравыя пытанні ў сувязі са зменай урада пасля прэзідэнцкіх выбараў, і пытанні падрыхтоўкі новай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, і шэраг іншых.
У дэлегатаў УНС маюцца паўнамоцтвы, якія дакладна акрэслены ў Законе „Аб Усебеларускім народным сходзе“, і гэтымі паўнамоцтвамі яны карыстаюцца. Размова пра тое, што дэлегаты УНС могуць выступаць і з канстытуцыйнымі, і з заканадаўчымі ініцыятывамі, уносіць прапановы па дзяржаўных святах... Але самае галоўнае паўнамоцтва — зацвярджэнне ўнутранай і знешняй палітыкі краіны».
Генеральны дырэктар агенцтва «Мінск-навіны», дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Крывашэеў:
— Прэзідэнт нашай краіны паслядоўна выконвае рашэнне аб перадачы часткі паўнамоцтваў ураду, губернатарам. Якраз днямі кіраўніком дзяржавы абмяркоўваліся пытанні паўнамоцтваў вертыкалі ўлады, работы старшыняў раённых і гарадскіх выканкамаў. Акрамя таго, я думаю, што новыя паўнамоцтвы і адказнасць будзе ўскладзена на старшыняў базавых Саветаў дэпутатаў. Без іх не зацвярджаюцца ніякія бюджэты, не вырашаюцца многія пытанні. Яны якраз і выступаюць, у добрым сэнсе гэтага слова, лабістамі развіцця сваіх рэгіёнаў.
Дэлегаты УНС — унікальныя людзі з важным жыццёвым вопытам і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Я думаю, што на наступным Усебеларускім народным сходзе будуць рэальна пазначаны стратэгічныя і тактычныя мэты. Будуць падняты і тыя жыццёвыя сітуацыі, з якімі сутыкаюцца нашы грамадзяне і якія мы, як дэпутаты, збіраем у сваіх акругах. Напрыклад, праблема чыстай вады доўгія гады заставалася ва ўсіх на слыху. Якраз-такі праз Прэзідэнта, праз нашых дэпутатаў і звярталіся мінчане. Пасля пераводу сталіцы на забеспячэнне вадой з падземных крыніц мы атрымалі каласальны, як гэта можна сёння казаць, фідбэк ад насельніцтва. Гэта тое, што не змагла рэалізаваць савецкая ўлада, але змагла рэалізаваць наша пры актыўнай падтрымцы дэпутацкага корпуса сталіцы. Калі мы бачым, чуем і адчуваем такія запыты ад нашых грамадзян, тады і з’яўляецца магчымасць вынесці іх на разгляд на УНС, вырашыць іх на самым высокім узроўні. Гэта робіцца для таго, каб наша краіна станавілася лепшай з кожным днём.
Даслоўна
Яркая падзея стратэгічнага характару
У эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» дэкан факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, палітолаг Аляксей Бяляеў выказаў меркаванне, чаго чакаць ад чарговага пасяджэння УНС.
Эксперт нагадаў, што, згодна з Канстытуцыяй, УНС з’яўляецца стратэгічным органам, які вызначае асноўныя кірункі знешняй і ўнутранай палітыкі:
— Прэзідэнцкімі выбарамі мы, зыходзячы са змяненняў, унесеных у Канстытуцыю, завяршылі фарміраванне нашай новай палітычнай сістэмы. На УНС у красавіку будзе заслухоўвацца справаздача прэм’ер-міністра. Ён павінен будзе агучыць тыя вынікі, якіх дасягнуў урад за мінулы год. Год, з аднаго боку, быў няпростым, а з другога — досыць стабільным.
Таксама, па словах Аляксея Бяляева, можна будзе ацаніць, як працуюць органы ўлады ў новай канфігурацыі палітычнай сістэмы:
— Безумоўна, узнікае пытанне пастаноўкі задач на новую пяцігодку. Мы павінны кантраляваць і зменлівыя ўмовы вакол нас, і прыход Трампа да ўлады ў ЗША, і іншыя пытанні. Гэта ўсё не можа не быць адлюстравана ў выступленні Аляксандра Лукашэнкі на УНС. Акрамя таго, Усебеларускі народны сход павінен ператварыцца ў рабочы орган. Павінен быць адпрацаваны і механізм дзейнасці яго прэзідыума. Магчыма, раней у перадвыбарны перыяд на гэта не звярталі ўвагі. Цяпер жа гэты механізм трэба наладжваць. Увогуле, чакаецца сур’ёзная работа. УНС — гэта буйная і яркая падзея стратэгічнага характару.