Top.Mail.Ru

Як на месцах добраўпарадкоўваюць месцы пахавання

Дзеля памяці і самапавагі.


Кажуць, аб стане грамадства, аб яго маральным здароўі можна меркаваць па стане могілак. Беларусы, чые продкі спрадвеку ляжаць менавіта ў гэтай зямлі, заўжды з павагай ставяцца да родных магіл. Напярэдадні дзён памяці, якія сёлета супалі ў праваслаўных і каталікоў (1 лістапада і Дзмітрыеўская бацькоўская субота, і дзень Усіх Святых) нашы карэспандэнты ў рэгіёнах высветлілі, як наводзіцца парадак на месцах вечнага спачыну.

Талака па-халамерску

Вёска Халамер’е знаходзіцца на самым ускрайку Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці, але прагрэсіўны вопыт яе жыхароў варты пераймання.

З год таму на агульным сходзе яны звярнулі ўвагу на непрывабны стан мясцовых могілак — месца, дзе спачываюць халамерцы і жыхары суседніх вёсак Маісеева і Мішуціна. Хто ж навядзе тут парадак, калі не мы? Такім пытаннем задаліся энтузіясты з сельскай глыбінкі — і вырашылі дзейнічаць.

Для добраўпарадкавання патрэбны найперш арганізатары, тады — грошы. Актывісткі Святлана Ваявода і Ніна Склімянок вызваліся іх збіраць. Сродкаў, сабраных за кошт самаабкладання, па 20 рублёў са двара, неставала. Ніна ўзялася турбаваць ураджэнцаў халамерскага краю, якіх лёс раскідаў па свеце, аднак жа іх бацькі і родныя знайшлі апошні прытулак на халамерскіх могілках.

— Шукала людзей праз сацыяльныя сеткі, даведвалася адрасы і нумары тэлефонаў праз магчымых знаёмых. Шукала ва ўсіх абласцях Беларусі, у Расіі і Малдове, Украіне і Ізраілі, — успамінае Ніна Склімянок. — Тлумачыла, што мы задумалі, прасіла дапамогі. Ведаеце, многія расчульваліся, бо па розных прычынах не маюць магчымасці наведваць родныя магілы: замінаюць адлегласць, граніцы, узрост, стан здароўя. Але справу лічылі патрэбнай і высакароднай, адгукаліся адразу. Перадавалі ў агульную скарбонку хто колькі мог.

Сход вырашыў, што найперш трэба пабудаваць агароджу з франтальнага боку. Першую закупку металічных пралётаў агароджы, слупоў, камплектуючых частак зрабілі ўзімку. Няўрымслівая Ніна шукала, дзе танней, аб’ехала ўсе даступныя гандлёвыя крамы, хацелася па-гаспадарску расходаваць народныя грошы. Слупы купілі нефарбаваныя і загадзя фарбавалі самастойна.

Але здарылася нечаканае і прыемнае: пачало працаваць сарафаннае радыё. Ахвяраванні перадалі каля 200 чалавек. Такім чынам да наступлення цяпла ўдалося набыць агароджу яшчэ на два бакі могілак.

— Мы выйшлі на першы суботнік, — згадвае Ніна Склімянок. — Рупліва працавалі цэлы дзень: жанчыны выграбалі траву, высякалі хмызнякі, мужчыны, прыцягнуўшы з уласных падворкаў неабходныя прылады — бетонамяшалку, бензабур і іншае — устанаўлівалі слупы, замацоўвалі на іх агароджу.

Прыкмеціла і ацаніла пачын халамерскай талакі старшыня Гарадоцкага райвыканкама Ірына Палякова, дапамагала з арганізацыяй падвозу гравію, грэйдзіраваннем дарогі. Старшыня райсавета Святлана Зуева падключыла інфармацыйныя рэсурсы, каб звесткі аб змяненнях, ініцыяваных жыхарамі, сталі вядомыя шырокай аўдыторыі. Гарадоцкае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак устанавіла каля могілак кантэйнерныя пляцоўкі для збору смецця і раслінных адходаў. Усім светам, як кажуць.

— Калі на Тройцу на могілкі па традыцыі з’ехаліся людзі, як яны нам усім дзякавалі, плакалі! — расказвае Ніна Склімянок. — Могілкі пасвятлелі, пачысцелі. Мы ж навялі парадак і на тых магілках, чые родныя дапамаглі грашыма, але не могуць прыехаць асабіста. Нават рабілі фотасправаздачы.

На сёння халамерскія могілкі маюць акуратную металічную агароджу даўжынёй 200 метраў з трох бакоў. Яе ўсталяванне абышлося ў крыху больш як 5 тысяч рублёў, без уліку кошту вытворчасці работ — іх местачкоўцы выконвалі бясплатна. Ёсць упэўненасць, што згуртаваныя працавітыя халамерцы справяцца і з апошнім, чацвёртым бокам. Ім па сілах. А вам?

Стала менш безыменных крыжоў

У Семукацкім сельсавеце Магілёўскага раёна могілкі даўно ўжо знаходзяцца на балансе мясцовага «Жылкамгаса». Але дэпутатам таксама тут работы хапае. Калі трэба абкасіць тэрыторыю або паставіць агароджу, яны кааперуюцца і едуць працаваць разам. Насельніцтва таксама падключаецца. У выніку работа атрымліваецца больш рэзультатыўная.

Сёлета ў Семукацкім сельсавеце замянілі агароджу на сельскіх могілках у вёсцы Алень і адрамантавалі ў Гарадзішчы.

— Матэрыял быў закуплены і прывезены «Жылкамгасам», усё астатняе рабілі сельсаветам разам з арганізацыямі і насельніцтвам, — расказвае старшыня Семукацкага сельсавета Тамара Укружская. — Устанавілі і пафарбавалі агароджу, добраўпарадкавалі тэрыторыю. Пра астатнія могілкі таксама не забываем. Адсочваем, каб смецце не назапашвалася ў спецыяльна адведзеных для яго складзіравання месцах. Прычым увесь час, а не толькі перад Вялікаднем ці іншымі памінальнымі датамі.

Усяго на тэрыторыі сельсавета 12 грамадзянскіх могілак, усе яны знаходзяцца на значнай адлегласці. Не рэдкасць, калі старшыня сельсавета асабіста падвозіць рабочых ад «Жылкамгаса» на найбольш аддаленыя з іх. На адзін вынік працуем, разважае Тамара Укружская.

На думку суразмоўніцы, апошнім часам парадку на сельскіх могілках стала больш дзякуючы інвентарызацыі.

— Кожнае новае пахаванне рэгіструецца ў сельвыканкаме, — адзначае яна. — На ўсіх могілках вісяць аб’явы, што хаваць без дазволу нельга. Нават, калі нехта прывёз з горада і самавольна пахаваў сваяка, потым прыходзіць да нас. Просіць прабачэння, што спачатку не ведаў, а потым людзі падказалі, куды трэба падысці. Але часцей усё ж такі загадзя папярэджваюць. Цяпер з гэтым вельмі строга.

Сёлета работы па добраўпарадкаванні месцаў смутку завершаныя. Налета плануецца замена агароджы яшчэ на адных могілках у вёсцы Алень. «Жылкамгас» адзін ніколі не застаецца. Ён рэальна ўсё не зможа ахапіць. Асабліва, калі нешта трэба зрабіць акрамя прыборкі. Тую ж траву абкошваем разам. Могілкі ў нас вялікія. Парадак з аварыйнымі дрэвамі навялі яшчэ некалькі гадоў таму. Усе выдалілі.

Адказнасць жыхароў — даглядаць выключна свае пахаванні. І рэдка хто гэтыя абавязкі ігнаруе.

— Калі раней прыходзілі прыбіраць свае могілкі перад Вялікаднем, то цяпер тройчы за сезон як мінімум, — кажа дэпутат. — Абкошваюць, добраўпарадкоўваюць, надмагіллі мяняюць, помнікі, агароджы. Вельмі шмат людзей звяртаецца ў сельсавет па інфармацыю аб продках, высвятляюць, калі памерлі іх бабулі, дзядулі, іншыя родныя. І тэлефануюць, і пішуць. Усё гэта сведчыць пра тое, што людзям не абыякава, як выглядаюць магілы іх сваякоў. Абазначаюць іх. Калі паглядзець даныя па інвентарызацыі за 2018 год, у нас былі адны абязлічаныя крыжы, а цяпер — амаль на кожным вісіць таблічка з імем. Людзі імкнуцца захаваць памяць ад продках.

Не чакаюць, што зробіць хтосьці

У Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці ёсць вельмі паказальны прыклад работы па добраўпарадкаванні могілак. У Дзярэчынскім сельсавеце вы не знойдзеце ніводнага аб’екта, дзе была б бязладзіца, а тэрыторыя не была б абгароджана. Што адметна, 90 % усіх работ былі выкананы жыхарамі тэрыторыі сельсавета. Там людзі добра арганізаваліся, прывялі ўсе могілкі ў парадак і цяпер падтрымліваюць яго.

Як расказаў старшыня Дзярэчынскага сельсавета Аляксандр Белякала, работа па навядзенні парадку на могілках пачалася пяць гадоў таму. Цесна працавалі са старастамі і актыўнымі грамадзянамі.

— З таго часу ў нас атрымалася абгарадзіць 7 могілак, і 6 з іх дзякуючы людзям. Мы вельмі ганарымся нашымі жыхарамі, якія ніколі не застаюцца ўбаку. Яшчэ адны могілкі абгарадзілі дзякуючы гаспадарцы, якая прыйшла на дапамогу, таму што ў населеным пункце жыве вельмі мала людзей. Калі сродкі заставаліся, пускалі іх на выдаленне аварыйных дрэў. Напрыклад, жыхары вырашылі не чакаць планавай устаноўкі агароджы на могілках Марачы. Сабралі неабходныя сродкі, старшыня потым па ўсіх дакументах даваў справаздачу, што куды пайшло. Акрамя таго, самі арганізавалі прыборку аварыйных дрэў.

— Ёсць станоўчы прыклад у Каралінскім сельсавеце ў аграгарадку Міжэрычы. Людзі неаднаразова збіралі грошы, каб прыбраць аварыйныя дрэвы. Напрыклад, таполі па гадоў 50, дрэвы масіўныя, і іх сапраўды могуць прыбраць толькі прафесіяналы, — расказаў старшыня Зэльвенскага раённага Савета дэпутатаў Вадзім Панасік.

Па яго словах, на тэрыторыі раёна размяшчаецца 47 могілак на плошчы больш як 73 гектары. Вядома, усе гэтыя могілкі неабходна трымаць у парадку, абгарадзіць, таму вядзецца вельмі цесная работа са старшынямі сельвыканкамаў, са старастамі і святарамі.

— Такое ўзаемадзеянне дапамагае аператыўна скаапераваць людзей. Святар сумесна са старастам, напрыклад, прызначаюць дату суботніка, каб людзі прыйшлі, навялі парадак, — адзначыў Вадзім Панасік. — Калі патрэбная тэхніка нейкая, яна будзе, нават інвентар знойдзецца. І тут важна, каб у цэлым грамадзяне падтрымлівалі парадак, а не толькі на тэрыторыі вызначанага пахавання, бо да магілы трэба дайсці, таму павінна быць скошана трава, дарожка роўная. Так што мы ў раёне стараемся прыцягнуць жыхароў да сумеснай працы. І гэта дае свой вынік.

Святлана ЯКАЎЛЕВА, Нэлі ЗІГУЛЯ, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю