Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік усё часцей называюць не толькі навуковай пляцоўкай вывучэння наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але і тэрыторыяй новых эксперыментальна-гаспадарчых рашэнняў. Пчалярства — адно з іх. Менавіта тут, на землях з няпростай гісторыяй, атрымліваюць экалагічна чыстае і запатрабаванае бурштынавае золата. Гэты кірунак у запаведніку развіваецца па ініцыятыве і падтрымцы Прэзідэнта.
— Менавіта кіраўнік дзяржавы ў свой час даручыў развіваць пчалярства як від эксперыментальна-гаспадарчай дзейнасці, — звяртае ўвагу дырэктар Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка Аляксей ЦІШКАВЕЦ. — За апошнія гады мы павялічылі не толькі вытворчасць таварнага мёду, але і колькасць пчальнікоў, шукаем новыя формы рэалізацыі прадукцыі.
Аб магчымасцях пчалярства тут задумаліся яшчэ 35 гадоў таму. Адзін з першых пчальнікоў адкрылі ў 1991 годзе, пачыналі з пяці пчоласем’яў.
У 1996-м на тэрыторыі Варацецкага лясніцтва Хойніцкага ўчастка з’явіўся першы эксперыментальны пчальнік. Вынік работы парадаваў — у першы ж сезон атрымалі каля 50 кілаграмаў мёду.
Новы этап развіцця пчалярства пачаўся ў 2017 годзе пасля наведвання запаведніка Прэзідэнтам Беларусі. У 2021-м падчас чарговага візіту па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы пчалярства ў запаведніку замацавалі ўжо як паўнацэнны від эксперыментальна-гаспадарчай дзейнасці. Прэзідэнт даручыў і ў далейшым развіваць падобныя кірункі, што не толькі дае магчымасць эфектыўна ўтрымліваць у парадку мясцовыя тэрыторыі, але і ствараць новыя рабочыя месцы, умовы для росту даходаў жыхароў рэгіёна.
У 2022 годзе ў Палескім запаведніку адкрылася пасека пчол «Бабчын», створаная ў рамках выканання пратакола даручэнняў Прэзідэнта. Ужо на наступны год запаведнік прадставіў свой каштоўны прадукт на І Міжнародным форуме пчалярства ў Мінску.
Сёння ў запаведніку адкрыта ўжо дзесяць пчолапасек, на якіх жыве больш за пяцьсот пчоласем’яў. Адна такая пчоласям’я за сезон прыносіць у сярэднім 27-28 кілаграмаў мёду.
У цэлым салодкага ўраджаю за лета тут збіраюць каля 10-11 тон.
— Медазборны сезон доўжыцца з красавіка да ліпеня, — расказвае ляснік-пчаляр Варацецкага лясніцтва Хойніцкага ўчастка Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка Сяргей КРАСОЎСКІ. — За нектарам пчолы лётаюць за два-тры кіламетры, таму пчальнікі ў нас размешчаны па перыметры тэрыторыі, і ў глыб яе пчала не залятае. Пад пасевы меданосаў у цэлым выдзелена больш як 100 гектараў. Сеем культуры каскадным спосабам, каб было бесперапыннае красаванне і «сталаванне» для пчолак. Вырошчваем фацэлію, баркун, грэчку, казлятнік усходні і іншыя меданосы.
Асноўных спецыялістаў, якія працуюць на пчальніках, у запаведніку 20 чалавек. Але тут клапоцяцца аб навучанні і іншых работнікаў, каб хапала кваліфікаваных кадраў для працы ў гарачы мядовы сезон, рыхтуюць і маладую змену.
Расце цікавасць да мёду з Палескага запаведніка, які сёння разыходзіцца на ўра. Мясцовы мёд карыстаецца вялікай папулярнасцю ў саміх супрацоўнікаў запаведніка. Пастаянныя пакупнікі — жыхары Хойніцкага раёна, усіх раёнаў Гомельшчыны.
— Мы прадстаўляем свой прадукт на выстаўках у розных гарадах Беларусі, — расказвае дырэктар Аляксей Цішкавец. — Два гады таму на выстаўцы «Мядовы спас» запусцілі пілотны праект і адкрылі першы пункт продажу ў сталічным універмагу «Беларусь». Прывезлі 100 кілаграмаў мёду, яго поўнасцю раскупілі за тры гадзіны. Не паспелі вярнуцца дадому, як ужо зноў прымалі заказы.
Прадукцыя з Хойнікшчыны — з розным смакам, колерам, водарам і гаючымі кампанентамі. «Наш прадукт не толькі смачны, але і абсалютна бяспечны, — пацвярджае дырэктар запаведніка. — Уся дзейнасць на тэрыторыі эксперыментальна-гаспадарчай зоны вядзецца ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства, мёд праходзіць строгі радыяцыйны кантроль».
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ