Top.Mail.Ru

Як на Брэсцкім вяслярным канале фарміруюць спартыўную эліту

Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы ў 2007 годзе Брэсцкі вяслярны канал, яго ўвядзенне ў эксплуатацыю і стварэнне тут цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні надасць новы імпульс развіццю і папулярызацыі адпаведных відаў спорту. Праз 18 гадоў усё так і ёсць. На вадзе кіпіць барацьба паміж лодкамі, а ў цэнтры алімпійскага рэзерву кіпіць жыццё. Дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні Павел ДЗЕНІСЮК сцвярджае, што інакш тут і быць не можа. І патлумачыў «Звяздзе», чаму.


На ўнікальным аб’екце — унікальныя спецыялісты

«Наш аб’ект жыве спортам, менавіта для яго і ствараўся. Гэта цудоўны, адзін найлепшых у свеце (для нашай каманды дакладна найлепшы) цэнтр развіцця веславання і спецыялізаваны канал для вяслярных відаў спорту», — адзначае Павел Дзенісюк. У вяслярнага канала вельмі выйгрышнае размяшчэнне — тут удалая ружа вятроў і толькі або спадарожны, або сустрэчны вецер, ніякіх бакавых. За кошт гэтага ўсе спартсмены знаходзяцца ў абсалютна роўных умовах, і перамагае сапраўды наймацнейшы. У гэтым таксама вялікая перавага штучнага вадаёма перад натуральным. На азёрах, дзе часцей за ўсё праводзяцца спаборніцтвы па веславанні, можа адбыцца ўсё што заўгодна. І часта форс-мажоры ўплываюць на вынік спартсменаў. На штучных каналах гэта выключана — тут толькі сумленная і раўнапраўная барацьба, ну, то-бок веславанне.

Адметна, што будавалі канал брэсцкія спецыялісты. Дарэчы, адпаведны праект і досвед выкарыстоўваліся таксама пры ўзвядзенні цэнтра вяслярных відаў спорту ў Казані, які ствараўся да летняй Універсіяды 2013 года. Так дзякуючы школе спартыўнай узнікла яшчэ і ўнікальная інжынерная школа. Таму што абслугоўванне вяслярнага канала — цэлая навука. «У нас працуе 157 чалавек, але непасрэдна канал абслугоўваюць дзевяць — яны займаюцца абцягваннем, абкосам берагоў, чысткай, самі ўдзельнічаюць у спаборніцтвах у якасці суддзяў, матарыстаў, ратавальнікаў. Інжынерная служба складаецца з трох чалавек. І гэта без перабольшання ўнікальныя спецыялісты, якія працуюць з сістэмай ІMAS. На постсавецкай прасторы такіх можна пералічыць па пальцах адной рукі. Таму і запатрабаваны ў іншых краінах, нядаўна нашы спецыялісты ездзілі ва Узбекістан, працавалі на чэмпіянаце свету», — адзначае Павел Дзенісюк.

Недалёка ад Брэста знаходзіцца горад Белаазёрск, важнае для беларускіх весляроў месца. Там, на мясцовай ГРЭС, ёсць цёплы вадаём, дзе спартсмены трэніруюцца зімой. Усе весляры-чэмпіёны там трэніраваліся нават у моцныя маразы. Але асаблівых умоў для спартсменаў не было, не моцна распешчаным веслярам шмат не трэба. Цяпер у Белаазерску створаны філіял Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні. У цёплы час весляры ў Брэсце напрацоўваюць хуткасць, а зімой у Белаазерску назапашваюць сілу. Па словах Паўла Дзенісюка, бывае, што зімой на зборах там можа працаваць па 200 чалавек. А значыць, трэба ствараць адпаведныя ўмовы, напрыклад, на наступны год запланавана будаўніцтва новага корпуса.

Пуставаць ён дакладна не будзе, таму што ў абласным цэнтры алімпійскага рэзерву ўжо займаецца 500 спартсменаў. Пастаянна на зборах знаходзіцца нацыянальная зборная па акадэмічным веславанні. Менавіта на брэсцкім канале трэніраваўся да Алімпійскіх гульняў у Парыжы Яўген Залатой. Тут ён займаецца з 2018 года — практычна ўсю сваю дарослую кар’еру праводзіць у брэсцкай акваторыі, у Брэсце жыве і сям’я Залатых. Яго сярэбранаму алімпійскаму медалю ў мінулым ліпені радаваўся ўвесь цэнтр. Не меншай была радасць і ад нядаўняга залатога медаля на чэмпіянаце Еўропы. Дарэчы, для алімпійскага прызёра гэта першае такое золата.

Кацярына Карстэн, з чыім імем звязаныя самыя гучныя поспехі беларускага акадэмічнага веславання, на брэсцкім канале таксама свой чалавек — праводзіць тут увесь час у якасці трэнера маладзёжнай зборнай. «Нашым маладым спартсменам і трэнерам вельмі пашанцавала працаваць побач з Кацярынай. Гэта чалавек-легенда, наш гонар. Для спартсменаў яна жывы прыклад таго, што, калі працаваць і імкнуцца наперад, можна зрабіць немагчымае», — адзначае Павел Дзенісюк.

канал.jpg

Абсалютна бяспечна і вельмі займальна

Усё вышэйпералічанае — праца, якая прыкметная і відавочная. Штодня спецыялісты Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні праводзяць і не прыкметную публіцы, але жыццёва важную дзейнасць. Падрыхтоўка рэзерву — тое, без чаго казаць аб спаборніцтвах, зборах, гледачах бессэнсоўна.

«Нашы трэнеры ведаюць расклад спартыўных мерапрыемстваў ва ўсіх раённых цэнтрах вобласці. Яны ездзяць туды і шукаюць перспектыўных дзяцей. Як правіла, гэта спаборніцтвы па веславанні, плаванні, лёгкай атлетыцы. Высокіх, фізічна развітых, моцных дзяцей запрашаем у цэнтр на праглядальны збор, з абавязковым праходжаннем медыцынскай камісіі. Вядома, частка адсейваецца. А ў тых, хто падыходзіць па ўсіх паказчыках, хоча займацца веславаннем і чые бацькі не пярэчаць, пачынаецца новае жыццё ў нашым цэнтры. Сёння мы ўжо займаемся не наборам, а адборам дзяцей, таму што цікавасць да веславання значная», — распавядае Павел Дзенісюк.

Сярод выхаванцаў Брэсцкага абласнога цэнтра двухразовы чэмпіён свету, пяціразовы чэмпіён Еўропы па веславанні на байдарцы, удзельнік дзвюх Алімпійскіх гульняў Алег Юрэня. Чэмпіён Еўропы 2024 года і ўдзельнік Алімпійскіх гульняў у Парыжы Уладзіслаў Кравец — таксама прадстаўнік Брэстчыны. Таму ўнутраная канкурэнцыя ў Брэсцкім цэнтры алімпійскага рэзерву прыстойная. Але гэта толькі ў спорце. Па словах Паўла Дзенісюка, у цэнтры ўсе жывуць як адна сям’я: «Спачатку я быў уражаны тым, якія весляры згуртаваныя і дружныя хлопцы. Яны ўсе адзін за аднаго гарой. У нас трэніруюцца выдатныя дзеці. Яны мэтанакіраваныя, моцныя, матываваныя. А паколькі ў цэнтры пачынаюць трэніравацца з 10-12 гадоў, наша задача — не толькі падрыхтаваць іх як спартсменаў, але і выхаваць як асоб. Гэта складана. Але перамогі нашых спартсменаў вартыя любых цяжкасцяў. Дзеля гэтага мы і працуем».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Брэсцкага цэнтра алімпійскага рэзерву

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю