Як паведаміла Ала Сушко, начальнік упраўлення прамысловасці камітэта эканомікі Мінаблвыканкама, вядучае месца ў эканоміцы вобласці займае прамысловы комплекс — у рэгіёне вырабляецца больш за 22% аб’ёмаў прамысловай прадукцыі краіны. Яна зазначыла, што сярод асноўных галін — вытворчасць калійных угнаенняў, легкавых аўтамабіляў, кар’ерных самазвалаў, фармацэўтычных прэпаратаў, ювелірных вырабаў, макаронных вырабаў, мінеральных вод.
Міншчына спецыялізуецца на шэрагу стратэгічных напрамкаў. Тут працуюць прадпрыемствы, якія выпускаюць шырока вядомую прадукцыю і з’яўляюцца сапраўдным гонарам беларускай эканомікі — напрыклад, «Беларуськалій» і «БелАЗ». У цяперашні час на рынак выйшлі на высокі ўзровень і іншыя прадпрыемствы: «БелДжы» (у 2024 годзе выпусціла больш за 90 тысяч легкавых аўтамабіляў), «БНБК» (ажыццяўляе выпуск кармавых амінакіслот, камбікармоў і прэміксаў, глютэна пшанічнага і шэрагу іншых прадуктаў глыбокай перапрацоўкі збожжа). Значны ўклад у прамысловасць рэгіёна ўносяць і камунальныя прадпрыемствы, што забяспечваюць вытворчую бяспеку краіны.
Сярод рэгіёнаў Беларусі Мінская вобласць знаходзіцца на лідэрскіх пазіцыях па аб’ёмах імпартазамяшчальнай прадукцыі. У параўнанні з 2020 годам яны павялічыліся ў 2,6 раза. Найбольшы ўдзельны вес у агульным аб’ёме прадукцыі займае вытворчасць легкавых аўтамабіляў (БелДжы), малочнай прадукцыі. Значную ўвагу рэгіён надае і інавацыям. Сярод праектаў, унесеных у дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця, можна вылучыць «Слуцкі сыраробны камбінат», агракамбінат «Дзяржынскі», «Амкадор-Семаш», «Слуцкі мясакамбінат» і інш.
На працягу апошніх дзесяці гадоў Мінская вобласць прыцягвае найбольшы ў краіне аб’ём інвестыцый у асноўны капітал — больш за 25% ад інвестыцый у Беларусі. У цяперашняй пяцігодцы завершана рэалізацыя буйных праектаў — гэта арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла («БНБК»), стварэнне сучаснай гнуткай аўтаматызаванай вытворчасці вузлоў рулявога кіравання для камплектацыі аўтамабільнай тэхнікі (Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік») і інш. Пад кантролем Мінаблвыканкама знаходзіцца пералік інвестыцыйных праектаў, што рэалізуюцца ў межах даручэння Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб стварэнні да 2025 года ў кожнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы новых вытворчасцяў. У спіс інвестыцыйных праектаў «Адзін раён — адзін праект» на 2025 год уключана 48 праектаў з агульнай сумай кошту 1,9 мільярда рублёў. Паводле плану, у выніку іх рэалізацыі будзе створана больш за 2000 новых працоўных месцаў.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ