Top.Mail.Ru

Як Мінская вобласць рыхтуецца да правядзення XІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

«Работа праводзіцца бесперапынна»

Крыху больш за тры месяцы застаецца да XІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які сёлета рыхтуецца прымаць горад Мінск і Мінская вобласць. Маштабная падзея пройдзе на гасцінных землях Міншчыны ўжо 25–26 чэрвеня. Тэма форуму ў гэтым годзе — «Эканамічнае ўзаемадзеянне рэгіёнаў — аснова ўстойлівага развіцця Беларусі і Расіі». Падрабязней пра падрыхтоўку, маючыя адбыцца мерапрыемствы і тэматыку секцый карэспандэнту «Звязды» расказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля ЯКУБІЦКАЯ.

Каб паказаць годны ўзровень ва ўсім

— Улічваючы эканамічны парадак дня, асноўная задача форуму — стварэнне неабходных асноў для развіцця эканомікі і бізнесу, — падкрэсліла Наталля Віктараўна. — Чакаецца папаўненне скарбонкі пагадненняў. На палях форуму рэгіёнаў традыцыйна будзе падпісаны шэраг кантрактаў, якія нададуць новы імпульс расійска-беларускаму супрацоўніцтву. Акцэнт — на імпартазамяшчэнні, інавацыйных праектах, якія будуць карысныя і выгадныя абодвум бакам. Для нас важна ствараць новыя працоўныя месцы, павышаць узровень жыцця і магчымасцяў нашых грамадзян.

Каб рэалізаваць усё задуманае, была створана арганізацыйная група па падрыхтоўцы да XІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якую ўзначальвае старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка.

— Два пасяджэнні штаба ўжо адбыліся, — падзялілася сенатар. — Але ўвогуле работа праводзіцца бесперапынна. 

Па словах Наталлі Якубіцкай, для Мінскай вобласці вялікая адказнасць і гонар прымаць мерапрыемства такога высокага ўзроўню.

— Хачу адзначыць, што падрыхтоўка вядзецца не толькі на тых пляцоўках, дзе пройдуць запланаваныя мерапрыемствы, але і ў цэлым на тэрыторыі ўсяго цэнтральнага рэгіёна, — падкрэсліла яна. — Наша мэта — паказаць годны ўзровень ва ўсім.

Тэматыка секцый — разнастайная

Так, 25 чэрвеня ў Мінскай вобласці будуць працаваць сем секцый, прысвечаных розным кірункам беларуска-расійскага супрацоўніцтва, адзначыла сенатар.

— Будуць таксама арганізаваны пяць мерапрыемстваў, якія яшчэ ні разу не былі прадстаўлены на палях форуму рэгіёнаў.

Наталля Віктараўна звярнула ўвагу, што правядзенне секцый запланавана на перадавых пляцоўках Мінскай вобласці з улікам тэматыкі кожнай з іх. Інтэрвал правядзення мерапрыемстваў на секцыях — каля 3-4 гадзін.

— Можна сказаць, што гэта флагманы беларускай прамысловасці — ААТ «БЕЛАЗ», СЗАТ «БелДжы», ЗАТ «БНБК», ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» і іншыя, — удакладніла Наталля Якубіцкая.

На пляцоўцы ЗАТ «БНБК» плануюць разглядаць прававое забеспячэнне харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Адна з секцый форуму будзе праводзіцца на пляцоўцы СЗАТ «БелДжы» і датычыцца развіцця рэгіёнаў.

— Удзел у гэтай секцыі возьмуць каля 150 чалавек, — адзначыла сенатар. — На ёй будуць разгледжаны пытанні эфектыўнасці рэгіянальнага ўзаемадзеяння. Акрамя правядзення секцыі, мы прапануем экскурсію, падчас якой наведаем зборачную і зварачную вытворчасці прадпрыемства. Магчыма, у праграму будуць уключаны і патрыятычныя акцыі. У прыватнасці, 

ускладанне кветак і ўшанаванне памяці каля мемарыялаў, размешчаных на тэрыторыі Мінскай вобласці.

Тэматыка наступнай секцыі — «Супрацоўніцтва ў рэалізацыі сумесных інавацыйных праектаў у мэтах умацавання тэхналагічнага суверэнітэту Саюзнай дзяржавы». Яна будзе праводзіцца на базе Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка. У рамках экскурсійнага маршруту прапануецца прадставіць тавары, якія вырабляюцца непасрэдна ў індустрыяльным парку.

Пляцоўкай правядзення яшчэ адной секцыі запланаваны лідар птушкагадоўчай галіны — ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі». Яе асноўная тэматыка — «Высокапрадукцыйны аграпрамысловы комплекс: умовы і магчымасці на сучасным этапе».

На базе ААТ «БЕЛАЗ» размесціцца секцыя на тэму «Падтрымка эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі: інструменты і магчымасці».

Правядзенне наступнай секцыі запланавана на пляцоўцы ДУ «Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, яе тэматыка — «Стратэгічныя кірункі супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя Саюзнай дзяржавы».

Месцам правядзення апошняй секцыі стане Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж». Яе тэматыка — «Культурна-гістарычная спадчына і турыстычны патэнцыял Беларусі і Расіі: новыя гарызонты і супрацоўніцтва».

На палях сёлетняга форуму рэгіёнаў таксама запланавана правядзенне шэрагу мерапрыемстваў, дадала Наталля Віктараўна.

— Адно з іх — сумеснае мерапрыемства кантралюючых органаў Беларусі і Расіі, якое пройдзе на базе ААТ «БЕЛАЗ», — удакладніла сенатар. — Сярод іх таксама — сумеснае пасяджэнне кіруючых органаў Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Месцам правядзення стане сярэдняя школа № 2 у вёсцы Копішча, якая была пабудавана па індывідуальным праекце і адчыніла свае дзверы ў 2024 годзе.

Акрамя таго, 25 чэрвеня запланавана сумеснае мерапрыемства гандлёва-прамысловых палат Беларусі і Расіі на базе Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка. 

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю