Top.Mail.Ru

Як Міншчына спраўляецца са снежнай стыхіяй

Цыклон «Улі» на днях накрыў Беларусь. Да ўборкі снегу падключыліся ва ўсіх рэгіёнах краіны, у тым ліку і ў Мінскай вобласці. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.

На Міншчыне ва ўсіх раёнах у суботу, 10 студзеня, прайшлі суботнікі — грамадскасць аб’ядналася ў справе ліквідацыі наступстваў снежнага цыклона, які дадаў працы камунальным, дарожным і экстраным службам. Ім прыйшлося няпроста на працягу апошніх сутак — работа кіпела літаральна днём і ноччу. Дапамога ў такой сітуацыі, дадатковыя працоўныя рукі, як і рыдлёўка, попыт на якія вырас у разы, апынуліся зусім не лішнімі. Ды і змяніць на заснежаных дарожках стомленых дворнікаў, сярод якіх ёсць нямала жанчын, справа, можна сказаць, гонару для кожнага мужчыны, які паважае сябе, нават далёкага ад камунальных клопатаў. 

Так, напрыклад старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксей Кушнарэнка разам з працоўным дэсантам расчышчалі двор у вёсцы Галоўкі Хацежынскага сельскага савета, дзе пражывае 82-гадовы Мікалай Іосіфавіч Дубаткоў. Раней ён тут сачыў за парадкам разам з жонкай, але яе не стала 5 гадоў таму. З гадамі яму ўсё складаней спраўляцца ў адзіночку з клопатамі па хаце...Ды і са снегам таксама.

Губернатар Мінскай вобласці падчас уборкі нагадаў словы Прэзідэнта: зараз час канкрэтных спраў. «У нас ёсць чалавек, які мае патрэбу ў нашай дапамозе, значыць, мы яе павінны аказаць», — сказаў Аляксей Кушнарэнка.

Усе хутка размеркаваліся па ўчастку і ўзяліся за працу. Гаспадар дома адразу ж узяў інвентар, каб таксама без справы не сядзець. 

Гадзіна сумеснай працы — працоўны дэсант справіўся з пастаўленымі задачамі, а пенсіянер застаўся задаволены з чыстым і акуратным участкам.

«Калі патрэбна будзе дапамога, то смела звяртайцеся да нас. Усё, што ў нашых сілах, то мы зробім. Жадаю вам моцнага здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцця»,— сказаў губернатар, паціснуўшы руку гаспадару дома. 

Таксама ён падзякаваў рабятам, якія прыйшлі на дапамогу: 

«Дзякуй, што адгукнуліся на дапамогу. Я ведаю, што вы не ў першы раз робіце такія добрыя справы, таму хачу ў першую чаргу сказаць дзякуй вашым бацькам за выхаванне. Вельмі спадзяюся, што і вы потым будзеце перадаваць гэтую дабрыню і сваім дзецям».

Ні адзін пенсіянер не павінен застацца ў гэты цяжкі час па-за ўвагай. Калі патрэбна дапамога, то валанцёры, службы і мясцовая ўлада павінна аказваць дапамогу. Асабліва тым, у каго няма сярод блізкіх і родных, каб зрабіць справы па гаспадарцы.

Смалявіцкі раён таксама далучыўся да акцыі «Прыбяром снег разам». У вялікай працы ўзяла ўдзел член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.

«Сёння па ўсёй Мінскай вобласці праходзіць маштабная акцыя па ўборцы снегу. У ёй прымаюць удзел дэпутаты ўсіх узроўняў, прадстаўнікі партый і грамадскага аб’яднання «Белая Русь», прымае ўдзел наш Маладзёжны Савет, — расказала яна.

У Смалявічах на выклікі прыроды адгукнуліся не толькі людзі, але і прадпрыемствы. Адным з такіх стала прадпрыемства ДАРЭЛЕКТАМАШ, якое прадаставіла для барацьбы са стыхіяй унікальную тэхніку — самы магутны ў СНД ротарны снегаачышчальнік ДЭМ-133.

Гэты агрэгат створаны для працы ў суровых умовах Крайняй Поўначы, аднак цяперашнія ўмовы рэаліі наглядна паказалі: і ў нашых шыротах без тэхнікі такога класа ўжо не абысціся.

Асобнай увагі заслугоўвае таксама работа тэхнікі ў тандэме — снегаачышчальнік і самазвал. Дзякуючы хуткай рэакцыі гарадскіх службаў у Смалявічах былі аператыўна задзейнічаны ўсе самазвалы горада, што дазволіла арганізаваць мабільны і бесперапынны вываз снегу. Магутнасць снегаачышчальнікаў з аўтаномным рухавіком — 2 750 тон у гадзіну — дазваляе запаўняць кузаў 20-тоннага самазвала менш чым за дзве хвіліны. Такая хуткасць працы напрамую ўплывае на бяспеку дарог і жыхароў.

Важна падкрэсліць, што такія вынікі сталі магчымыя дзякуючы зладжанай рабоце і дружалюбнаму супрацоўніцтву бізнесу і горада, а таксама пры актыўнай падтрымцы старшыні раённага выканаўчага камітэта, які выбудаваў эфектыўнае ўзаемадзеянне ўсіх службаў і прадпрыемстваў.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота прэс-службы Мінаблвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю