Top.Mail.Ru
260

Як міліцыянеры дапамагаюць людзям з судзімасцю вярнуцца да законапаслухмянага жыцця

Работа з непрацуючымі грамадзянамі — адзін з ключавых кірункаў прафілактычнай дзейнасці органаў унутраных спраў. У Першамайскім і Заводскім РУУС Мінска прайшлі чарговыя сустрэчы з жыхарамі раёна, якія не занятыя ў эканоміцы і стаяць на прафілактычных уліках.


Супрацоўнікі міліцыі нагадалі аб нормах закона, наступствах супрацьпраўных паводзін і падкрэслілі важнасць працаўладкавання і законапаслухмянага ладу жыцця. Праваахоўнікі адзначылі, што галоўная мэта такіх сустрэч — прафілактыка правапарушэнняў і дапамога людзям у складанай жыццёвай сітуацыі.

«Асноўная задача крымінальна-выканаўчай інспекцыі — не пакараць, а дапамагчы чалавеку вярнуцца да нармальнага жыцця, — адзначыў начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Першамайскага РУУС Мінска Дзяніс АПАНАСЕВІЧ. — Мы выбудоўваем работу так, каб чалавек разумеў наступствы сваіх учынкаў і бачыў рэальныя шляхі выхаду са складанай сітуацыі».

У Першамайскім РУУС адзначаюць станоўчыя вынікі прафілактычнай работы. Супрацоўнікі рэгулярна сустракаюцца з тымі, хто свядома ўстае на шлях выпраўлення. Адзін з прыкладаў — мужчына, які раней знаходзіўся на прафілактычным уліку, адмовіўся ад алкаголю і працаўладкаваўся рабочым раённага Зелянбуда. Сёння ён вядзе законапаслухмяны лад жыцця.


Прафілактыка правапарушэнняў — гэта не толькі кантроль, але і сістэмная работа, заснаваная на дыялогу, падтрымцы і ўцягванні ў карысную дзейнасць. У крымінальна-выканаўчай інспекцыі Заводскага раёна фіксуюць не толькі яўкі, але і першыя поспехі. Тут працуюць з тымі, каму суд даў шанц выправіцца без ізаляцыі ад грамадства. 

«Наша галоўная задача — не проста сачыць, а дапамагаць чалавеку наладзіць сваё жыццё, — звяртае ўвагу начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Заводскага РУУС г. Мінска Аляксандр РАХМАНЬКА. — Мы навучаем, тлумачым, вырашаем сацыяльныя праблемы. Дапамога канкрэтная: працаўладкаванне, парада, падтрымка. І пры гэтым — жорсткае патрабаванне выконваць закон».

Судзімасць часта становіцца перашкодай пры працаўладкаванні. «Работадаўцы асцерагаюцца, таму мы выступаем пасрэднікамі: супрацоўнічаем з цэнтрамі занятасці», — расказвае Аляксандр Рахманька.

Вынікі такога ўзаемадзеяння ёсць. Наталля, адна з падуліковых, з дапамогай інспектара ўладкавалася кухарам на завод, папярэдне прайшоўшы трохмесячнае навучанне. «Стабільны заробак дапамог пагасіць даўгі, — расказала Наталля. — Але для мяне важным з’яўляецца іншае: распарадак, адказнасць, павага калег. Я вярнулася да нармальнага жыцця».


Па словах начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі Заводскага РУУС г. Мінска, многія арганізацыі гатовы прымаць на працу падуліковых, у тым ліку з наступным навучаннем. Пры гэтым, як падкрэслівае Аляксандр Рахманька, вынік залежыць ад выбару самога чалавека.

«Мы ствараем умовы, але шлях кожны выбірае сам. Наша задача, каб у гэтага выбару быў рэальны шанц», — рэзюмуе ён.

Практычным увасабленнем такога шанцу становіцца і грамадская работа. Падуліковыя разам са старшым інспектарам прафілактыкі ААПП МГБ Станіславам Гудзеевым узялі ўдзел у расчыстцы ад снегу двароў і тратуараў у Заводскім раёне. Папрацавалі яны і на тэрыторыі Першамайскага раёна. 

«Для многіх гэта першы крок — даказаць сабе і грамадству, што яны могуць быць карыснымі, — заўважае Станіслаў Гудзееў. — Мы працуем побач, разам. Гэта здымае напружанне і дапамагае больш, чым размовы ў кабінеце. Кожны расчышчаны тратуар і кожная знойдзеная вакансія — гэта крок да новага, законапаслухмянага жыцця, якое інспекцыя і самі падуліковыя выбудоўваюць сумесна».

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службаў Першамайскага і Заводскага раёнаў сталіцы

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю