Top.Mail.Ru

Як міліцыя дапамагае былым асуджаным вярнуцца да нармальнага жыцця

Прафесійнае свята 29 жніўня адзначаюць супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі — тыя, хто дапамагае людзям вярнуцца да нармальнага жыцця і больш ніколі не пераступаць закон.



Намеснік начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі Заводскага РУУС Аляксандр КУР’ЯНОВІЧ у гэтай прафесіі 13 гадоў. За гэты час ён дапамог многім сем’ям. Праца ў органах унутраных спраў была яго дзіцячай марай.

Афіцэр расказаў, што ў зоне яго ўвагі і калег знаходзяцца грамадзяне, асуджаныя да пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі, а таксама тыя, хто адбылі пакаранне ў месцы пазбаўлення волі.

«Галоўнае — знайсці агульную мову з тым, хто аднойчы спатыкнуўся, і выбудаваць адносіны на даверы, — перакананы Аляксандр Кур’яновіч. — Асабліва важная роля інспектара для тых, хто прыцягваецца да адказнасці ўпершыню. Менавіта ад нашай прафілактычнай работы залежыць, ці вернецца чалавек да злачыннага жыцця або канчаткова стане на шлях выпраўлення».

Намеснік начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі Заводскага РУУС расказаў некалькі паказальных гісторый, якія пацвярджаюць: планамерная работа інспекцыі патрабуе высокага ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі і псіхалагічнай устойлівасці супрацоўнікаў, бо трэба знайсці індывідуальны падыход да кожнага падуліковага.

Так, міліцыянеры дапамаглі мужчыну, які быў асуджаны за незаконны абарот наркатычных сродкаў і правёў у месцах пазбаўлення волі 10 гадоў. Вярнуўшыся з калоніі, ён разгубіўся, не ведаў, чым заняцца, але яму працягнулі руку дапамогі. Ужо паўгода мінчаніна працуе на адным з прадпрыемстваў сталіцы, калегі адклікаюцца аб ім станоўча.

«Калі мужчына выйшаў з турмы ён не змог сацыялізавацца і нават не хацеў вяртацца да сям’і, але супрацоўнікі не засталіся ўбаку, аказалі дапамогу з працаўладкаваннем. Сёння мужчына ўдзячны за аказаную дапамогу, вядзе паўнавартаснае законапаслухмянае жыццё, атрымлівае годны заробак», — распавядае Аляксандр Кур’яновіч. 


Няпроста склаўся лёс у іншай падапечнай інспекцыі. Жанчына, асуджаная за цяжкае злачынства, правяла ў месцах пазбаўлення волі 17 гадоў. Выйшаўшы на волю, яна сутыкнулася са страхам перад грамадствам: баялася прадузятасці, не верыла ў сваю здольнасць адаптавацца.

«Мы дапамаглі ёй, падтрымалі псіхалагічна, аказалі садзейнічанне ў аднаўленні дакументаў, далі рэальную магчымасць праявіць сябе з добрага боку, — гаворыць праваахоўнік. — У выніку жанчына працуе на прадпрыемстве па сартаванні смецця, сацыялізавалася. Мы працягваем наглядаць за ёй, але ўжо відавочна: жанчына зразумела сваю памылку і не гатовая вяртацца ў месцы пазбаўлення волі. Яна пачала будаваць плану на будучыню: хоча сям’ю і ўстаць на ногі, каб дапамагаць пажылым бацькам, якія былі побач увесь час, але ўжо моцна аслаблі».

Гісторыі гэтых людзей — прыклад, што пасля вяртання ў грамадства чалавек можа пачаць усё з чыстага ліста. І ў гэтым галоўны сэнс прафесіі, якую з гонарам нясуць Аляксандр Кур’яновіч і яго калегі.

Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Заводскага РУУС г. Мінска 



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю