Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі ва ўсіх рэгіёнах краіны пры райаграсэрвісах створаны механізаваныя атрады для нарыхтоўкі кармоў. І для іх ўмацавання і развіцця ёсць усё неабходнае. У прыватнасці, істотна павысілася тэхнічная аснашчанасць, у тым ліку сталі актыўна выкарыстоўвацца айчынныя прэсы, якія дапамагаюць у захаванні сенажу — на неабходнасць іх выкарыстання і запатрабаванасць у краіне беларускі лідар таксама звяртаў увагу. Усяго сем мехатрадаў райаграсэрвісаў з такім наборам тэхнікі сёлета выйшлі ў палі Мінскай вобласці, адзін з якіх — на Капыльшчыне, куды мы і накіраваліся.
Прэс для захаванасці кармоў
Падчас рабочай паездкі ў Капыльскі раён першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль СЫСОЕЎ расказаў, што механізаваныя атрады — тэма не новая, яны ёсць амаль у кожным райаграсэрвісе.
«З улікам таго, што практычна большая частка райаграсэрвісаў мае ўласную гаспадарку, то, натуральна, і роля мехатрадаў зводзілася да таго, што яны працавалі ва ўласных гаспадарках, не выязджаючы за межы. Мы паглядзелі вопыт работы адроджаных мехатрадаў у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, але пайшлі сваім шляхам, бо тэхнічная аснашчанасць Мінскай вобласці за апошнія некалькі гадоў істотна павысілася», — адзначыў ён.
У прыватнасці, была закуплена вялікая колькасць трактароў, камбайнаў, гаспадаркі Міншчыны забяспечаны даволі моцным ядром сельгастэхнікі.
.jpg)
«Калі памятаеце, летась у Смалявіцкім раёне мы абмяркоўвалі пытанні прэсавання кармоў у поліэтылен, у плёнку. Тады былі дадзены даручэнні (Прэзідэнтам Беларусі. — „Зв.“) аб вытворчасці айчыннага прэса, а таксама аб тым, што неабходна гэтыя работы развіваць, — нагадаў Васіль Сысоеў. — Мы вырашылі ў Мінскай вобласці стварыць сем механізаваных атрадаў па выкананні такіх работ. Узялі той набор тэхнікі, які вы сёння бачыце, для таго, каб яны былі максімальна аўтаномныя ў частцы не толькі нарыхтоўкі, але і нават перавозкі згаданых відаў кармоў да бліжэйшай, дапусцім, фермы. На сёння мы практычна завяршылі камплектаванне гэтай тэхнікі. Натуральна, ядром будзе прэс — ён вырабляецца ў Мінскай вобласці, у Барысаве».
Нарыхтоўка кармоў у поліэтылен патрабуе набору мерапрыемстваў, якія павінны праходзіць у пэўнай паслядоўнасці і ў сціснутыя тэрміны. «Таму было прынята рашэнне, што гэтыя атрады будуць працаваць незалежна ад таго, ці гэта пасяўная, уборка альбо іншыя віды работ. Яны будуць мабільнымі. Атрад, які створаны ў Капыльскім раёне, можа пераехаць у Мядзельскі і там праводзіць нарыхтоўку кармоў. Мы выконваем некалькі даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Зразумела, справа новая. Але сёння гэты кірунак ужо здабыў рэальныя абрысы», — расказаў першы намеснік старшыні аблвыканкама.
Ёсць мільён!
Што датычыцца ўкосу траў, сёлета вырас вельмі добры ўраджай, падкрэсліў першы намеснік старшыні аблвыканкама.
«Даныя метэастанцый пацвярджаюць, што больш за ўсё ападкаў выпала ў Мінскай вобласці, — адзначыў Васіль Сысоеў. — Вялася планамерная работа па закупцы і прымяненні мінеральных угнаенняў. На наступным тыдні пачынаем другі ўкос. З першага ўкосу на сёння мы пераадолелі планку ў мільён тон нарыхтаванага сенажу — першыя ў краіне. На такую лічбу мы заўсёды выходзілі, але ўслед за Брэстам, Гроднам. На раніцу сённяшняга дня плюс 500 тысяч тон нарыхтоўкі сенажу да ўзроўню мінулага года і плюс дзве кармавыя адзінкі. Дарэчы, гэты паказчык таксама сёння самы высокі па плюсе да ўзроўню мінулага года — мы дасягнулі 5 кармавых адзінак. І тэмпы нарастаюць. Мы выйшлі амаль на нарыхтоўку 100 тысяч тон сенажу ў дзень. Нясвіжскі раён на сёння завяршыў першы ўкос. Блізкі да гэтага і шэраг іншых рэгіёнаў».
Сёлета Мінская вобласць узяла курс на знакавыя лічбы. «У асобных гаспадарках цалкам перайшлі на азімую сяўбу. Гэта той кірунак, з якім мы будзем і далей працаваць, таму што калі яшчэ мінулы год неяк нівеліраваўся з яравымі культурамі і з азімымі, то сёлета мы праз тыдзень пачынаем убіраць азімыя культуры, няхай у паўднёвай частцы вобласці. Лічу, што для нас найважнейшым момантам з’яўляецца своечасовая сяўба азімых культур. У нас сёння плюс 15 тысяч гектараў сяўбы да ўзроўню мінулага года па азімым рапсе. Па рапсе ў нас ужо выстраілася лічба — 110-115 тысяч гектараў. Мы яе прытрымліваемся».
Мехатрады спяшаюцца на дапамогу
Першы намеснік старшыні - начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Капыльскага райвыканкама Віталь РАКЕВІЧ падкрэсліў, што Капыльскі раён — сельскагаспадарчы, тут сёння налічваецца 14 сельгасарганізацый. «Агульная плошча — больш за 100 тысяч гектараў сельгасугоддзяў і звыш 80 тысяч гектараў раллі. На сённяшні дзень у раёне прыбрана 82 % траў першага ўкосу. Цалкам першы ўкос завяршаем да 14 чэрвеня. Што датычыцца іншых работ, у цяперашні час інтэнсіўна вядзецца апрацоўка кукурузы, якой пасеяна каля 23 тысяч гектараў. Вядзецца хімпраполка цукровых буракоў, якіх пасеяна больш за 7 тысяч гектараў. У дзвюх сельгасарганізацыях рыхтуемся да другога ўкосу траў. На сёння (10 чэрвеня. — „Зв.“) па раёне нарыхтавана практычна 5 кармавых адзінак на ўмоўную галаву, што ў параўнанні з леташнім узроўнем склала плюс 1,8 кармавой адзінкі. Але на гэтым не спыняемся. Нарыхтоўка траў будзе весціся планамерна ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях раёна. Гэтаксама вядзецца работа па падрыхтоўцы да ўборкі збожжавых. Мы ўжо бачым, што азімы ячмень пачынае спець. Пры спрыяльных умовах да канца чэрвеня пачнецца ўборка азімага ячменю», — расказаў ён.

Арганізаваныя механізаваныя атрады аказваюць велізарную дапамогу ў больш хуткім завяршэнні ўборкі траў першага ўкосу, нарыхтоўцы якасных кармоў, адзначыў Віталь Ракевіч: «Гэта звяно будзе працаваць, згодна з зацверджаным графікам па раёне. Але плануецца, што пры заканчэнні ўборкі траў тут пойдзе дапамагаць іншым раёнам — туды, дзе будуць адставаць».
У розных рэгіёнах Мінскай вобласці сёлета выйшлі ў палі сем механізаваных атрадаў райаграсэрвісаў з такім наборам тэхнікі, які прадэманстравалі журналістам на палях Капыльшчыны.
Менавіта гэты мехатрад цяпер працуе ў ААТ «Прагрэс 2010». Пра гэта расказаў дырэктар Капыльскага райаграсэрвіса Аляксандр ТУРБАН. «Мы сёлета атрымалі восем адзінак тэхнікі, створанай на Мінскім трактарным заводзе, пераважна энерганасычанай, — удакладніў ён. — Прычэпленыя да трактароў, у палі выходзяць касілкі, граблі, прэс, драбіны для звозкі рулонаў. Мехатрад Капыльскага райаграсэрвіса працуе не першы год, але новая тэхніка надала штуршок для развіцця. Мы падмацавалі той атрад, які ўжо мелі, новай тэхнікай і сталі больш мабільныя».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота аўтара і БелТА
Капыльскі раён