Выхаваць прафесіянала сваёй справы, спецыяліста, гатовага да працоўных будняў, — важная місія любой навучальнай установы. У філіяле «Індустрыяльна-педагагічны каледж» Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі ўпэўнены: сакрэт поспеху крыецца ў майстрах і выкладчыках. Пра складанасці і асаблівасці іх прафесій даведалася газета «Звязда».
Гэта вам не школа...
У каледжах па-іншаму будуецца адукацыйны працэс: больш самастойнай працы, лекцыйнага матэрыялу, менш сшыткаў і падручнікаў. Нядзіўна, што першы час могуць узнікнуць непаразуменні: патрабаванні ў школьных настаўнікаў і выкладчыкаў каледжа ўсё ж такі адрозніваюцца. Ірына Сіліна — выкладчык такіх прадметаў, якія забяспечваюць пачатковую падрыхтоўку майстра вытворчага навучання і настаўнікаў тэхнічнай працы і чарчэння, — упэўнена, што большая частка праблем вырашаецца гумарам: «Калі з сітуацыі можна пасмяяцца разам, напружанне сыходзіць. Чалавек перастае быць „злючкай-калючкай“ і ператвараецца ў таварыша, з якім ужо можна разам грызці граніт навукі».
Ірына Вальдэмаўна выкладае ў каледжы вось ужо 25 гадоў. «Помню свой першы працоўны тыдзень і тое, як разгубілася, убачыўшы перад сабой дарослых хлопцаў і дзяўчат. Шчыра прызнаюся, далей за трэцюю парту нібы нічога не бачыла. Розніца паміж навучаннем у школе і ў каледжы, безумоўна, вялікая. Іншая адказнасць у тым ліку і ў куратара групы — дзесьці нават больш, чым у класнага кіраўніка. Перад табой ужо дарослыя людзі, і здолець іх зацікавіць не толькі сваім прадметам, але і культурай, мастацтвам, грамадскім жыццём трэба яшчэ ўмець».
Ірына Вальдэмаўна са слязамі радасці на вачах успамінае сваю першую куратарскую групу. Выкладчыцы было ўсяго 23 гады, а яе студэнты, тады ўжо другакурснікі, ненашмат яе маладзейшыя. «Калі яны вярнуліся з практыкі і ўбачылі маладога куратара, мабыць, вырашылі, што заняткі можна і прагульваць. Але я не здалася. Па раніцах прыходзіла да іх у інтэрнат, стукала ў кожныя дзверы, будзіла — літаральна выганяла на пары. Паступова яны зразумелі, што прасцей прыходзіць своечасова, — з усмешкай успамінае Ірына Вальдэмаўна. — Вядома, мы прыціраліся адно да аднаго. Студэнты здзіўляліся: як гэта так, маленькая маладзенькая дзяўчына можа патрабаваць ад іх парадку? Але кантакт мы знайшлі. І я дагэтуль ганаруся той групай: нашы адносіны засталіся цёплымі, чалавечымі. У мінулым годзе, напрыклад, яны віншавалі мяне з юбілеем».
Праверка на трываласць
Якімі якасцямі павінен валодаць майстар вытворчага навучання?
На думку Дар’і Нікановіч, маладога спецыяліста гэтай прафесіі, у першую чаргу цярпеннем і моцнай нервовай сістэмай. Працаваць з амаль равеснікамі дзяўчыне часам бывае няпроста. Але, паводле яе слоў, студэнты хутка перастройваюцца і ставяцца да яе з павагай. «Часам сваімі паводзінамі яны нібыта правяраюць нас, майстроў і выкладчыкаў, на трываласць. Але ў выніку ўсё роўна разумеюць, што стаць добрым спецыялістам дазволяць толькі веды і працавітасць.
А мы на гэтым шляху дапаможам», — адзначае майстар. Дар’я Уладзіміраўна працуе ў індустрыяльна-педагагічным каледжы ўжо год: сама скончыла ўстанову і вырашыла застацца.
Хоць у майстроў няма такога цеснага кантакту са студэнтамі, як у куратараў, за два тыдні заняткаў па 6-7 гадзін у дзень хлопцы і дзяўчаты ўсё роўна прывыкаюць, раскрываюцца, дзеляцца сваімі перамогамі і няўдачамі: «Бывае, хтосьці сядзіць пануры, бо нічога не ладзіцца, а потым, у канцы другога тыдня практыкі, раптам ускоквае з ззяючымі вачыма: «Атрымалася! Атрымалася!» Часам, на жаль, даводзіцца і супакойваць: «Не хвалюйся, можа, тынкоўка не тваё, але станеш выдатным мулярам, плітачнікам або маляром». І ўсё ж самыя ўпартыя спрабуюць раз за разам, пакуль не даб’юцца выдатнага выніку.