Выдатны прыклад таго, як за кароткі час можна стварыць высокаканкурэнтную вытворчасць сусветнага ўзроўню, дэманструюць у Пінску. На мяжы стагоддзяў тут з’явілася першае айчыннае прадпрыемства па выпуску акумулятарных батарэй, а цяпер яно вырабляе мільёны камплектаў для аўтапрама — як айчыннага, так і краін СНД. Некалькі этапаў яго мадэрнізацыі адбылося ў апошнія гады дзякуючы удзелу ў інвестпраграме «Адзін раён — адзін праект», і цяпер гэта магутны тэхналагічны волат, а па-нашаму — «Зубр Энерджы». А ў дапамогу яму і іншым падобным прадпрыемствам у холдынгу 1AK-GROUP вырашылі пабудаваць новы завод, урачыстае адкрыццё якога вырашылі правесці напярэдадні Дня Незалежнасці — і гэта вельмі сімвалічна.
Усё сваё
Кожны з нас так ці інакш можа адчуваць карысць ад гэтай прадукцыі: ці то пры карыстанні матацыкламі і легкавымі аўто (напрыклад, BELGEE), ці то праз работу грузавікоў (у тым ліку славутых МАЗаў) і цяжкай сельскагаспадарчай тэхнікі (вытворчасці Мінскага трактарнага завода), якая дапамагае забяспечваць нас хлебам. Альбо дзякуючы крыніцам бесперабойнага сілкавання, у якіх таксама выкарыстоўваюцца батарэі, зробленыя ў Пінску. Насамрэч тут выпускаюць усе тыпы свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. У наш час нават на побытавым узроўні ўсе разумеюць, якой павінна быць батарэя — надзейнай, магутнай і доўга трымаць зарад. Нездарма прадукцыя прадпрыемства адзначана прэстыжнымі ўзнагародамі вядомых конкурсаў.

Высокія адзнакі якасці падмацаваныя пашырэннем лінейкі прадукцыі, якая выпускаецца, і павелічэннем аб’ёмаў яе выпуску. Дзеля гэтага і вырашылі правесці маштабную мадэрнізацыю «Зубр Энерджы», на гэта і пайшлі інвестыцыі ў памеры 67 мільёнаў рублёў у межах праграмы «Адзін раён — адзін праект». Прадпрыемству трэба было здзейсніць пераход ад зборачнага вытворчага цыклу да поўнага цыклу стварэння сучасных акумулятарных батарэй. Такім чынам была дасягнута звышмэта ў межах нашай краіны — імпартазамяшчэнне і незалежнасць ад замежных паставак.

Калі раней прадпрыемства імпартавала гатовыя электроды, то ў выніку ажыццяўлення праграмы запусціла ўласныя аўтаматызаваныя і рабатызаваныя лініі і ўчасткі фарміравання акумулятарных батарэй, забяспечыўшы іх высокую якасць згодна з сусветнымі стандартамі. Пераўтварэнні пачаліся ў 2023 годзе, ішлі паступова, але імкліва. Ужо ў 2024 годзе наладзілі вытворчасць электрычных пласцін па тэхналогіі, якая дазваляе дасягаць большай магутнасці і трываласці, потым з’явілася лінія штампаваных пласцін, якія дазваляюць павялічыць тэрмін службы батарэі. Далей прадпрыемства асвоіла выпуск батарэй, якія прымяняюцца там, дзе патрабуецца надзейная і доўгатэрміновая праца з высокімі нагрузкамі. А ў мінулым годзе на «Зубр Энерджы» ўвялі ў эксплуатацыю чацвёртую аўтаматызаваную лінію долі вытворчасці стартэрных акумулятараў.
Спрыянне машын
Адметна тое, што мадэрнізацыя ідзе яшчэ і шляхам аўтаматызацыі працы, адзначаюць на прадпрыемстве. «Устаноўлена 15 прамысловых рабатызаваных сістэм, што адпавядае 366 робатам на 10 000 супрацоўнікаў. Нядаўна на складаным участку былі ўведзены новыя робаты на лініях Punch і ExMet. Адзін такі робат замяняе працу двух аператараў. Для прадпрыемства, якое працуе ў тры змены, гэта асабліва важна: аўтаматызацыя зніжае залежнасць ад цяжкай ручнога працы, робіць вытворчы працэс больш стабільным і павышае якасць прадукцыі, што выпускаецца», — удакладняе Таццяна Рыбачонак, дырэктар прадпрыемства «Зубр Энерджы».
Таццяна Рыбачонак добра ведае акумулятарную галіну, бо ўжо 15 гадоў працуе ў ёй на розных пасадах. Пінскае прадпрыемства ў 2018 годзе ўвайшло ў холдынг 1AK-GROUP, Таццяна Сяргееўна ўзначаліла яго ў 2022-м— менавіта тады, калі трэба было вырашаць складаныя эканамічныя і лагістычныя задачы. Напэўна, на гэтым этапе і патрэбна была стваральная і натхняльная энергія кіраўніка-жанчыны, якая б і пра эканамічныя паказчыкі думала, і пра якасць прадукцыі, і пра тэхнічнае развіццё, не забываючы пры гэтым пра людзей. Акрамя стварэння працоўных месцаў, прадугледжаных праграмай «Адзін раён — адзін праект», клопат пра чалавека — гэта і укараненне рабатызаваных комплексаў, якія бяруць на сябе работу ў фізічна цяжкіх ці асабліва небяспечных для здароўя ўмовах. Дарэчы, робаты больш дакладныя, чым людзі-работнікі, а гэта значыць, што змяншаецца рызыка нечаканасцяў, якія ўмоўна абазначаюць як чалавечы фактар. Паколькі вытворчасць звязана з хімічнымі рэчывамі, на прадпрыемстве ўдзяляецца вялікая ўвага ахове працы і экалагічнай бяспецы. Ахова навакольнага асяроддзя — таксама не проста прыгожы выраз, а клопат, падмацаваны канкрэтнымі захадамі: тут выкарыстоўваюцца надзейныя сістэмы фільтрацыі і падыход, скіраваны на перапрацоўку адходаў.
Поўны цыкл
Пераход да амаль цалкам аўтаматызаванай вытворчасці і стварэнне «разумных» прадпрыемстваў — гэта адна з праяў так званай «чацвёртай прамысловай рэвалюцыі», альбо «Індустрыі 4.0», як яе звычайна называюць. Яе прынцыпамі кіруюцца і паслядоўна ўкараняюць у холдынгу 1AK-GROUP. Для яго застаецца галоўным акумулятарны кірунак, і гэта не асобны завод і не адзін прадукт, а поўны цыкл. У тым ліку і выпуск пластыкавых камплектуючых, нават калі дзеля гэтага мэтазгодна пабудаваць абсалютна новы завод...
Менавіта Пінск сёння становіцца адным з найважнейшых пунктаў росту не толькі для холдынгу, але і для ўсёй галіны: тут на тэрыторыі індустрыяльнага парка «Свабоднай эканамічнай зоны «Брэст» было вырашана пабудаваць новы завод «1 АК-Пластык» таксама ў межах праграмы «Адзін раён — адзін праект». Гэтым разам аб’ём інвестыцый склаў 45,1 мільёна рублёў. Задуманае ажыццявілі своечасова, а напачатку 2026 года быў уведзены ў работу завод «1 АК-Пластык». Яго задача — выпускаць манаблокі, крышкі, ручкі і іншыя рэчы, без якіх немагчыма ўявіць гатовую батарэю сілкавання. Новае прадпрыемства таксама з высокім узроўнем аўтаматызацыі — 12 прамысловых рабатызаваных сістэм, што дазваляе вырабляць у год да 3 мільёнаў пластыкавых кампанентаў для стартэрных акумулятараў. А яшчэ на ім было прадугледжана стварэнне 90 працоўных месцаў для горада.
«Быццам бы гэта дапаможны кірунак, але менавіта такія складнікі дапамагаюць захоўваць рэальную прамысловую незалежнасць, — лічыць генеральны дырэктар холдынга 1AK-GROUP Вадзім Малышка. — Запуск „1 АК-Пластык“ дазволіў давесці лакалізацыю беларускай акумулятарнай вытворчасці да 95 %. Гэта значыць, што ўнутры краіны ствараецца не толькі канчатковы прадукт, але і ўсё больш кампанентаў для яго. Эканоміцы рэгіёна гэта забяспечыць доўгатэрміновы эфект».
Ларыса ЦІМОШЫК