Top.Mail.Ru

Як латвійскі блогер апынуўся ў беларускай вёсцы

На шляху з Рыгі ў Мінск


Невялікая вёсачка ў Валожынскім раёне, дамоў на 60-70, прыкладна за гадзіну язды ад Мінска. Мы пад’язджаем да хаты, тыповай для беларускай глыбінкі, драўлянай, але з пластыкавымі вокнамі. Крыху пазней заўважаю і іншыя сляды XXІ стагоддзя: камеры відэаназірання, электраабаграванне ў доме, а таксама даволі нядрэнны вай-фай на ўсім участку.

Гаспадара, які і прывёз мяне паглядзець на свае ўладанні на ўласным электрамабілі (яшчэ адна прыкмета часу), клічуць Раман Самуль. Асоба гэта досыць вядомая. Раман — блогер, які некалькі гадоў таму перабраўся з Латвіі ў Беларусь.

Скажу шчыра: Рамана асабіста ведаю ўжо больш за паўгода, разам працуем у галіне палітычнай журналістыкі, асвятляючы сітуацыю ў нашых прыбалтыйскіх суседзяў. Але сёння вырашыў пагаварыць з ім аб яго асабістай гісторыі. Праўда, размову прыйшлося крыху адкласці, таму што ў доме нас сустрэлі жонка Рамана Вольга і іх двухгадовая дачка Аліса. Па настойлівых просьбах гаспадароў прыйшлося паснедаць.

Беларусь звязала лёсы

Дарэчы, Рамана і Вольгу звязала менавіта гасцінная беларуская зямля. Сам ён прыехаў да нас у канцы 2022 года, скарыстаўшыся бязвізавым рэжымам, і вымушаны быў застацца, бо ў Латвіі на яго завялі крымінальную справу ў сувязі з яго палітычнай актыўнасцю. Раман, займаючыся бізнесам, шмат ездзіў па Еўропе, яму было з чым параўноўваць сітуацыю, якая складвалася на радзіме, і ён не маўчаў, а сумленна расказваў у сваім блогу, што і як, крытыкуючы ўрад і бяздарных палітыкаў. Была нават спроба балатавацца ў латвійскі Сейм. І Вольга таксама ўдзельнічала ў латвійскай палітыцы, дзе яе і заўважыў Раман. «Асабіста тады знаёмыя не былі, аднак назіраў за ёй у сацсетках», — смяецца мой суразмоўца. Але ўжо пасля канчатковага пераезду Рамана ў Беларусь Вольга таксама па бязвізавым рэжыме прыехала ў Мінск, дзе яны і пазнаёміліся асабіста. Ды настолькі блізка, што праз некалькі месяцаў ужо канчаткова замацаваліся ў Беларусі. А ў 2024 годзе на свет з’явілася маленькая Аліса.


«Усе людзі тут лічацца роўнымі»

«Чаму я пайшоў у палітыку? Бо я бачыў, што нас падзяляюць там на працягу 30 гадоў з моманту распаду Савецкага Саюза. Ва ўладзе адны і тыя ж, і мы многіх нават, можа, і не бачым, яны недзе за кулісамі, а іх прадстаўнікі дзейнічаюць у выглядзе нібыта розных нацыянальных партый, але насамрэч у іх толькі назва мяняецца, а людзі тыя ж сядзяць у палітыцы. Нешта памяняць павінна нейкая апазіцыя, але ў нас гэтых „апазіцый“ зашмат было. Ёсць партыі, якія ўвесь час кажуць правільныя наратывы, усё прыгожа і добра, але ў той жа час іх шмат, яны не ўмеюць тлумачыць свае дзеянні і дамаўляцца, яны не могуць пачуць адзін аднаго, кожны хоча быць галоўным, кожны хоча сабе нейкі кавалак у кішэню пакласці пры зручным выпадку, калі патрапіць у гэту палітыку. І вось таму я, напэўна, і пайшоў», — тлумачыць мне Раман прычыну сваёй палітычнай актыўнасці.

І працягвае: «Я хацеў менавіта паспрабаваць дамовіцца з усімі лідарамі партый, каб яны пачалі хоць бы паміж сабой нейкі дыялог, каб знаходзілі нейкую адзіную мэту, якую мы маглі б усе разам дасягнуць. Але, як паказала практыка маёй перадвыбарнай кампаніі, гэтага зрабіць немагчыма. Дамаўляцца яны не жадаюць, таму я зразумеў, што ў прынцыпе, напэўна, так працуюць спецслужбы, якія заўсёды падзяляюць і пануюць, вось менавіта па такім прынцыпе Захад кіруе».

Раман актыўна абураўся тым, што рускамоўнае насельніцтва Латвіі прыгнятаюць, пазбаўляюць магчымасці вучыцца на роднай мове, закрылі ўсе рускамоўныя СМІ, а многія жыхары маюць статус «неграмадзяніна»: «У Беларусі няма такога дзялення — беларус ці рускі. Усе людзі тут лічацца роўнымі, і гэта вельмі прыемна. Ёсць дзве дзяржаўныя мовы. І хоць многія вашы збеглыя чамусьці абураюцца гэтым, спрабуюць разгайдаць Беларусь, але ў Еўропе многія краіны маюць па тры дзяржаўныя мовы. А чамусьці ў Латвіі, дзе палова насельніцтва — рускамоўныя, лічаць нас нейкімі акупантамі, і абзываюць усяляк». Раман заўважае, што людзі ў Латвіі сталі больш агрэсіўнымі, пачалі сыходзіць у сябе, вялікі недавер пайшоў адзін да аднаго, шмат у чым з-за русафобскай палітыкі.

«Мы былі ўражаныя пасля той разрухі, якая пануе ў Латвіі»

Спецслужбы Латвіі таксама звярнулі ўвагу на залішне, па іх меркаванні, актыўнага блогера, і Раману прыйшлося спешна пакідаць радзіму. Прыехаў у Беларусь практычна без сродкаў, у кішэні было ўсяго 200 еўра! Каб звесці канцы з канцамі, уладкаваўся на працу ў сельгаспрадрыемства, і цяпер гэтым фактам вельмі ганарыцца! На думку Рамана, калі і пачнецца адраджэнне Латвіі, то варта яго пачаць менавіта са стварэння калгасаў, дзе людзі занятыя вытворчай працай, дзе ёсць працоўныя месцы, дзе менавіта вакол калектыўнай гаспадаркі, а не фермера-адзіночкі, узнікае інфраструктура: школа, бальніца, клуб.

Гаворачы пра Беларусь, мой суразмоўца апярэдзіў падрыхтаванае пытанне аб тым, што ўразіла і спадабалася ў нашай краіне, і сам завёў пра гэта размову. «Прыехаўшы, мы былі ўражаныя пасля той разрухі, якая ў нас робіцца ў Рызе ці ў Юрмале (Вольга з Юрмалы, я сам з Рыгі). Вядома, Мінск паказальны ў плане чысціні... Ведаеш, як усе прыезджыя аднолькава кажуць: чысціня, смачная ежа, вось гэта ўсё сапраўды ўражвае». Але пры далейшых роспытах знайшліся і глыбейшыя адрозненні ад Еўропы.


Раман адзначыў масавую дэпапуляцыю Латвіі і іншых прыбалтыйскіх дзяржаў: «У Латвіі пасля развалу Савецкага Саюза людзі проста пакідалі вёскі, і ўсе ехалі ў гарады. Але ў Латвіі працы няма нідзе, і з горада з’язджалі — гэта як бы быў трамплін. Рыга, сталіца, заўсёды была трамплінам для таго, каб з’ехаць за мяжу! І з’язджалі туды, дзе мы заўсёды былі трэцім сортам, хоць мы і як бы лічымся грамадзянамі Еўрасаюза, але мы ўсё роўна такая працоўная бясплатная сіла ў самой Еўропе».

Блогер таксама расказаў, што з-за адсутнасці дэмаграфічных рэсурсаў у Прыбалтыцы вельмі складана весці малы бізнес: людзей няма, невялічкія крамы не адкрыеш, таму што яны проста «прагараць», а сеткі і супермаркеты фактычна падмялі ўвесь рынак пад сябе.

Мой суразмоўца ўзгадвае, што таксама спрабаваў займацца прадпрымальніцтвам у сферы лагістыкі, бо яму падавалася, што пры адсутнасці граніц у Еўрасаюзе будзе магчымасць атрымліваць замовы па ўсёй Еўропе. Але рэальнасць аказалася іншай: высветлілася, што заходняя частка Еўропы абараняе свой унутраны рынак і свае лагістычныя кампаніі, таму, нават маючы ў Латвіі кампанію, было складана зарабіць. Горыч і крыўда на латвійскіх кіраўнікоў гучаць у словах Рамана: «Абсалютна дурной была палітыка Латвіі, якая ў свой час не сказала: так несумленна, калі мы такія ўсе раўнапраўныя, дык давайце раўнапраўна працаваць на гэтым рынку. Але, на жаль, яны толькі лабіравалі інтарэсы цэнтральных краін, вось чым адрозніваюцца палітыкі там і нашы тут, у Беларусі».

Смак дзяцінства і энергетыка памяці

Раман заўважае, што Латвію і іншыя краіны Прыбалтыкі апанавалі прадукты і тавары з Заходняй Еўропы, асабліва з Германіі, пры гэтым мясцовым фермерам вырабляць штосьці сваё стала вельмі нявыгадна, бо танная ежа прыходзіць з Германіі. Аднак якасць гэтай ежы пакідае жадаць лепшага. Блогер са смехам расказаў, як спрабаваў праз два дні пасля пакупкі разагрэць у мікрахвалевай печцы булачку для гамбургераў, і крыху ператрымаў. Атрымаў на вячэру гумовы вугаль! «Уся ежа там засоленая, яна аднастайная. Калі я прыехаў у Беларусь, у мяне першае, што было — такі флэшбэк, дэжавю майго дзяцінства. Бо яшчэ ў бабулі з дзедам, калі я летам у іх заставаўся ў дзяцінстве, я памятаю тыя смакі, калі мяса было мясам, калі яйкі былі яйкамі, і калі жаўток быў жоўты, а не бляклы, незразумелы. 

І гэтыя смакі я тут зноў адчуў. Настальгія! Я нават паправіўся на вашых смачных прадуктах».

Але, зразумела, не толькі смачнымі прадуктамі прывабіла Беларусь перасяленцаў з Латвіі. Раман звярнуў увагу, як беражліва ў нас захоўваецца гістарычная памяць. Хатынь, Брэсцкая крэпасць, Буйніцкае поле ў Магілёве — гэтыя месцы ўразілі яго сваёй энергетыкай і тым, што беларусы здолелі захаваць памяць аб трагедыі і праўдзе Вялікай Айчыннай вайны. У Латвіі большасць манументаў даўно знесены, а рэальная гісторыя аддадзена забыццю. Гэта таксама было адной з важкіх прычын пераезду ў Беларусь. 

І прычынай, што прымусіла Рамана не кідаць блогерства, а праз свае перадачы і ролікі даносіць праўду да латвійцаў, а заадно адкрываць вочы беларусам на ўсю «любату» Еўропы.

На пытанне, ці думае Раман калі-небудзь вярнуцца ў Латвію, мой суразмоўца сказаў: «Калі там усё нармалізуецца, калі выбудуюцца тыя самыя добрасуседскія адносіны, магчыма, буду ездзіць туды па рабоце. Але жыць я буду ўжо толькі ў Беларусі, у сваёй вёсцы, якая якраз на шляху з Рыгі ў Мінск».

Аляксей БЯЛЯЕЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю