Падраздзяленням крымінальна-выканаўчай інспекцыі споўнілася 90 гадоў. Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Заводскага РУУС г. Мінска падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Рахманька распавёў аб спецыфіцы працы інспекцыі і аб тым, як яе супрацоўнікі дапамагаюць людзям.
«Наша галоўная задача — дапамагчы кожнаму знайсці сваё месца ў грамадстве, — канстатаваў ён. — Мы стараемся падабраць прыдатную сферу занятасці, каб чалавек адчуў сябе патрэбным. Такія мерапрыемствы, як працоўныя акцыі, нагадваюць аб важнасці быць часткай грамадства, жыць паўнавартасным жыццём і прыносіць карысць сабе, блізкім і навакольным».
Як звяртаюць увагу праваахоўнікі, дастукацца да тых, хто калісьці парушыў закон, няпроста, але ў іх гэта атрымліваецца. «Калі атрымліваецца дапамагчы хаця б аднаму чалавеку, гэта ўжо поспех, — гаворыць Аляксандр Рахманька. — Мы ведаем, што нават самыя цяжкія лёсы не безнадзейныя, і заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі».
Пасля прафілактычнай гутаркі з падпалкоўнікам міліцыі падапечныя інспекцыі, якія пакуль не працаўладкаваныя, адправіліся на ўборку тэрыторыі ў скверы па завулку Кабушкіна. Такія мерапрыемствы — не проста грамадска карысная праца, але і важны крок у сацыяльнай рэабілітацыі. Яны даюць магчымасць адчуць сваю значнасць, адцягнуцца ад змрочных думак і зрабіць крок да новага жыцця.
Па дарозе да сквера некаторыя ўдзельнікі акцыі падзяліліся сваімі гісторыямі, якія прывялі іх на лаву падсудных. «Я не хацела, каб усё так скончылася, — з горыччу ўспамінае Ганна. — Падчас сваркі з сужыцелем, калі мы абодва былі п’яныя, я не стрымалася. Схапіла кухонны нож і ўдарыла яго. Цяпер разумею, як страшна гэта было».
Аляксандр, іншы падапечны інспекцыі, распавёў аб сваёй правіне. «Пасля футбольнага матча эмоцыі захліснулі, выпіў лішняга і ў выніку збіў незнаёмага чалавека, — расказаў ён. — Гэта была памылка, пра якую я шкадую кожны дзень».
Канстанцін, апусціўшы вочы, прызнаўся, што здзейсніў тое, аб чым сорамна казаць, — падняў руку на дзяўчыну. «Гэта было самае нізкае, што я мог зрабіць. Цяпер я хачу ўсё выправіць», — сказаў мужчына.
Нягледзячы на адрозненні ў гісторыях і характары ўчыненых злачынстваў, усіх падапечных аб’ядноўвае імкненне да выпраўлення. Дзякуючы падтрымцы супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, яны атрымліваюць шанц загладзіць віну, наноў навучыцца жыць у грамадстве і прытрымлівацца яго законаў. Як адзначыў Аляксандр Рахманька, кожная такая гісторыя — гэта не толькі выклік, але і магчымасць даказаць, што нават пасля цяжкіх памылак можна знайсці шлях да новага жыцця.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Заводскага РУУС г. Мінска