Спачатку былі пісьмы — пра гаротнае ваеннае дзяцінства, бацькоў, пра ненавісную настаўніцу, якая біла дзяцей, і любімую, што выкладала беларускую мову; пісьмы-роздумы пра жыццё і праблемы выхавання, пра лёсы канкрэтных людзей. Былі ўрэшце вясёлыя ды праўдзівыя гісторыі аб прыгодах мясцовага Несцеркі — шаўца Грышы Карабейкі і яго сябра Моні.
Многае з дасланага Нінай Андрэеўнай Кандрашонак друкавалася на старонках найстарэйшай беларускай газеты, якую жыхарка Петрыкава абрала сабе ў суразмоўніцы і нават сяброўкі.
— Я не так даўно выпісваю «Звязду» і найчасцей на месяц, — прызнаецца жанчына. — Бо ўзрост, хваробы: то, бывае, у бальніцу злягу, то з паўгода ў сына жыла...
Іх, сыноў, у Ніны Андрэеўны трое (аднаго, 33-гадовага — незагойная рана! — даўно пахавала), унукаў — шасцёра, праўнукаў — чацвёра пакуль. Усе яны тэлефануюць матулі-бабулі, хто радзей, хто часцей, прыяз-
джаюць і прыходзяць — дапамагаюць, не забываюць.
Але ж ёсць яшчэ адзін чалавек, якога старэйшына роду заўжды чакае. Гэта паштальён Руслан Цімашышын, які пяць разоў на тыдзень прыносіць свежы нумар газеты.
— Пакуль магу, буду выпісваць, — прызнаецца Ніна Андрэеўна. — Хочацца чытаць па-беларуску. Гэта праўдзівая прыпеўка была:
«Раяць справа, вучаць злева,
Я і сам не прападу.
Як кахаць, дык каралеву,
Як выпісваць, то «Звязду»!
Фота Алены Даўжанок