Top.Mail.Ru

Як Гродзеншчына праводзіла дэлегатаў УНС

Сёння ў Мінску стартуе адна з самых важнейшых падзей для нашай краіны. УНС збярэ дэлегатаў з усёй Беларусі! Уласныя карэспандэнты газеты «Звязда» праводзілі аўтобусы ў Мінск і пагутарылі з дэлегатамі. Расказваем, з якім настроем адправіліся ў шлях прадстаўнікі Гродзеншчыны.


Ужо з 6 раніцы каля будынку Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта было ажыўлена. Тут і там былі чутныя размовы, смех, прывітанні. Было бачна, што настрой пазітыўны! Вядома, прысутнічала і некаторае хваляванне, бо наперадзе два дні, якія вызначаць шлях Беларусі на найбліжэйшыя гады. Пацікавіліся ў дэлегатаў, з якімі думкамі і адчуваннямі яны адпраўляюцца ў дарогу.


Рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка:

— Вядома, хваляванне ёсць. Быць дэлегатам вельмі сур’ёзна. Мы адчуваем адказнасць за прыняцце правільных рашэнняў. Натуральна, ганарымся нашай краінай. Беларусь адна з нямногіх дзяржаў, дзе ёсць настолькі маштабнае народаўладдзе. Наш інстытут дапамагае прафесіяналам развівацца на працягу ўсяго жыцця. Вельмі важна, каб усе садзейнічала развіццю чалавечага патэнцыялу. Калі сістэма адукацыі ў краіне якасная, то будуць спецыялісты найвышэйшага ўзроўню, і дзяржава будзе ісці наперад. Калі ж адукацыя слабая, то краіна апынецца ўнізе ў сусветным рэйтынгу. Таму наша моцная сістэма адукацыі — гэта важны паказчык сілы Беларусь. У праекце сацыяльна-эканамічнага развіцця закладзена ідэя аб тым, што якасная адукацыя і выхаванне гарманічнай асобы — гэта адказ на выклікі часу. Трэба ведаць гісторыю, літаратуру, культуру, музыку. Важна быць сумленным, паважаць старэйшых і працу. Таму адукацыя адыгрывае ключавую ролю ў развіцці грамадства.


Урач-інтэрн установы аховы здароўя «Мінская абласная клінічная бальніца» Лізавета Лупач (была абрана дэлегатам падчас вучобы ў ГрДМУ, таму праслаўляе Гродзенскую вобласць — заўв. Аўтара):

— Я, як дэлегат УНС, знаходжуся ў стане прыемнага хвалявання. Гэта не проста ўдзел у важнай падзеі, гэта ўсведамленне адказнасці, якая на нас ускладзена. Мы, маладое пакаленне, з’яўляемся тымі, хто будзе будаваць будучыню нашай краіны. І гэта вялікі гонар. Я разумею, што наша задача ўносіць свой уклад у развіццё грамадства. Бачу сваю ролю як дэлегата ў папулярызацыі пытанняў аховы здароўя. Гэта сфера, у якой я магу быць карыснай і ўнесці рэальныя змены. Мы, маладыя дэлегаты, разумеем, што будучыня нашай краіны залежыць ад нас. Моладзь гатова браць на сябе адказнасць і працаваць над вырашэннем актуальных пытанняў. Адзін з іх — гэта праблема кадраў у маленькіх рэгіёнах. Важна, каб маладыя спецыялісты заставаліся на сваіх месцах, атрымлівалі падтрымку і жыллё. Гэта дапаможа ім развівацца і ўносіць свой уклад у развіццё рэгіёна. Пераканана, што ўдзел моладзі ў УНС дапаможа зрабіць нашу краіну лепшай. Мы гатовы працаваць разам, падтрымліваць адзін аднаго і ўносіць свой уклад у агульную справу.


Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ірына Сцепаненка:

— Сёння настрой прыўзняты, але працоўны. Гэтая важная падзея не толькі для нашай краіны, але і для ўсяго свету. Ад Кіраўніка дзяржавы заўсёды чакаюць ключавых пасылаў і задач на будучыню. Прыярытэты, якія Прэзідэнт акрэсліць у сваім пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, надзвычай важныя. Я ўпэўнена, што прапанаваная праграма будзе прынятая. Яна накіравана на будучыню Беларусі і яе грамадзян. У праграме сем прыярытэтаў, гэта вельмі сімвалічна — паралель з «сем я». І якраз галоўны прыярытэт праграмны — сям’я. Яна заўсёды будзе на першым месцы як у бягучай праграме, так і ў будучыні. Сям’я — гэта аснова нашага дабрабыту і руху наперад. Вядома, асаблівая ўвага надаецца моладзі. Менавіта яна будзе вырашаць дэмаграфічныя праблемы і рухаць наперад лічбавую эканоміку. Маладое пакаленне забяспечыць бяспеку і стане залогам нашай будучыні. Але не варта забываць аб пераемнасці, яна таксама вельмі важная. Таму сярод дэлегатаў людзі самых розных узростаў. Усебеларускі народны сход увасабляе сувязь пакаленняў. Без ведаў мінулага немагчыма пабудаваць будучыню.

Наперадзе два дні напружанай працы, але гэта не палохае дэлегатаў, якія с нецярпеннем чакалі ВНС. Усе яны гатовы працаваць на карысць беларускага народа.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота Гродзенская праўда

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю