Top.Mail.Ru

Як гісторыя аднаго чалавека змяніла жыцці дзясяткаў людзей

«Мы не здаёмся, у нас проста няма такой магчымасці»

Гэта той самы выпадак, калі журналісцкая аб’ектыўнасць і непрадузятасць адыходзяць на другі план. Таму што непрадузята ставіцца да дабрыні, неабыякавасці і рэальнай дапамогі людзям проста немагчыма. А яшчэ гэта вельмі незвычайная і нават кранальная гісторыя.

Дзяніс Васілевіч увесь свой час прысвячае дапамозе людзям з інваліднасцю. Інакш ён не можа. Мама Дзяніса — унікальная жанчына. Яна з’явілася на свет без рук і ног, але змагла нарадзіць, выхаваць сына і навучыцца весці актыўнае жыццё. За гэтым стаіць вялізная праца і шалёная ўпартасць. А ў большасці людзей з інваліднасцю, асабліва калі яна набытая, не заўсёды ёсць разуменне, як адаптавацца да новай рэальнасці. Але ў іх ёсць Дзяніс Васілевіч — валанцёр-інструктар па фізічнай падрыхтоўцы ў Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў (РАІК), ініцыятар розных сацыяльных праектаў. Адзін з іх, напрыклад, інклюзіўны пляж на Мінскім моры. У працэсе рэалізацыі «ідэя фікс» — першы ў краіне інклюзіўны картынг. «З прычыны медыцынскіх паказанняў не ўсе могуць кіраваць аўтамабілем, атрымаць правы. А мы абсталюем картынг так, што людзі з рознымі формамі інваліднасці змогуць гэта рабіць. Магчыма, такім прыкладам мы дадзім штуршок змяненням у звычайных аўтамабілях, каб імі маглі кіраваць людзі з інваліднасцю», — тлумачыць Дзяніс.

А яшчэ Дзяніс Васілевіч — трэнер па лёгкай атлетыцы. Трэніруе, як няцяжка здагадацца, спартсменаў з паражэннямі апорна-рухальнага апарату. Сам ён, дарэчы, у мінулым спартсмен, займаўся веславаннем, скончыў Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, атрымаў дыплом трэнера... і паклаў яго на паліцу. Там дыплом і ляжаў амаль 10 гадоў, пакуль у 2015-м у адным з лагераў актыўнай рэабілітацыі ад РАІК Дзяніс Васілевіч не пасябраваў з Уладзіславам Грыбам. Хлопец зламаў пазваночнік, пасля рэабілітацыі заняўся лёгкай атлетыкай, і спатрэбілася дапамога сябра з трэнерскай адукацыяй. Адмовіць таварышу Дзяніс Васілевіч не змог. Уладзіслаў Грыб кідае булаву. Да яго ніхто з беларускіх паралімпійцаў з гэтым снарадам не працаваў. Таму сябрам прыйшлося ўсяму вучыцца на ўласным досведзе. «Булаву кідае самы складаны клас — людзі з траўмай шыі, у якіх дрэнна працуюць рукі і ногі. Слабы хват рук, слабая спіна, абмежаваныя кручэнні — усё гэта мае месца быць. І далёка не ўсе трэнеры могуць ці жадаюць працаваць з такімі спартсменамі. Я ведаю, як з імі працаваць, я разумею спецыфіку траўмаў. Таму мне было цікава прыняць гэты выклік. Булава — вельмі нестандартны снарад. Ёсць пэўныя патрабаванні, якой яна павінна быць па памеры — не больш за 38 см, па вазе — 397–420 грам. 

А ў астатнім ты чараўнік сваёй булавы. За паўтара года работы Улад дадаў да свайго выніку каля чатырох метраў — гэта красамоўны паказчык таго, што мы ўсё зрабілі правільна, падабралі найбольш падыходзячы снарад», — распавядае Дзяніс.

Пасля гэтага з’явіліся яшчэ ахвотныя паспрабаваць сябе ў кіданні булавы. Але, тлумачыць Дзяніс, далёка не ва ўсіх функцыянальныя магчымасці арганізма дазваляюць гэта рабіць. «Мы не проста набіраем людзей, мы іх адбіраем, глядзім на фізічны стан, узрост. Таму што паралімпійскі спорт — гэта не хобі, гэта прафесійны спорт і падрыхтоўка ў нас прафесійная», — адзначае трэнер. Некаторы час Уладзіслаў Грыб быў адзіным кідальнікам булавы ў краіне. Але нядаўна ў іх групе з’явіўся яшчэ адзін спартсмен з аналагічнай траўмай — Андрэй Бабінскі. А, значыць, можна казаць аб унутранай канкурэнцыі, якая ідзе на карысць спартсменаў. «Кіданне булавы — вельмі перспектыўны кірунак. У яго развіцці я бачу дзве мэты. Першая — інтэграцыя ў спартыўную супольнасць людзей з траўмай шыі, ім даступна не так шмат відаў спорту. Другая — медалі для краіны. Мы на гэта здольныя, мы да гэтага імкнёмся», — дзеліцца Дзяніс Васілевіч. Цяпер пад яго кіраўніцтвам трэніруецца пяць спартсменаў: Юлія Няжура кідае кап’ё і штурхае ядро, Анатоль Церахаў, у чыім арсенале булава, ядро і кап’ё, Ірына Бараноўская, у якой асноўны від — кіданне дыска і дадатковы — штурханне ядра

Галоўны прынцып Дзяніса Васілевіча як трэнера — быць адным цэлым са сваімі спартсменамі. «Я лічу, што калі атлет робіць усё, як я яму кажу, значыць, за вынік мы павінны адказваць разам. Ён выконвае тое, што я бачу, рэалізуе мае ідэі, і калі нешта ідзе не так, значыць, ёсць і мая недапрацоўка. Таму ўсё, што мы робім, мы робім разам і адказваем за гэта таксама разам. Практыка паказала, што такі падыход дзейнічае», — тлумачыць трэнер. І яшчэ, паводле яго меркавання, вельмі важна размяжоўваць сяброўства і работу, як у выпадку з Уладзіславам Грыбам: «Калі мы заходзім у сектар, я — на рабоце, ён — на трэніроўцы. 

У жыццёвых пытаннях ён можа не прыслухоўвацца да маіх парад, але ў плане работы гэта немагчыма. 

У нас увесь час адбываюцца дыскусіі, таму што Улад — чалавек з характарам, і я як прафесіянал не магу гэта не ўлічваць. Я заўсёды даю магчымасць зрабіць па-свойму і паглядзець, што з гэтага выйдзе. Калі прапановы спартсменаў лепшыя, вядома, я іх прымаю».

У 2024 годзе Уладзіслаў Грыб і Дзяніс Васілевіч выступалі на Паралімпійскіх гульнях у Парыжы. Для спартсмена гэта была ўжо другая Паралімпіяда, для трэнера — першая. «Калі я сам быў спартсменам, вядома, я марыў выступіць на Алімпійскіх гульнях. Мара спраўдзілася крыху інакш: я стаў трэнерам і выступіў на Паралімпійскіх гульнях. Я не падзяляю Алімпійскія і Паралімпійскія гульні. Гэта галоўны старт, той жа маштаб і таксама вялікае значэнне. Адказнасць перад краінай, перад тымі, хто ў нас верыў і хто нам дапамагаў, — каласальная. І пры гэтым трэнеру трэба быць стрыманым, таму што калі я пакажу сваё хваляванне, яно перадасца і спартсмену», — разважае Дзяніс Васілевіч. На жаль, у Парыжы ім не ўдалося дасягнуць жаданага выніку, Уладзіслаў Грыб і Дзяніс Васілевіч занялі шостае месца. «Пасля выступлення мы два дні не размаўлялі. Я палічыў, што трэба вытрымаць паўзу, каб не пагоршыць. Мы ехалі туды па медаль. Улад мог бы яго ўзяць, пасля Паралімпіяды ён кінуў па выніку трэцяга месца. Мы, мусіць, да канца і сёння не прынялі ўсё, што здарылася ў Парыжы, але мы зразумелі свае памылкі і выправілі іх. Так, гэта сумны досвед, аднак трэба працаваць далей. У такіх сітуацыях шмат залежыць ад трэнера: данесці, пераканаць, зрабіць высновы і настроіць на далейшую працу. Спартсмен павінен змагацца, а трэнер павінен яму падказваць, як гэта рабіць. Дай бог, Паралімпіяда ў Лос-Анджэлесе нам скарыцца. Цяпер Уладу не хапае вялікай, важнай перамогі. Калі ён яе возьме — ужо нікому не аддасць. А пакуль што трэба для яе працаваць. Значыць, такі наш лёс. Мы не здаёмся, у нас проста няма такой магчымасці», — разважае Дзяніс Васілевіч.

Трэнер прызнаецца, яго дзейнасць — няпростая, але інакш ужо нельга: «У мяне былі спробы завязаць з валанцёрствам. У нейкі момант прыходзіш да пункта невяртання, калі здаецца, што ўжо ўсё зрабіў і сіл, і ідэй больш не застаецца. Але праходзіць час, выдыхаеш, і з’яўляюцца новыя ідэі. Я з дзяцінства вяду такі лад жыцця, жыў сярод інвалідаў і разумею: а хто, калі не я? Таму раблю, іншыя глядзяць і падцягваюцца. І гэта класна. Хочаш змяніць свет — пачні з сябе».

Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю