Top.Mail.Ru

Як функцыянуе самае інтэлектуальнаце падраздзяленне Узброеных Сіл?

Конкурс у роту інфармацыйных тэхналогій — як на самыя прэстыжныя спецыяльнасці вядучых ВНУ краіны: каля 40 чалавек на месца. Атрымліваючы павестку на тэрміновую ваенную службу, камп’ютарныя геніі ўсе як адзін мараць трапіць сюды. Яны ведаюць: у падраздзяленні не тое што не страцяць свае прафесійныя кампетэнцыі, а, наадварот, удасканаляць свае веды, выйдуць на новы ўзровень, які дазволіць быць больш канкурэнтаздольными на рынку працы.


Аднак перш чым прыступіць да распрацоўкі ўнікальных праектаў, маладыя людзі праходзяць курс маладога байца. Затым на працягу ўсёй службы ўдасканальваюць свае стралковыя і фізічныя здольнасці, без якіх не абысціся абаронцу Айчыны. Але пераважную колькасць часу іх палігонам з’яўляецца сучасны офіс, а зброяй — найноўшая камп’ютарная тэхніка. Без перабольшання гэта самае інтэлектуальнае падраздзяленне Узброеных Сіл.

Дысцыпліна — найважнейшы элемент рэзультатыўнасці

Рота інфармацыйных тэхналогій была створана па рашэнні міністра абароны ў снежні 2018 года на базе галоўнай ваеннай ВНУ краіны. У сценах Ваеннай акадэміі армейскія інтэлектуалы ствараюць праграмнае забеспячэнне ў інтарэсах Узброеных Сіл, іншых сілавых структур, грамадзянскіх устаноў адукацыі. Як правіла, салдаты служаць у падраздзяленні год. Пасля заканчэння ваеннай кафедры маладыя людзі прызываюцца на паўгода. Да апошніх, дарэчы, прад’яўляюцца больш высокія патрабаванні: за гэты час яны павінны паспець зрабіць тое, што хлопцы робяць на працягу года. З нядаўняга часу прадугледжана і кантрактная служба.

«Стварэнне ІТ-роты мела некалькі мэт, — расказвае намеснік начальніка Ваеннай акадэміі па навуковай рабоце — начальнік аддзела навуковай работы палкоўнік Дзмітрый САХАРУК. — Мэта нумар адзін — укараненне лічбавых тэхналогій у адукацыйны працэс — рэалізавана на 100%. 

Штогод рота выдае некалькі сімулятараў, трэнажораў, усялякіх мадэляў, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе Ваеннай акадэміі. Лічбавыя тэхналогіі робяць яго разнастайным, цікавым, інтэрактыўным».

  • Другая мэта — лічбавізацыя дзейнасці Узброеных Сіл. Ваеннаслужачыя роты інфармацыйных тэхналогій распрацоўваюць вялікую колькасць праграм, заказчыкамі якіх з’яўляюцца галоўнае ўпраўленне кадраў, галоўнае ўпраўленне баявой падрыхтоўкі, усе падраздзяленні 

Генеральнага штаба і іншыя. Гэтыя праграмы істотна павышаюць якасць выканання задач, якія стаяць перад падраздзяленнямі Узброеных Сіл.

  • Трэцяя мэта, што прадугледжвала стварэнне ІТ-роты, — сацыяльная. «У краіне вялікая колькасць маладых людзей, якія валодаюць сур’ёзнымі кампетэнцыямі ў галіне інфармацыйных тэхналогій, — заўважае намеснік начальніка Ваеннай акадэміі па навуковай рабоце. — Беларусь застаецца рэгіянальным лідарам па распрацоўцы праграм і праграмных прадуктаў. У ІТ-сферу ўцягнута вялікая колькасць моладзі, таму быў запыт на тое, каб праграмістам не марнаваць часу на асвойванне сумежнай ваеннай спецыяльнасці, а даць магчымасць рэалізаваць сябе ў інтарэсах абараназдольнасці, захаваўшы накіраванасць ІТ-профілю падчас службы ў арміі».

Дзмітрый Сахарук упэўнены: дзякуючы з’яўленню роты інфармацыйных тэхналогій вялікая колькасць хлопцаў прыняла рашэнне не з’язджаць з краіны па прычыне, што ім трэба было ісці ў армію. «Яны не проста выканалі свой канстытуцыйны абавязак, а лічаць гэты час вельмі карысным для сябе, — канстатуе ён. — Дысцыпліна для многіх з іх стала адкрыццём. Маладыя людзі ўбачылі, наколькі павышаецца прадукцыйнасць пры строгім рэгламенце работы. Цяпер, калі многія з іх самі кіруюць калектывамі, ёсць разуменне таго, што дысцыпліна — найважнейшы элемент рэзультатыўнасці. А навучыліся гэтаму менавіта ў арміі».

Праекты заўтрашняга дня

Ваеннаслужачыя ІТ-роты рэалізуюць ідэі ваенных вучоных. Работа вядзецца па некалькіх кірунках. «Гэта вучэбныя праекты, якія ў тым ліку забяспечваюць навучальны працэс Ваеннай акадэміі, — удакладняе начальнік навукова-даследчыцкай лабараторыі (інфарматызацыі) навукова-даследчыцкай часці Ваеннай акадэміі падпалкоўнік Максім КАЗАРОВЕЦ. — У прыватнасці, цяпер працуем над трэнажорам БТР-82: такім чынам мы падрыхтуем курсантаў да выкарыстання новых узораў ваеннай тэхнікі. Распрацоўваем трэнажоры для падрыхтоўкі спецыялістаў па кіраванні беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Цяпер гэта як ніколі актуальна». 

Айцішнікі ў пагонах працуюць па лічбавізацыі карт мясцовасці, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння прыняцця рашэнняў. Вядуцца распрацоўкі ў галіне аўтаматызаваных сістэм кіравання войскамі, штучнага інтэлекту. «Усе нашы праекты не проста актуальныя, яны накіраваны на заўтрашні дзень, — падкрэслівае Дзмітрый Сахарук. — Улічваецца і вопыт лакальных канфліктаў, у тым ліку канфлікту ў нашых суседзяў».

Дарэчы, вопыт функцыянавання роты інфармацыйных тэхналогій Узброеных Сіл Беларусі запатрабаваны ў іншых краінах. 
У прыватнасці, у Расіі адмаўляюцца ад існавання навуковых рот і пераходзяць да пабудовы гэтай сістэмы па аналогіі з нашай, толькі ў большым маштабе.

Новы вопыт і камандная работа

Як трапіць на службу ў роту інфармацыйных тэхналогій? Абавязковая ўмова — наяўнасць вышэйшай адукацыі па ІТ-профілі. Першасныя спісы патэнцыяльных кандыдатаў ствараюцца ў ваенкаматах, затым накіроўваюцца ў Ваенную акадэмію. Як толькі маладыя людзі праходзяць медыцынскую камісію і прызнаюцца прыдатнымі да службы ва Узброеных Сілах (незалежна ад ступені прыдатнасці), Ваенная акадэмія запрашае патэнцыяльных кандыдатаў на індывідуальную гутарку. На першым этапе яны пішуць пісьмовы тэст (для таго каб праверыць базавую кваліфікацыю), далей з імі гутараць ваеннаслужачыя роты. Заключны этап адбору — прафесійна-псіхалагічнае тэсціраванне.

«Мы не адбіраем самых лепшых з найлепшых, — звяртае ўвагу Максім Казаровец. — Запрашаем хлопцаў пад канкрэтныя праекты з канкрэтнай тэхналогіяй. Цяпер у нас праекты больш працяглыя і складаныя, больш прафесійныя».

За плячыма малодшага сяржанта Ільі Істоміна — факультэт інфармацыйных тэхналогій БДТУ, вопыт работы ў камерцыйных праектах. «Для мяне ІТ-рота гучала як нейкая казка, я не верыў, што магу трапіць сюды, — прызнаецца малады чалавек. — У цяперашні час працую над дзяржаўным праектам асаблівай важнасці, вяду каманду ў складзе 12 чалавек. Гэты вопыт абавязкова спатрэбіцца». Ваеннаслужачы перакананы: трэба служыць і нічога не баяцца.

Глеб Палывяны расказвае, што пра роту інфармацыйных тэхналогій чуў даўно, шмат чытаў у інтэрнэце. «Калі гэта па маёй спецыяльнасці, чаму б не паспрабаваць?» — думаў ён, атрымаўшы павестку з ваенкамата. Глеб скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, вучобу сумяшчаў з работай у ІТ-кампаніі.

«З плюсаў службы ў роце — ты не забываеш тыя тэхналогіі, веды, якія набываў дагэтуль, — кажа ваеннаслужачы. — Вельмі многае даведаўся менавіта тут. Мы можам свабодна падысці адзін да аднаго і абмеркаваць рашэнне, якое ёсць у нас па праекце. Вядома, армія — тое месца, дзе павінна быць дысцыпліна, але разам усё праходзіцца дастаткова лёгка. Удзячная справа — служыць у арміі. Гэта школа, якая загартоўвае. Я не пашкадаваў, што сюды пайшоў».

Яфрэйтар Дар’я Бадыль(на фота) — адзіная дзяўчына ў роце інфармацыйных тэхналогій — мэтанакіравана ішла да пагонаў. Да таго як трапіць сюды, праходзіла службу ў воінскай часці ў Заслонаве, дзе служыў яе бацька, падпалкоўнік запасу, і там жа працуе маці. Дагэтуль дзяўчына скончыла каледж, па спецыяльнасці яна — праграміст. У роце Дар’я — дызайнер. Як лічаць яе таварышы па службе, у дзяўчат лепш развіта пачуццё прыгожага, а таму дзякуючы яе майстэрству іх праекты выглядаюць прывабна.

Аднак агульнавайсковыя дысцыпліны ніхто не адмяняў. «На ніякія паблажкі толькі з-за таго, што я дзяўчына, не пагаджаюся, — кажа Дар’я. — У мяне такі прынцып: калі я служу — значыць я служу. Я заўсёды марыла сумяшчаць работу ў ІТ-сферы са службай у арміі. Мая мара збылася».

Фота Віктара Іванчыкава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю