Top.Mail.Ru
180

Як энергетыкі рыхтуюцца да антыцыклону і ледзянога дажджу, расказаў кіраўнік Мінэнерга

Як энергетыкі рыхтуюцца да антыцыклону і ледзянога дажджу, расказаў журналістам міністр энергетыкі Дзяніс Мароз.

«Перыяд нізкіх тэмператур для энергасістэмы заўсёды з’яўляецца выклікам, павышаецца нагрузка на электрычныя і цеплавыя сеткі. Не выключэнне і той перыяд дастаткова сур’ёзных замаразкаў, які быў на мінулым тыдні», — сказаў Дзяніс Мароз.

Энергасістэма Беларусі абнавіла абсалютны гістарычны рэкорд: у перыяд моцных маразоў зафіксаваны новы максімум аднамомантавай пікавай нагрузкі — 7325 МВт. «Папярэдні рэкорд быў крыху больш за 6700 МВт, гэта значыць практычна на 10 % рост. З чым гэта звязана? З тым, якая вялікая ўвага ў Беларусі надаецца развіццю электраспажывання. Мы актыўна ўкараняем электраацяпленне ў жылых дамах, як індывідуальных, так і шматкватэрных. У перыяд нізкіх тэмператур менавіта гэты сегмент вельмі моцна павялічвае спажыванне электрычнай энергіі. Мы заўсёды працуем на апярэджанне. Калі мы бачым, што будзе паніжэнне тэмператур, усё энергетычнае абсталяванне загадзя рыхтуецца да праходжання адпаведных мінімумаў. Уласна кажучы, і на дадзены момант, рыхтуючыся да наступных пахаладанняў, мы пераводзім энергасістэму ва ўзмоцнены рэжым для таго, каб забяспечыць нашых спажыўцоў цяплом і электрычнай энергіяй», — адзначыў міністр.

«Цяпер на краіну насоўваецца чарговы антыцыклон. Адна з самых негатыўных з’яў, якія мы на цяперашні момант чакаем, гэта ледзяны дождж. Калі на электратэхнічнае абсталяванне, на дрэвы, якія знаходзяцца вакол лініі электраперадачы, падае мокры дождж, ён імгненна замярзае, за кошт чаго павялічваецца іх маса, што патэнцыяльна можа прыводзіць да пашкоджанняў гэтага абсталявання. На жаль, спосабаў цалкам абараніцца ад гэтага на сёння няма, і энергасістэма зноў-такі працуе на апярэджанне. Праведзены ўстановачныя нарады, дадзены даручэнні ўсім службам перайсці ва ўзмоцнены рэжым працы. Падрыхтавана больш за 670 аварыйна-аднаўленчых брыгад, каб рэагаваць на магчымыя адключэнні. У цяперашні момант больш за 700 адзінак абсталявання, машын і механізмаў мы праверылі на працаздольнасць, каб імі можна было ў любы момант скарыстацца. Акрамя таго, праверана гатоўнасць да эксплуатацыі больш за 300 дызель-генератарных установак. Энергасістэма ў дадзены момант працуе ва ўзмоцненым рэжыме, каб у выпадку адключэнняў імгненна рэагаваць на іх і аднаўляць электразабеспячэнне», — праінфармаваў кіраўнік Мінэнерга.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю