Top.Mail.Ru

Як дыпламаваны юрыст завёў дойны статак і стаў папулярным сельскім блогерам

«Мяне заўсёды цягнула ў вёску»

«Усім добры вечар! З вамі Эдвард і мая родная вёска Солы» — так пачынаюцца многія пасты блогера са Смаргонскага раёна Эдварда Лукянца. Яго другое па ліку відэа сабрала мільён праглядаў. БелТА пабывала ў яго ў гасцях і даведаліся, чаму выпускнік юрфака пераехаў з горада ў вёску і якія магчымасці ёсць на вёсцы ў таго, хто не баіцца працы і адказнасці.

«У вёсцы радуе літаральна ўсё»

— Прызнаюся, жыць у горадзе ніколі не любіў. Ад такіх падарожжаў і цяпер моцна стамляюся. Паездка ў Мінск — наогул катастрофа. Прасцей вагоны разгружаць, — прызнаўся суразмоўца і ўдакладніў: — Мяне заўсёды цягнула ў вёску. Марыў завесці сваю гаспадарку і жыць у бабулінай хаце, дзе я, уласна, нарадзіўся і вырас — там прайшло маё дзяцінства. Цяпер вось зрабіў так, як і планаваў...

Так склалася, што, нават пераехаўшы з бацькамі ў Смаргонь, хлопчык усе канікулы праводзіў у бабулі Людвікі Янаўны. Яе падворак быў не тое каб вялікім, але вельмі клапотным і патрабаваў увагі: карова, свінкі і куры. Яшчэ сад з агародам ды соткі пад бульбу. Таму Людвіка Янаўна з самай раніцы і да позняга вечара займалася гаспадаркай. Спачатку юны Эдвард быў не бог ведае якім памочнікам. Але калі падрос, бабуля раз-пораз выдавала яму ўсё больш «заказ-нарадаў»: «Дапамажы, унучак, перабраць бульбу», «А ці не пакарміў бы ты курачак?» і г.д. Просьбы бабулі для ўнука не былі цяжарам. Ён яе любіў, зрэшты, як і просты вясковы ўклад, і павольнае жыццё ў вёсцы. Хоць, вядома, марыў больш праводзіць часу з равеснікамі, на гульні з якімі таксама знаходзіўся час. Можна сказаць, што аснова для вяртання ў вёску ў нашага героя, які скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і цалкам здольны стаць хоць пракурорам, суддзёй або адвакатам, была закладзена амаль на генным узроўні.


Жонка Эдварда Алёна ўспамінае, як яе муж спачатку ездзіў у Солы адзін. Разумела, што яго моцна цягнула да вытокаў — у рамантыку вясковых будняў. Потым сталі прыязджаць туды ўсёй сям’ёй: мама, тата і двое дзяцей — старэйшая дачка Юля і сын Кірыл. Хутка муж і жонка Лукянец і зусім перабраліся ў Солы на ПМЖ — усёй сям’ёй. І сталі жыць у бабулінай хаце.

Сёння ў пары Лукянец ужо трое дзяцей. Малодшанькая Ева нарадзілася ў вёсцы. Зарадзіць любоўю да малой радзімы Эдварду Віктаравічу ўдалося не толькі душу жонкі, але і дзяцей. Ад жыцця ў Солах у захапленні ўсе.

— Мяне, чалавека, які не любіць вялікі горад, у вёсцы радуе літаральна ўсё. Возьмем пачатак дня. Раніцай з кубкам кавы спускаюся з ганка ў двор — падыхаць свежым паветрам, пагутарыць з сабакам, пагуляць з ім. Вы можаце сабе ўявіць той стан душы, які я адчуваю пры гэтым? — усклікае блогер Эдвард Лукянец, прызнаючыся, што з першых дзён вяртання ў вёску не ўяўляў свой падворак без наяўнасці ўсякай рознай жыўнасці. Вось і прапанаваў жонцы завесці дзвюх мілых в’етнамскіх свінак ды некалькі курачак. Яна згадзілася. Хоць спачатку да ідэі Эдварда Віктаравіча прысвяціць жыццё сельскай гаспадарцы паставілася з асцярожнасцю: а можа, перадумае? У хуткім часе муж і жонка перайшлі ад в’етнамскіх свінак да традыцыйных — буйных парод свіней. Купілі карову, потым — другую. Так паступова асабістая сялянская гаспадарка для пары Лукянец стала лёсавызначальным выбарам.

— Вядома, спачатку было цяжка, ды і цяпер няпроста, — прызнаецца блогер. — Мяне зразумеюць тыя, хто ведае, што такое сельская гаспадарка не па чутках, а таксама тое, што бываюць моманты, калі ты не ў лепшай форме і настроі, але ёсць слова «трэба». І ты ідзеш і робіш усё, што патрабуецца.

Рабочы дзень Эдварда Віктаравіча і Алёны Анатольеўны, як і ва ўсіх жыхароў вёскі, пачынаецца рана.

— У шэсць раніцы ўжо на нагах. Дадому вяртаюся ў палове дзясятага вечара, пасля вячэрняй дойкі, — расказвае субяседнік.

«Нямала добрых парад ад вучоных атрымаў»

Не маглі не спытаць у мужа і жонкі: як да пераезду ў вёску паставіліся сябры, знаёмыя? Не папярэджвалі, што праца на зямлі — справа часта рызыкоўная, непрадказальная?

— Безумоўна, сельская гаспадарка — гэта чарада пастаянных рызык. Невядома, якімі будуць надвор’е і ўраджай, колькі тая ці іншая карова дасць малака, якім будзе здароўе свінога і каровінага пагалоўя. Але мы пра гэта ведалі і самі, — згаджаецца Эдвард Віктаравіч. — Так, нехта мяне асуджаў і прадаўжае гэта рабіць і цяпер — ад гэтага нікуды не дзенешся. Як кажуць у народзе, нікому язык не завяжаш... Але большасць тых, з кім маем стасункі, падтрымліваюць наш выбар, гэта значыць ставяцца да мяне і Алёны добра, з разуменнем.

Дарэчы, блогер прызнаўся, што вучыўся весці гаспадарку, выкарыстоўваючы вопыт прафесіяналаў — ветэрынараў, заатэхнікаў, аграномаў, якія заўсёды былі гатовы дапамагчы селяніну-пачаткоўцу словам і справай.

— Нямала добрых парад ад іх, а таксама ад вучоных атрымаў у сацыяльных сетках. Яны часта падказваюць, калі ўзнікае нейкая праблема з вобласці заатэхнікі, ветэрынарыі. Іншымі словамі, атрымаць добрую параду не праблема: было б жаданне арганізаваць паспяховую гаспадарку, — сцвярджае субяседнік.

Ад публікі з «Цік-Тока» ён і сам не ўтойвае таго, як вядзе сваю невялікую справу, дзеліцца рэцэптамі мясных далікатэсаў са свініны. Вось, напрыклад, рэцэпт прыгатавання яго фермерскага сала сухой засолкі:

— Бяру дамашняе смоленае сала, засольваю яго па рэцэпце дзядулі і бабулі. Потым укручваю ў палатняную тканіну і складваю ў драўляную скрыню. Там прадукт у выніку і даспявае. Сала атрымліваецца што трэба — літаральна растае ў роце!

Дарэчы, у плане рэцэптаў Эдварду Віктаравічу дапамагаюць і яго калегі — блогеры. Напрыклад, іх ідэя аб выкарыстанні марынаваных памідораў пры падрыхтоўцы шашлыкоў аказалася проста бамбічнай!

— Так замарынаваныя шашлыкі атрымліваюцца проста цудоўнымі! — прызнаецца Эдвард Лукянец і ўдакладняе: — Дарэчы, гэту страву па новай рэцэптуры па заслугах ужо ацанілі многія нашы кліенты.

Так, гандаль ідзе паспяхова. Фермерская прадукцыя, па прызнанні Эдварда Віктаравіча, разыходзіцца ў момант:

— Паколькі сала і мясныя далікатэсы робім са сваёй уласнай сыравіны.

Што датычыцца малака ад 12 кароў, якія знаходзяцца на новым, другім падворку ў вёсцы Бялюны, то яго Лукянцы здаюць на «Смаргонскія малочныя прадукты» філіяла ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат».

За адну базавую — дача або стартавая пляцоўка для гаспадаркі

Дарэчы, вёска Бялюны прыйшлася мужу і жонцы даспадобы па шэрагу прычын.

— Нам вельмі спадабалася гэта ціхае, добрае месца — і мы купілі там дом за адну базавую! — расказвае аб другой прамыслова-дачнай пляцоўцы сям’і Эдвард Віктаравіч, удакладняючы пры гэтым, што да дома належаў яшчя і ўчастак зямлі.

Пазней вяскоўцу ў арэнду было дадзена яшчэ 5 га — для выпасу кароў.

— Тое, што дзяржава дае магчымасць выкупляць пустуючыя дамы за сімвалічную плату — гэта вельмі вялікі плюс. Так, пры мінімальным укладанні сродкаў у рамонт ёсць магчымасць іх выкарыстоўваць у якасці дачы або стартавай пляцоўкі для арганізацыі гаспадаркі, — як гэта зрабілі мы.

У Бялунах муж і жонка Лукянец утрымліваюць сваіх кароў — кормяць, пояць, дояць іх двойчы на дзень. Малочную тэму пара мае намер развіваць і далей.


— Паколькі купіць добрую карову на баку праблематычна, ды і дорага, а нашы каровы высокапрадукцыйныя, здаровыя, таму будзем пакідаць цялушак, якія нарадзіліся ад іх. Лічу такі шлях эканамічнага росту гаспадаркі найбольш разумным, — упэўнены субяседнік.

Дарэчы, набыты дом у Бялюнах воляй-няволяй стаў месцам прыкладання творчага натхнення нашага субяседніка. Тут ужо арганізавалі зону адпачынку — з лазняй і іншым хараством сельскага жыцця.

— У гэтым сезоне ўладкавалі адзін з пакояў, — гаворыць Эдвард Віктаравіч, які ідэю стылізацыі інтэр’ера пад даўніну, дарэчы, запазычыў у аднаго з блогераў у інтэрнэце, які расказаў, як упрыгожыць жыллё, выкарыстоўваючы недарагую неабразную дошку. — На карысць такой ідэі і сціплы бюджэт праекта. Атрымалася прыгожа, танна і надзейна — такі інтэр’ер паслужыць яшчэ і нашым дзецям.

Другое відэа — 1 млн праглядаў

Распыталі героя нашага праекта, чаму ён раптам стаў блогерам.

— Я з тых, хто аддае перавагу сініцы ў руцэ, чым жураўлю ў небе, таму хацеў паказаць на сваім прыкладзе, што людзі могуць жыць у вёсцы, працуючы дастойна, у рамках закону, і пры гэтым ні ў чым не маючы патрэбы. Каб выканаць гэту простую задачу, я здымаў на відэа свой хлеў, дзе вырошчваем нашых свінак, паказваў, як гадуецца адно пагалоўе, потым яму на змену прыходзіць новае. Гэта значыць з «мяса і сала», якое мы вырошчваем, у выніку атрымліваецца дамашні, натуральны, смачны прадукт.

Ужо другое відэа Эдварда Віктаравіча, у якім ён паказаў, як працуе яго вяндлярня, набрала 1 млн праглядаў.

— Было шмат станоўчых водзываў, з’явілася магчымасць новых карысных анлайн-знаёмстваў. Я рады таму, што мой блог аказаўся некаму карысным, як, зрэшты, і мне самому. У мяне з’явілася шмат добрых, адэкватных знаёмых, якія займаюцца падобнай да маёй работай. Упэўнены на ўсе 100 працэнтаў, што карысці ад простых чалавечых стасункаў, у тым ліку анлайн, значна больш, чым ад неаргументаванай крытыкі хейтараў. Так-так, я таксама атрымаў нямала негатыўных каментарыяў, — гаворыць блогер. — Прызнаюся, яны мяне крыху прытармазілі, але, прыгледзеўшыся больш пільна, я не засмуціўся і ўспомніў параду аднаго знаёмага блогера, які гаварыў: «Ну, не падабаецца вам нейкі канал, вы ж тэлевізар не разбіваеце і не ідзяце ў магазін купляць новы?» Хацеў бы сказаць сваім хейтарам: «Будзьце дабрэйшыя! Вам не падабаецца тое, пра што я расказваю, тады проста гартайце далей старонку!» Блогерам, якія дзеляцца вопытам у самых розных галінах, параіў бы не звяртаць увагі на негатыўныя водзывы. Так яны дапамогуць іншым развівацца — у патрэбным для іх напрамку.

«Нашы дзеці не адварочваюць нос ад цяжкасцей і пахаў»

Поспех любой справы, тым больш той, якая завязана на асабістай падсобнай гаспадарцы, залежыць ад кожнага члена сям’і. Такую простую ісціну Эдвард Віктаравіч і Алёна Анатольеўна растлумачылі сваім дзецям. У выніку ў працы на падворку і ў доме сям’і Лукянец задзейнічаны ўсе наследнікі. Галоўным татавым і маміным памочнікам застаецца, па сутнасці, толькі чатырнаццацігадовы сын Кірыл, старэйшая Юля падстаўляе плячо толькі на канікулах — вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на фармацэўта-правізара.


— Нашы дзеці не адварочваюць нос ад цяжкасцей і пахаў, якія суправаджаюць малочную і мясную жывёлагадоўлю ды і іншыя работы ў вёсцы, — гаворыць галава сям’і, які тут жа адзначае, што цікавасць сына да сельскай гаспадаркі не меншая, чым тая, што была ў яго ўзросце ў яго самога.

А каб Кірылу працавалася весялей, бацька паабяцаў да канца лета купіць менавіта тую рэч, аб якой той доўга марыў. І што ж гэта будзе за падаруначак? Бацька журналістам не сказаў, але сын жа добра ведае!

Як будзе далей з захапленнем сельскімі буднямі, бацькі не загадваюць, але вельмі спадзяюцца, што Кірыл прадоўжыць быць апорай ва ўсіх справах гаспадаркі, якая сёння развіваецца адразу на дзвюх пляцоўках: у Солах і Бялюнах. Адлегласць для мабільнай сям’і Лукянец не перашкода. Маючы невялікі бус, муж і жонка нядаўна набылі ў лізінг «Ладу Ларгус». Эдвард Віктаравіч мае намер нарошчваць пагалоўе дойных кароў, рабіць дамашнія сыры, вэндзіць іх.

— Разуменне таго, што ты працуеш на сябе і для людзей, дае сілы для пераадолення самых сур’ёзных праблем і вырашэння любых задач. Галоўнае, каб хапіла здароўя, каб у краіне і свеце былі парадак і спакой, — сказаў у канцы размовы наш субяседнік.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю