Top.Mail.Ru

Як другі пілот «Белавія» Яна Пасініцкая пракладае шлях у вялікую авіяцыю

Ад вучобы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі да палётаў на Embraer-175 і Embraer-195 — гісторыя гэтай дзяўчыны сведчыць, што поспех вызначаецца не стэрэатыпамі, а прафесіяналізмам, самадысцыплінай і пастаяннай працай над сабой. Дзяўчына-пілот упэўнена: неба адкрыта для кожнага, хто сапраўды гатовы прысвяціць сябе гэтай прафесіі.


Састарэлы стэрэатып

Для Яны Пасініцкай авіяцыя стала не выпадковым выбарам, а мэтай, да якой яна ішла свядома. Пачаткам гэтага шляху стала паступленне ў Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі на спецыяльнасць «Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі». На бюджэтнай форме навучання яна правучылася чатыры з паловай гады, пасля чаго па размеркаванні прыйшла працаваць у авіякампанію «Белавія». Сёння Яна займае пасаду другога пілота паветраных суднаў Embraer-175 і Embraer-195.

Паводле яе слоў, жаданне стаць пілотам ніколі не было спробай нешта камусьці даказаць:

— Я не хачу сказаць, што ў мяне быў стымул пераадолець стэрэатыпы. Лічу, што ўяўленне пра тое, што пілот — выключна мужчынская прафесія, ужо састарэла. Я прыйшла ў авіяцыю не дзеля таго, каб даказаць, што дзяўчына чагосьці вартая. Мне з самага пачатку была вельмі цікавая гэта прафесія. Я ўпэўнена, што здолею дасягнуць у ёй вялікіх поспехаў, і рухаюся ў гэтым кірунку, каб апраўдаць перадусім уласныя чаканні.


Двое замест чатырох

За рамантыкай палётаў хаваецца вялікая адказнасць і дакладна арганізаваны працэс падрыхтоўкі. Рабочы дзень пілота пачынаецца прыкладна за дзве гадзіны да вылету. Першым этапам становіцца медыцынскі агляд, падчас якога спецыялісты ацэньваюць фізічны і псіхалагічны стан члена экіпажа. Акрамя пульсу, пры неабходнасці вымяраецца ціск, каб пераканацца, што пілот цалкам гатовы да працы.

Пасля гэтага экіпаж прыступае да перадпалётнай падрыхтоўкі. Другі пілот разам з камандзірам аналізуюць метэаралагічную абстаноўку, вывучаюць маршрут, магчымыя абмежаванні паветранай прасторы, колькасць пасажыраў, асаблівасці рэйса, разлічваюць неабходны запас паліва. Затым праводзіцца брыфінг з бортправаднікамі, пасля чаго экіпаж праходзіць службы бяспекі, а пры міжнародных рэйсах — яшчэ і пашпартны ды мытны кантроль. Толькі пасля гэтага лётчыкі накіроўваюцца на борт. Камандзір аглядае самалёт, у кабіне праводзіцца падрыхтоўка ўсіх сістэм да палёту. Да моманту пасадкі пасажыраў экіпаж ужо поўнасцю гатовы да выканання рэйса.

Яна Пасініцкая адзначае, што сучасныя тэхналогіі істотна змянілі працу лётчыкаў. Калі раней у кабіне працавалі камандзір, другі пілот, штурман і бортмеханік, то сёння іх функцыі выконваюць толькі два чалавекі.

— Таму сучасны пілот павінен быць шматзадачным, стрэсаўстойлівым, адказным, рашучым, а ў нейкай ступені нават стрыманым, каб не паддацца паніцы ў надзвычайнай сітуацыі і прыняць правільнае рашэнне дзеля бяспекі палёту. І, безумоўна, важна быць камунікабельным, каб падтрымліваць добрую атмасферу ў кабіне разам з калегам, — падкрэслівае Яна.


«Неба баязлівых не прымае»

Нягледзячы на тое, што дзяўчына толькі пачынае прафесійны шлях, яна ўжо ставіць перад сабой сур’ёзныя задачы. Найбліжэйшая з іх — стаць камандзірам паветранага судна. Аднак у авіяцыі не бывае хуткіх поспехаў.

— Я не хачу адразу скакаць вышэй галавы. Трэба набрацца неабходнага вопыту, авалодаць усімі навыкамі, якія патрэбны камандзіру. У авіяцыі нельга быць занадта самаўпэўненым. Другі пілот сам адчувае, калі ён ужо сапраўды гатовы заняць месца камандзіра, — гаворыць Яна Пасініцкая.

Сёння асноўную ўвагу дзяўчына ўдзяляе ўдасканаленню тэхнікі пілатавання і развіццю навыкаў прыняцця рашэнняў:

— Я імкнуся дасягнуць таго ўзроўню спакою і ведаў, які ёсць у камандзіраў з вялікім вопытам. Яны заўважаюць дробязі, якія я толькі вучуся бачыць. З кожным палётам у мяне становіцца больш упэўненасці і спакою. Проста трэба пастаянна шліфаваць тэхніку пілатавання.


Неад’емнай часткай прафесіі Яна Пасініцкая называе самадысцыпліну:

— Нават самыя лепшыя выкладчыкі не змогуць навучыць курсанта без яго ўласнай настойлівасці. Авіяцыя грунтуецца на самападрыхтоўцы. Недастаткова толькі слухаць лекцыі. Трэба прыходзіць дадому і зноў вывучаць матэрыял, не баяцца задаваць пытанні інструктарам, дзяліцца ведамі з аднакурснікамі. Менавіта праз такія размовы інфармацыя лепш засвойваецца.

Асобна дзяўчына звяртаецца да тых, хто толькі марыць пра неба:

— Усім сваім маладым калегам, незалежна ад полу, я жадаю настойлівасці, уседлівасці і стрэса ўстойлівасці.

А дзяўчатам хочацца пажадаць быць удвая больш мэтанакіраванымі. Не хацелася б, каб негатыўныя стэрэатыпы яшчэ доўга існавалі. Я ўпэўнена, што ў авіяцыю прыходзяць дзяўчаты не з баязлівых. Яны могуць даць фору хлопцам. Таму што неба баязлівых не прымае.


«Усё ў маіх руках!»

Вялікае значэнне мае і фізічная падрыхтоўка. Пілоты штогод праходзяць строгую медыцынскую камісію, таму неабходна падтрымліваць здароўе, займацца спортам і пазбаўляцца ад шкодных звычак.

Нягледзячы на няпэўны графік палётаў, Яна стараецца захоўваць баланс паміж працай і асабістым жыццём. Калі наперадзе начны рэйс, то адпачывае даўжэй. Перад палётам любіць прагульвацца па парку, два-тры разы на тыдзень наведвае трэнажорную залу, рэгулярна вывучае сістэмы самалёта. Пры гэтым знаходзіць час на кнігі і сустрэчы з сябрамі.

— Не трэба цалкам сыходзіць у своеасаблівае пустэльніцтва здаровага ладу жыцця. Усюды важны баланс, — упэўнена яна.

Сям’я заўсёды падтрымлівала яе выбар — сваякі ганарацца тым, што сярод іх ёсць дзяўчына-пілот. Большасць сяброў таксама працуе ў авіяцыйнай сферы — яны пілоты і дыспетчары, таму тэмы палётаў у іх кампаніі ўзнікаюць пастаянна.

Пры знаёмстве з новымі людзьмі Яне часта даводзіцца чуць адно і тое ж пытанне: «А ты дакладна пілот? Можа, бортправадніца?»


— Я не крыўдую, разумею такую рэакцыю, — кажа мая суразмоўніца. — Не хочацца нічога нікому даказваць. Але вельмі прыемна, калі людзі сапраўды здзіўляюцца і кажуць, што ганарацца тым, што ў Беларусі дзяўчаты таксама становяцца пілотамі.

Нягледзячы на шматлікія размовы пра прыметы сярод авіятараў, Яна ў іх не верыць:

— У мяне няма ні рытуалаў, ні талісманаў. Авіяцыя — не месца для забабонаў. Мы павінны строга выконваць стандартныя працэдуры, бо менавіта яны робяць палёт бяспечным. Усё ў маіх руках!..

Пакуль яе галоўная задача — набываць вопыт і ўпэўнена расці ў прафесіі. Але ёсць яшчэ адна мара:

— Мне хацелася б палятаць па ўсім свеце, пазнаёміцца з правіламі выкарыстання паветранай прасторы розных дзяржаў, іх культурай.

Яна Пасініцкая толькі пачынае свой шлях у грамадзянскай авіяцыі. Аднак ужо цяпер яе гісторыя сведчыць: сапраўдны поспех у небе грунтуецца не на стэрэатыпах, а на ведах, адказнасці, пастаянным самаўдасканаленні і шчырай любові да сваёй справы.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю