Жанчыны працуюць над аднаўленнем горада Мінска. Фота зроблена, верагодна, вясною 1951 года. Левая вежа «варотаў» горада архітэктара Рубаненкі (ён, дарэчы, ніколі не жыў у Мінску, але якую памяць пра сябе пакінуў!) яшчэ ў будаўнічых лясах, цалкам жа гэты дом, якія ўзводзіўся для работнікаў Беларускай чыгункі, здадуць у 1952-м. Правая вежа яшчэ на стадыі будаўніцтва восьмага паверха, апошнюю секцыю гэтага дома здадуць у эксплуатацыю толькі ў снежні 1953 года.
Наогул жа гісторыя добраўпарадкавання сталіцы, прывядзення ў парадак кварталаў і вуліц горада, пачалася літаральна ў першы дні пасля вызвалення. Ужо 9 ліпеня 1944 года ў Мінску прайшлоў першы «нядзельнік» па расчыстцы горада, на які выйшла 25 тысяч гараджан. (Нядзельнік — таму што ў той час нядзеля была адзіным выхадным днём у тыдні, суботы былі працоўныя). Тады гучалі прапановы і абмяркоўвалася пытанне аб будаўніцтве новага горада за некалькі кіламетраў ад руін старога, разбуранага Мінска. Усё ж такі перамог пункт гледжання аб адраджэнні сталіцы на яе ранейшым месцы. З гэтай мэтай стварылі новую структуру — трэст па разборцы разбураных будынкаў і аднаўленні будаўнічых матэрыялаў.
У мерапрыемствах, якія праводзіліся трэстам, актыўную ролю адыгрывалі менавіта мясцовыя жыхары, якія штомесяц павінны былі адпрацаваць не менш як 15 гадзін на работах па правядзенні горада ў парадак. Для гэтага прадстаўнікі райвыканкамаў выдавалі кожнаму паўналетняму мінчаніну «Індывідуальную кніжку ўдзельніка аднаўлення Мінска», у якой адзначаўся адпрацаваны час. Такой была жорсткая неабходнасць.
...Не ўсе ведаюць, што пасля вызвалення Мінск яшчэ падвяргаўся моцным варожым бамбёжкам. Так, напрыклад, наркам унутраных спраў СССР Л. Берыя паведамляў Сталіну аб налёце нямецкай авіяцыі на Мінск у ноч з 20 на 21 ліпеня 1944 года. У ім удзельнічала каля 100 самалётаў. Бомбаваму ўдару, як вынікае з паведамлення, падвергся тады чыгуначны вузел. Згарэла 3 вагоны боепрыпасаў, 10 вагонаў з дызельным палівам. Разбурана і згарэла каля 30 дамоў, у тым ліку будынак абласнога НКУС. Забіта 15 чалавек, цяжка паранена — 30. У паветраным баі збіты тры самалёты праціўніка.
Праз суткі такі ж налёт паўтарыўся. Менавіта ў жніўні 1944-га быў амаль знішчаны з паветра ўвесь правы бок Маскоўскай вуліцы ад Дабрамысленскага завулка да Бетоннага моста.
8 кастрычніка 1944 г. у горадзе прайшоў другі масавы нядзельнік. Кожны з гарадскіх раёнаў — Сталінскі, Варашылаўскі і Кагановіцкі — быў разбіты на 10 вытворчых участкаў. У горадзе было створана 9 складскіх пунктаў для захоўвання сабранага металу і будматэрыялаў. Усяго ў нядзельніку прынялі ўдзел 33 тысячы мінчан. За гэты дзень было разабрана, ачышчана і выкладзена ў штабелі 1.316.000 цаглін. Сабрана 1.065 тон розных будаўнічых матэрыялаў, нарыхтавана 2.050 кубаметраў друзу. Было разабрана і выкладзена ў штабелі 403 кубаметры бутавага каменя. Ачысцілі ад завалаў і смецця 15.500 кв. метраў плошчы, засыпалі 2.500 кубаметраў варонак.
Пасля вайны ад усёй капітальнай забудовы Мінска заставалася толькі 20%, а ўсё астатняе, асабліва ў цэнтры, уяўляла груды развалін. «Разбурэнні Мінска былі ўзрушаючымі. Усюды бачныя былі адны каробкі і папялішчы. Расчышчаны толькі праезды», — успамінаў пра Мінск жніўня 1945 года архітэктар Г. А. Парсаданаў. Другі архітэктар — В. М. Волчак, які ўпершыню ўбачыў Мінск у канцы 1945-га, запісаў: «Руіны, руіны, хоць ужо амаль два гады мінчане без стомы працуюць на аднаўленні горада».
Многія з паўразбураных будынкаў маглі быць адноўлены, у чым можна пераканацца, праглядаючы кадры кіна- і фотахронікі тых гадоў. Аднак вядомыя архітэктары, якія прыехалі ў Мінск з Ленінграда і Масквы, прынялі рашэнне аб тым, што трэба знесці большасць старых будынкаў і пабудаваць новы горад. З чыстага ліста... Кіраўніцтва горада і рэспублікі падтрымала такое рашэнне.
Так аднаўляўся горад пасля ваеннага ліхалецця, так рос Мінск.