Надышоў сезон, пачалі грамадзяне наводзіць парадак на вясковых сядзібах і лецішчах — і расквітнелі на ўзлесках каля вёсак і садовых таварыстваў... стыхійныя звалкі. На нядаўняй нарадзе па абыходжанні з адходамі Прэзідэнт звярнуў на гэта асаблівую ўвагу: «Што там робіцца — кашмар. Прама на ўскрайку лесу, ніхто асабліва не турбуецца: заехаў самазвал — выкінулі. Чаго толькі няма! Я спецыяльна спыніўся, паглядзеў: старыя халадзільнікі, пластмаса, шкло, рознае бытавое смецце...» Гэта кіраўнік дзяржавы расказаў пра свае назіранні ў Мінскім раёне. Можна толькі ўявіць, што робіцца далей ад сталіцы. Праблема існуе, яна надзённая і патрабуе вырашэння. Не толькі таму, што ідзе Год добраўпарадкавання ў краіне, брэндам якой стала чысціня, але і таму, што другасныя рэсурсы, такія запатрабаваныя ва ўсім свеце, закопваюцца ў зямлю ці зарастаюць хмызняком.

Праблема, канешне, узроўню краіны, але вырашэнне яе, як, бадай, ніякай іншай, залежыць ад улады мясцовай. Нашы карэспандэнты ў рэгіёнах пацікавіліся, як змагаюцца са стыхійнымі звалкамі ў асобных сельсаветах.
Кантэйнеры як выратаванне
Праблема стыхійных звалак у ваколіцах населеных пунктаў дакладна не мінула ніводзін сельсавет. За гады работы давялося сустракацца з рознымі спосабамі вырашэння: ад самых арыгінальных, якія выліваліся ў цэлыя акцыі-праекты, да банальных — узяў пакет і сабраў наступствы чужога бескультур’я. Больш за дзесяцігоддзе таму, напрыклад, давялося пісаць, як у Жабінкаўскім раёне Брэстчыны ліквідацыя такога сметніка, ініцыяваная райінспекцыяй аховы навакольнага асяроддзя, ператварылася ў добраўпарадкаванне маляўнічага кутка прыроды і ўладкаванне невялікай зоны адпачынку.
Тагачасны начальнік раённай інспекцыі Сяргей Штык з калегамі заехалі на тэрыторыю заказніка мясцовага значэння, па сваёй завядзёнцы сабралі ў мех смецце каля вогнішча, а потым выпадкова заўважылі рэшткі камянёў-надмагілляў. Прыцягнулі краязнаўцаў, высветлілі, што тут некалі была сядзіба памешчыкаў Райскіх з пабудовамі, капліцай, нават сямейнымі могілкамі. На заклік адгукнуліся будаўнікі і спецыялісты ЖКГ, прадстаўнікі грамадскасці. Правялі некалькі суботнікаў, расчысцілі і добраўпарадкавалі мясціну на беразе ракі, у выніку чаго з’явіўся прыгожы, маляўнічы куток. Побач паставілі кантэйнер для збору смецця.
Менавіта кантэйнер лічыць галоўным складнікам вырашэння праблемы старшыня Ружанскага сельскага Савета Пружанскага раёна Аксана ЮРКОЎСКАЯ.
— За чысціню ў пасёлку мы змагаемся ўсімі даступнымі спосабамі. Намаганні паспяховыя. Скажам, па выніках конкурсу сярод сельсаветаў у 2020 годзе атрымалі прэмію. За гэтыя грошы набылі 18 кантэйнераў, устанавілі на розных вуліцах. І пасля зімы 2020–2021 года адразу адчулі паляпшэнне санітарнага стану. Варта сказаць, што вялікае значэнне надаём асветніцкай, прапагандысцкай рабоце. За чысціню і парадак мы агітуем у сацыяльных сетках, на сельскіх сходах, разам з моладдзю ладзім флэш-мобы, ствараем наглядную агітацыю — Летась, дарэчы, набылі і паставілі яшчэ 15 кантэйнераў у Ружанах, — працягвае кіраўнік мясцовай улады. — А цяпер па ініцыятыве прадпрыемства «Камунальнік» людзі набываюць і ўстанаўліваюць на падворках індывідуальныя пластыкавыя кантэйнеры аб’ёмам на 100 літраў. Гэта вельмі зручна: у вызначаны дзень гаспадар выкочвае кантэйнер на вуліцу, пад’язджае смеццявоз, выгружае змесціва, затым кантэйнер вяртаецца на падворак. Жыхары ўжо заказалі першую партыю — 9 такіх кантэйнераў. Думаю, іх суседзі возьмуць прыклад. — Ну, а невялікія, нават не звалкі, выпадковыя кучкі смецця, якія знаходзім вясной, прыбіраем на суботніках, — прыгадала Аксана Юркоўская.
Навошта ў лесе канапа?
Спецаўтатранспарт Горацкага «Камунальніка» па вывазе бытавых адходаў ад насельніцтва наведвае населеныя пункты Рэкцянскага сельсавета раз на тыдзень, а там, дзе жыхароў зусім мала, — па меры неабходнасці, але не радзей, чым раз на два тыдні. Нічога не перашкаджае жыхарам культурна вырашыць праблему са смеццем, але стыхійныя звалкі ўсё ж перыядычна ўзнікаюць то тут, то там. Асабліва іх шмат у ваколіцах вёсак вясной і восенню.
— Не хапае нам сістэмы відэаназірання, прасцей было б знайсці парушальнікаў, — уздыхае старшыня Рэкцянскага сельсавета Горацкага раёна Магілёўскай вобласці Наталля Шчурэвіч. — Робім абход домаўладанняў, вядзём з людзьмі тлумачальную работу, але не да ўсіх інфармацыя даходзіць. Часам здараюцца абсурдныя сітуацыі. Жыхары выносяць за межы сваёй тэрыторыі раслінныя адходы і нават галлё. Аргументуюць, што за спальванне МНС можа пакараць.
Найбольш востра стаіць праблема з утылізацыяй старой мэблі, грувасткай бытавой тэхнікі, будаўнічых адходаў. Каб пералічанае вывезці, чалавек павінен заказаць у камунальнікаў кантэйнер, а гэта каштуе каля двухсот рублёў. Ахвотных несці такія выдаткі няма, нават калі суму падзяліць на некалькіх чалавек. Таму не факт, што чыясьці старая канапа аднойчы не апынецца дзесьці на ўскрайку лесу.
— Калі нам становіцца вядома, што нехта вязе «хаваць» смецце, адразу ж рэагуем, — кажа дэпутат. — Былі выпадкі, калі затрымлівалі чалавека, як той казаў, на месцы злачынства. Рабілі здымкі, выклікалі санстанцыю.
На думку дэпутата, нядобрасумленнага грамадзяніна адным толькі прадпісаннем не напужаеш. Прыпыніць яго можа толькі пакаранне рублём. Але, каб скласці пратакол, трэба сабраць шмат дакументаў, ды яшчэ і сведак знайсці. А дзе іх узяць, калі ўсё робіцца ўпотай?
На вёсцы карэннага насельніцтва становіцца ўсё менш, у асноўным прыязджаюць дачнікі. Яны наогул да графікаў вывазу адходаў не вельмі прывязваюцца. Робяць, як ім зручна.
У выніку на ліквідацыю стыхійных звалак ідуць дадатковыя грошы і сілы. І часцей за ўсё тут памочнікі — прадпрыемствы, з якімі сельсавет супрацоўнічае. Рэкцянскаму сельсавету істотна дапамагаюць мясцовыя гаспадаркі ААТ «Горацкае» і ААТ «Горкілён».
У Горскім сельсавеце знайшлі свой спосаб барацьбы са стыхійнымі звалкамі. І дапамагаюць у гэтым вучні Горскай сярэдняй школы. — Як адзначае старшыня Горскага сельсавета Вячаслаў Леановіч, перыядычна яны разам выязджаюць на месцы каля маланаселеных вёсак і збіраюць цэлыя мяшкі шкляных і ПЭТ-бутэлек. Усцешвае толькі тое, што дзеці такім чынам вучацца сябраваць з прыродай і выконваюць план па здачы другаснай сыравіны.
— Хочацца верыць, што грамадства ўсё ж такі навучыцца быць дысцыплінаваным, — спадзяецца Вячаслаў Міхайлавіч. — За апошнія 15 гадоў, якія я ўзначальваю сельсавет, мысленне людзей наконт парадку істотна змянілася. Раней да тых жа могілак немагчыма было падысці, а сёння людзі культурна нясуць сваё смецце на спецыяльныя пляцоўкі
Старшыня Горацкага райсавета Максім Патапенка не хавае, што праблема са стыхійнымі звалкамі пакуль усё ж даволі вострая.
— Нельга сваімі дзеяннямі шкодзіць прыродзе, — рэзюмуе ён. — Павінна быць чыста не толькі на ўласным двары. Наша малая радзіма — наш агульны дом, які мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў і павінны перадаць сваім нашчадкам чыстым і ўтульным
«Пераконваем падпісаць дагаворы на вываз смецця»
Тэрыторыя Сеніцкага сельсавета, што пад Мінскам, густанаселеная — у аграгарадку Сеніца і яшчэ 14 населеных пунктах пражывае каля 25 тысяч чалавек. Ёсць тут і садовыя таварыствы. «Тэрыторыю сельсавета на наяўнасць несанкцыянаваных звалак абследуем на пастаяннай аснове, — расказала старшыня Сеніцкага сельсавета Аксана Есьман. — У ходзе маніторынгу нярэдка выяўляем парушальнікаў, знаходзім нядобрасумленных землекарыстальнікаў і выдаём прадпісанне. Гэта робіцца для таго, каб парушальнік аператыўна ліквідаваў пакінуты за сабой беспарадак. Акрамя таго, у ліквідацыі несанкцыянаваных звалак актыўна дапамагаюць нашы арганізацыі».
З садовымі таварыствамі сельсавету пашанцавала, лічыць Аксана Есьман: «Са старшынямі таварыстваў мы на пастаяннай сувязі. Яны трымаюць сітуацыю на кантролі, а ў выпадку чаго мы сумесна вырашаем тую ці іншую праблему. У цэлым, праблемы са смеццем у іх няма. На тэрыторыях таварыстваў устаноўлена відэаназіранне, ёсць спецыяльныя агароджы і новыя кантэйнерныя пляцоўкі».
Пры гэтым, вядома ж, на тэрыторыі сельсавета ёсць упадабаныя месцы, якімі не саромеюцца скарыстацца нядобрасумленныя грамадзяне. «Ім удзяляем асаблівую ўвагу. Калі ж нам у ходзе маніторынгу ўдаецца ўстанавіць нядобрасумленнага домаўладальніка, у такім выпадку складаем пратакол», — падкрэсліла старшыня. «Мы штогод абследуем усе домаўладанні, у выпадку чаго патрабуем неадкладна прыбраць за сабой смецце. Акрамя таго, раздаём грамадзянам памяткі па навядзенні парадку, па ўтрыманні сваёй і прылеглай тэрыторыі. А яшчэ праводзім сходы грамадзян, на якіх расказваем пра важнасць падтрымання парадку на зямлі і пра адказнасць. На такіх сходах разам з адпаведнымі службамі пераконваем наш прыватны сектар заключыць дагаворы на вываз смецця, якое раз на тыдзень забіраюць у людзей прама ад брамак».
Дарэчы, у сельсавеце Аксана Есьман працуе з 2010 года. І тады, па яе словах, несанкцыянаваных звалак было нашмат больш, але адказны падыход да справы дазволіў вырашыць практычна ўсе надзённыя праблемы, якія датычацца забруджвання навакольнага асяроддзя.
Дарэчы
- На ўзроўні краіны Мінская вобласць — адзіны рэгіён, які забяспечвае індывідуальную жылую забудову кантэйнерамі аб’ёмам 120 літраў, у тым ліку за кошт бюджэтных сродкаў, расказала намеснік генеральнага дырэктара ДА «ЖКГ Мінскай вобласці» Кацярына Салаўёва. Пры гэтым спецыяліст расказала пра несуцяшальныя вынікі даследавання, праведзенага на базе Салігорска і найбліжэйшых населеных пунктаў, прыватны сектар якіх цалкам забяспечаны кантэйнерамі на 120 літраў: «Паводле атрыманых даных, толькі 50% сартуюцца і адпраўляюцца ў кантэйнеры для другаснай сыравіны. І гэта сведчыць аб экалагічнай несвядомасці або недасведчанасці грамадзян, нават нягледзячы на маштабы тлумачальнай работы».