У гэтым блоку пытанняў, якія Прэзідэнту Беларусі задавала вядучая праграмы «Хроніка з Грэтай Ван Састэрэн» тэлеканала «Ньюсмакс ТВ» тэлекампаніі «Ньюсмакс» Грэта Канвей Ван Састэрэн, кіраўнік дзяржавы падзяліўся сваім бачаннем перспектыў урэгулявання расійска-ўкраінскага канфлікту і ролі ў гэтым працэсе амерыканскага лідара.
«Цяпер вельмі многае залежыць ад пазіцыі Трампа і Злучаных Штатаў Амерыкі»
Кажучы аб мірным урэгуляванні сітуацыі ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што, калі б гэта залежала толькі ад Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, то з улікам яго цяперашняй палітыкі вайна даўно ўжо скончылася б. Пры гэтым беларускі лідар указаў на два канфліктуючыя бакі — Расію і Украіну. «Ну і нас жа туды яшчэ далучылі — Беларусь, — дадаў ён. — Мы гранічым з гэтым канфліктам, і нам таксама неабыякава, як там будуць развівацца падзеі і чым гэта скончыцца. Таму гэта шматбаковы працэс. І адзін Трамп гэта пытанне не вырашыць».
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваёй тэлефоннай размове з Дональдам Трампам перад яго сустрэчай з Прэзідэнтам Расіі на Алясцы ў жніўні гэтага года. Падчас гэтай размовы беларускі лідар папярэджваў амерыканскага калегу аб тым, што трэба настроіцца на цяжкую работу. «З наскоку, як у нас гавораць, вырашыць гэту праблему не атрымаецца, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. —Так яно і адбываецца. Я тады параіў яму, каб ён прыклаў усялякія намаганні, каб дамовіцца з Расіяй спыніць вайну. Стральбу трэба спыніць на фронце і спыніць усялякі рух у кірунку вайны. А калі няма страляніны, калі не гінуць людзі, аб чым Трамп пастаянна гаворыць, тады можна размаўляць і месяц, і два, і гады».
У сувязі з гэтым Прэзідэнт правёў аналогію з Расіяй (раней СССР) і Японіяй. Па яго словах, мірны дагавор паміж краінамі не заключаны дагэтуль, але гэта не перашкаджае ім супрацоўнічаць на працягу дзесяцігоддзяў.
«Таму галоўнае сёння — спыніць бойню, каб не гінулі людзі, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Зрабіць так, каб ніхто не быў насцярожаны, што вось мы спынілі канфлікт у той перыяд, калі Расія перамагае, гэта сапраўды так. Каб у Расіі не было насцярожанасці ў гэтым плане, трэба зрабіць усё, каб Украіна і яе армія не пераўзбройвалася ў гэты час, каб амерыканцы разам з еўрапейцамі не пастаўлялі туды зброю — замарозіць гэты канфлікт ад пачатку да канца. Людзі не гінуць — тады садзіцеся і дамаўляйцеся аб чым заўгодна. І тэрытарыяльна, і яшчэ неяк. Галоўнае — спыніць гібель людзей».
Па словах кіраўніка дзяржавы, многае ў гэтым плане залежыць ад Дональда Трампа. У гэтай сувязі ён нагадаў аб мірных перагаворах па Украіне, якія праходзілі ў Мінску ў 2015 годзе, і аб «дурной пазіцыі» еўрапейскіх палітыкаў.
«Яны (еўрапейцы. — „Зв“.) хацелі зрабіць так, каб ва ўкраінцаў, як потым Меркель (экс-канцлер Германіі Ангела Меркель. — „Зв“.) заявіла, быў час пераўзброіцца і даць адпор Расіі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Аказваецца, не аб міры прыехалі сюды дамаўляцца, а аб будучай вайне. Дагавор тады быў заключаны. Пасярэднікамі, можна сказаць, былі еўрапейцы — Германія і Францыя. Чым гэта скончылася? Нічым. Я тады прапаноўваў, што ў гэту кампанію трэба ўключыць амерыканцаў. Без Амерыкі ніякага там міру не будзе. Калі б тады былі рэалізаваны пагадненні, якія былі дасягнуты тут, у Мінску, вайны б не было».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі б Дональд Трамп у той час узначальваў ЗША і праводзіў сваю цяперашнюю палітыку, то ён не быў бы ў баку, і вайны, хутчэй за ўсё, удалося б пазбегнуць. «Цяпер вельмі многае залежыць ад пазіцыі Трампа і Злучаных Штатаў Амерыкі, вельмі многае, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Галоўнае, каб Трамп ад гэтай пазіцыі не адступіў. Ён чалавек з характарам, часам імпульсіўны. Каб ён не плюнуў на гэта ўсё, рукой не махнуў і не адышоў убок. Калі ён будзе настойліва рухацца ў гэтым плане, значыць, вынік будзе. Еўрапейцам няма чаго тут гвалтам крычаць».
«Калі далей так ваяваць, то Украіна ўвогуле знікне з карты, наогул перастане існаваць»
Адказваючы на пытанне, чаго ў цяперашняй сітуацыі хоча Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, беларускі лідар з упэўненасцю адзначыў, што Пуцін хоча міру. «Не буду называць прычыны, вы іх добра ведаеце, — дадаў ён. — Гэта і ўнутраныя прычыны, і знешнія. Тое ж самае хоча і Зяленскі. Упэўнены. Асабліва цяпер. Ён хоча міру. Але іх погляды на тое, чым павінна скончыцца вайна, розныя».
Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае пазіцыю амерыканскага лідара, які гаворыць аб тым, што ў пытанні спынення канфлікту ва Украіне трэба зыходзіць з рэалій — вынікаў гэтай вайны на сённяшні дзень. «Калі Украіна лічыць, што яна можа перамагчы Расію і гатова весці вайну, ну, няхай ваюе, — адзначыў Прэзідэнт. — З майго пункту гледжання (думаю, і Трамп прытрымліваецца такой пазіцыі), калі далей так ваяваць, то Украіна ўвогуле знікне з карты, наогул перастане існаваць».
Але самае небяспечнае, па меркаванні беларускага лідара, калі гэты канфлікт будзе працягвацца і будзе працягвацца эскалацыя, то гэта ўвогуле можа цяжка скончыцца для Еўропы і для свету ў цэлым. «Гэта абавязкова перарасце ў які-небудзь глабальны канфлікт, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Таму яго трэба патушыць, пакуль магчыма. Цяпер, як ніколі, ёсць такая магчымасць, калі амерыканцы сур’ёзна падключыліся да гэтага пытання. Гэта найважнейшае ваша знешнепалітычнае пытанне. Ніякія Тайвань, іншыя канфлікты ў свеце і праблемы не могуць перакрыць гэта пытанне, бо, паўтараю, працяг канфлікту прывядзе да глабальнага канфлікту. З прымяненнем усіх узбраенняў, якія ёсць у краін. Гэтага дапусціць нельга».
«Калі ты жывеш побач з „мядзведзем, які спіць“, не будзі яго»
Грэта Канвей Ван Састэрэн пацікавілася меркаваннем кіраўніка беларускай дзяржавы наконт таго, чаму Прэзідэнт Расіі пачаў ваенныя дзеянні ва Украіне і да чаго імкнуўся. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сукупнасці прычын, якія прывялі да канфлікту. І каб гэта было зразумела амерыканскай аўдыторыі, прывёў у прыклад Мексіку, якая знаходзіцца побач з ЗША.
- «Калі б у Мексіцы пачалі прымушаць амерыканцаў, якія там, асабліва ў прыграніччы, жывуць, і праамерыканскі настроеных людзей размаўляць, скажам, на іспанскай мове, а не англійскай, іх дзяцей „прыціскаць“ у школе, каб яны размаўлялі толькі на іспанскай мове і гэтак далей, а не дай бог, у доме дзе-небудзь спалілі амерыканцаў у Мексіцы, вы як бы дзейнічалі? — задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар. — Вы зрабілі б усё, каб сцерці Мексіку з зямлі. Не дай бог, вядома».
Па словах Прэзідэнта, эскалацыя пачалася з прыцяснення ва Украіне рускамоўнага насельніцтва. Ён заўважыў, што калі ўкраінскім уладам сапраўды хацелася выбудаваць пэўную моўную палітыку, то гэта трэба было рабіць спакойна і паступова. Але, па словах беларускага лідара, было вырашана проста «заткнуць рот» рускамоўнаму насельніцтву.
«Больш за тое, у Адэсе (вы гэта ведаеце, гэта факт) яны спалілі людзей, якіх лічылі сваімі ворагамі, так званых рускамоўных, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта палітыка была ўзведзена ў ранг ва Украіне. Ну і потым, гавару вам як стары палітык: калі ты жывеш побач з гэтым „мядзведзем, які спіць“, ну не будзі яго, знайдзі нармальныя адносіны, каб суіснаваць. Бо пры мне было (я гэта ведаю, бачыў, удзельнічаў у гэтых перагаворах): Расія дамовілася з Украінай і па пытаннях Крыма, і па пытаннях бяспекі, і тым, што ў Крыме ваенныя базы (яны Украіне не патрэбныя былі) будуць расійскімі. Расія пастаўляла ў два разы танней энергарэсурсы Украіне, чым яны каштавалі ў свеце. Я бачыў гэта пры Ельцыне і пры Пуціне. Былі нармальныя адносіны. Не, трэба было зладзіць (не без дапамогі амерыканцаў і асабліва еўрапейцаў) гэты Майдан. Перавярнулі ўсё, зверглі дзеючага Прэзідэнта — ён (Віктар Януковіч. — „Зв“.) вымушаны быў пакінуць краіну».
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што прычын канфлікту ва Украіне можна назваць шмат і яны будуць не на карысць Украіне.
«За Крым ніхто не змагаўся»
Інтэрв’юер заўважыла, што, па сцвярджэнні ўкраінскага боку, вайна ва Украіне ў 2014 годзе пачалася з Крыма.
«Ніякай вайны ў Крыме не было, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Сёння Зяленскі і ўлады ўкраінскія гавораць, што Крым украінскі. Крым — гэта наогул жамчужына. Каму б ён ні належаў, гэта жамчужына, гэта райскі куток. Яны гавораць, што вайна пачалася... Вайна — калі лоб у лоб са зброяй у руках ваююць два бакі. У Крыме не было ні аднаго стрэлу з боку ўкраінцаў. Ну а расіянам навошта было страляць, калі яны вызвалілі, як яны гавораць, Крым. Страляць не трэба было, бо за Крым ніхто не ваяваў. За Крым ніхто не змагаўся. Гэта было на маіх вачах».
Адказваючы на ўдакладненне журналіста, што Расія анексіравала Крым, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што можна казаць як заўгодна — «анексіравалі», «вызвалілі», «захапілі». «Гэта філасофскае пытанне, — канстатаваў ён. — Не ў гэтым справа. Але калі гэта твая зямля, ты чаму не абараняў гэту зямлю? Украінцы яе аддалі. Яны яе проста аддалі расіянам. Я калісьці пра гэта гаварыў, што там расіяне дзейнічалі разумна: яны дамовіліся з тымі, хто павінен быў абараняць Крым, і такім чынам Крым фактычна быў здадзены „зялёным чалавечкам“, як вы іх называлі тады».
«Любая вайна заканчваецца мірам»
Адказваючы на пытанне, як скончыцца вайна ва Украіне, беларускі лідар падкрэсліў, што любая вайна заканчваецца мірам. «Класіка, — заўважыў ён. — І гэта вайна закончыцца мірам. Чым раней, тым менш загіне людзей. Я часта гавару па-мужчынску: ведаеце, ну загінуў і загінуў, а колькі скалечаных людзей з гэтай вайны вяртаецца. З імі як быць? Без ног, без рук. Абмены ідуць на нашай тэрыторыі».
Гаворачы аб тым, як у цяперашніх умовах канфліктуючым бакам дасягнуць міру, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што да гэтага падштурхне абстаноўка, якая складваецца вакол. Ён не выключыў, што эскалацыя можа прывесці да мабілізацыі ў Расіі, яшчэ большага ўцягвання насельніцтва ў гэты канфлікт. «Гэта будзе добра для Расіі? Не будзе добра, — канстатаваў ён. — Ну і потым, Пуцін мне часта аб гэтым гаворыць: „Ваюем адзін супраць аднаго — свае людзі“. Тут і псіхалогія, і многія пытанні».
Па словах кіраўніка дзяржавы, Зяленскі павінен разумець і выдатна гэта разумее, што працяг канфлікту можа скончыцца тым, што Украіны не будзе. «І вось гэтыя фактары, плюс ціск Трампа на аднаго, на другога, ціск знешні, калі не дамовяцца цяпер, гэты ціск знешні яшчэ больш узмоцніцца, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вось гэтыя фактары ўплываюць на двух прэзідэнтаў. І яны разумеюць, што трэба спыніцца, трэба дамовіцца».
Аднак, па словах кіраўніка дзяржавы, для ўстанаўлення міру ва Украіне патрэбны пэўныя гарантыі. «Расія хоча гарантый, каб гэта было назаўжды, —канкрэтызаваў ён. — Я гэта ведаю. Расія хоча заключыць такі мірны дагавор, каб ніколі больш вайна не пачалася. У гэтым зацікаўлена і Украіна. Трамп гатовы выступіць гарантам гэтага. Усё ёсць. Таму трэба інтэнсіфікавацца, трэба паскорыцца».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Дональд Трамп у гэтым выпадку больш падціскае Уладзіміра Зяленскага, які не хоча ісці на здзелку. «Чаму не хоча? Бо еўрапейцы ўвязаліся ў гэта, і яны яму нашэптваюць на вуха, што яны будуць дапамагаць Зяленскаму ваяваць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Нічога яны не дапамогуць. У іх няма таго рэсурсу, які ёсць у Злучаных Штатаў Амерыкі. І калі амерыканцы ад гэтага адыдуць, эскалацыі не пазбегнуць. І вось тады Макрон, Мерц і Стармер зразумеюць сваю памылку».
Калі Дональд Трамп расчаруецца ў перспектывах мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне і адыдзе ад гэтай тэмы, Аляксандр Лукашэнка перакананы, што вайна працягнецца. «Вайна працягнецца, пакуль ва Украіне не возьмуць верх сілы, якія прымусяць Зяленскага пайсці на мір, — канстатаваў беларускі лідар. — А гэтыя сілы прымусяць Зяленскага пайсці на мір тады, калі пачне валіцца фронт поўнасцю. Хаця ўжо пачатак гэтага бачны цяпер».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Ці патрэбны ЗША «другі В’етнам»? Лукашэнка перасцярог ЗША ад ваеннай аперацыі ў Венесуэле
Лукашэнка разлічвае ў бліжэйшы час пагаварыць з Трампам і сказаць яму шмат цікавага
Лукашэнка параўнаў прэзідэнцкія выбары ў ЗША і Венесуэле
Лукашэнка пра Крым: украінцы проста аддалі гэту зямлю расіянам, за яе ніхто не ваяваў
Што хоча Пуцін? Лукашэнка ў інтэрв’ю амерыканскай журналістцы падзяліўся інсайдам
«Галоўнае, каб ён не плюнуў на гэта ўсё». Лукашэнка аб ролі Трампа ў лёсе Украіны
Лукашэнка: Прадаўжэнне вайны ва Украіне прывядзе да глабальнага канфлікту
Як дамовіцца аб міры ва Украіне і чым скончыцца вайна? Рэцэпт ад Лукашэнкі