Top.Mail.Ru

Як будзе вырашацца праблема з чэргамі на маршруткі з Мінска?

Пусціць аўтобусы, і чым больш такога транспарту — тым лепш...


Натоўпы людзей, якіх вечарамі можна сустрэць у Мінску каля прыпыначных пунктаў у чаканні сваёй маршруткі ў суседні горад, не раз станавіліся сюжэтам для ролікаў у інтэрнэце. На недахоп грамадскіх відаў транспарту ў прыгарадных і міжгародніх зносінах звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб выніках працы БелАЭС, павелічэнні электраспажывання і прапановах аб будаўніцтве новых атамных магутнасцяў. Кіраўнік дзяржавы даручыў вырашыць гэтую праблему, у тым ліку за кошт прыцягнення на запатрабаваныя маршруты дадатковых адзінак тэхнікі, уключаючы электратранспарт.

Паводле інфармацыі «Мінаблпасажыртранса», асабліва вялікая загрузка на маршрутах у Жодзіна, Барысаў, Дзяржынск і Смалявічы. Напрыклад, у Барысаў за гадзіну ў самы гарачы час едзе да 400 чалавек, у Жодзіна — 200–250.

Самыя вялікія чэргі на маршруткі можна сустрэць каля станцый метро «Усход» і «Уручча», нават нягледзячы на тое, што ў гадзіну пік транспарт едзе кожныя 5 — 7 хвілін. На прыпынку каля станцыі метро «Уручча» да маршрутак, якія пад’язджаюць, і аўтобусаў, якія адпраўляюцца ў Барысаў і Жодзіна, выбудоўваецца адразу некалькі чэргаў. Каля 17:00 яны расцягваюцца ўжо на дзясяткі метраў.

Ганна з Жодзіна штодня ездзіць на працу ў Мінск і назад. Жанчына кажа, што за некалькі гадоў такіх паездак чэргі на маршрутку сталі ўжо звыклыя, асабліва па пятніцах або ў перадсвяточныя дні:

— Перад вялікімі выхаднымі наогул выстройваюцца ледзь не кіламетровыя «змейкі». У папярэднюю пятніцу, 7 лістапада, чарга ішла ад прыпынку, абыходзіла падземны пераход і цягнулася прама да наступнага прыпынку. Самы складаны перыяд — гэта, вядома, вячэрняя гадзіна пік, прыкладна з 17:30 да 19:30. Я звычайна стараюся крыху раней прыехаць на прыпынак, але нават да гэтага часу ўжо шмат людзей.

Праблема не толькі ў вялікай плыні пасажыраў — часта бывае, што транспарт не прыходзіць па раскладзе, распавядае Алена з Барысава:

— У гадзіну пік інтэрвал паміж аўтобусамі павінен быць каля 10 хвілін, але на практыцы гэта не заўсёды выконваецца. Ці то пробкі, ці то яшчэ нейкія лагістычныя збоі — не ведаю. Таму і такія чэргі: можна стаяць хвілін 20, а то і 40. За гэты час некалькі маршрутак сыходзіць, але яны ўсе невялікія, месцаў усім не хапае, людзі едуць як селядцы ў бочцы. Кіраўнік дзяржавы правільна сказаў: Трэба больш аўтобусаў запускаць на маршрут. І месцаў у іх больш, і ехаць будзе ў разы камфортней. Гэта б моцна разгрузіла пасажырскі паток.

Падобная сітуацыя складваецца і з транспартам з Мінска ў Смалявічы: маршруткі ў гэтым кірунку забіраюць пасажыраў, якія жадаюць з’ехаць дадому пасля працоўнага дня, каля станцыі метро «Усход». Сафія жыве ў раз’ездах паміж Мінскам і Смалявічамі больш за чатыры гады. Гаворыць, часта чарга расцягваецца на 30–40 чалавек:

— Самае непрыемнае — гэта калі не залазіш у апошнюю маршрутку, якая ад’язджае а 22:30. Даводзіцца ехаць на вакзал і чакаць электрычку да паўночы. Дома апыняюся толькі ў 01.30. І так можа паўтарацца некалькі дзён!

Тое, што праблема дайшла да Прэзідэнта, зрушыць нарэшце яе з мёртвай кропкі, упэўненая Святлана, якой таксама даводзіцца закладваць на паездкі ў Смалявічы з Мінска вялікі запас часу, нервуючыся, ці атрымаецца дабрацца без спазнення:

— Прэзідэнт бачыць, што дзеецца з лагістыкай, якая працуе як ёй уздумаецца. І ён мае рацыю — рашэнне ж відавочнае: трэба прыбраць гэтыя няшчасныя маршруткі і наладзіць нармальны рэгулярны рух. Пусціць аўтобусы, і чым больш такога транспарту — тым лепш.

Як паведаміў намеснік міністра транспарту і камунікацый Беларусі Сяргей Дубіна, у мэтах выканання ўказання Прэзідэнта на ўзроўні ўрада прынята рашэнне аб дадатковай закупцы 15 адзінак сучаснай тэхнікі айчыннай вытворчасці:

— У першую чаргу яна будзе накіравана на маршруты ў гарады Мінскай вобласці, такія як Жодзіна, Смалявічы і гэтак далей. Новыя аўтобусы дазволяць скараціць інтэрвалы руху, павысіць камфартабельнасць транспарту з класа М2 да М3, павялічыць ёмістасць, што дасць магчымасць абслугоўваць больш пасажыраў на запатрабаваных маршрутах. Дадзеныя транспартныя сродкі будуць неадкладна ўкараняцца на маршруты па меры іх закупкі.

Што датычыцца электробусаў, праца па іх укараненні ўжо вядзецца ў адпаведнасці з праграмамі закупкі рухомага складу, дадаў Сяргей Дубіна:

— На асобных прыгарадных маршрутах электробусы ўжо працавалі ў тэставым рэжыме. Аднак іх шырокае выкарыстанне спалучана з неабходнасцю будаўніцтва зараднай інфраструктуры. Гэта планамерная праца, якая каардынуецца Мінтранспартам і мясцовымі ўладамі.

Праблема з чэргамі на маршруткі сапраўды існуе, асабліва гэта датычыцца маршрутаў з Мінска ў Жодзіна, Барысаў, Дзяржынск і Смалявічы, для яе вырашэння будзе закуплена 15 аўтобусаў, паведаміў дырэктар Мінскага абласнога камунальнага транспартнага ўнітарнага прадпрыемства «Мінаблпасажыртранс» Аляксандр Кахно, каментуючы даручэнне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі вырашыць пытанне з чэргамі на маршруткі Мінскай вобласці ў гадзіны пік, у тым ліку за кошт прыцягнення на запатрабаваныя маршруты дадатковых адзінак тэхнікі, уключаючы электратранспарт, якое кіраўнік дзяржавы даў на нарадзе аб выніках працы БелАЭС, павелічэнні электраспажывання і прапановах аб будаўніцтве новых атамных магутнасцяў.

Аляксандр Кахно адзначыў, што пералічаныя ім маршруты — самыя загружаныя:

— З Мінска ў Жодзіна ў гадзіну пік адпраўляецца 200-250 чалавек у гадзіну, а на Барысаў каля 400. Маршруткі па гэтых напрамках на дадзены момант ходзяць з інтэрвалам у 5-7 хвілін.

Паводле слоў дырэктара Мінаблпасажыртранса, прама зараз вядзецца закупка пятнаццаці новых аўтобусаў з дызельнымі рухавікамі, якія ўжо ў бліжэйшы час выйдуць на вышэйзгаданыя маршруты:

— Гэтыя маршруты забяспечваюць сувязь паміж Мінскам і райцэнтрамі Мінскай вобласці і асабліва запатрабаваныя ў гадзіны пік. Такая ініцыятыва накіравана на паляпшэнне транспартных зносін і разгрузку ўжо існуючых маршрутаў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю