Пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 31 снежня 2024 года № 1072 зацверджана Праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025–2030 гады. Яна накіравана на фарміраванне доўгатэрміновай асновы ўстойлівага росту эканомікі, а таксама дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва раёнаў Прыпяцкага Палесся: Ганцавіцкага, Лунінецкага, Столінскага і Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Ельскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага і Петрыкаўскага раёнаў Гомельскай вобласці.
У рамках прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы абмеркавалі ключавыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за мінулыя гады. Асобна адзначылі планы па рэалізацыі дзяржаўных праграм і інвестыцыйных праектаў, накіраваных на павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва і ўстойлівае развіццё тэрыторый Прыпяцкага Палесся.
Развіццё гэтага рэгіёна, па словах начальніка галоўнага ўпраўлення рэгіянальнага развіцця і маёмасных адносін Міністэрства эканомікі Таццяны Андрэевай, пад пастаяннай увагай кіраўніка дзяржавы. Першая дзяржпраграма развіцця Прыпяцкага Палесся была прынята ў 2010 годзе і дала свае станоўчыя вынікі. Цяпер, у пяцігодку якасці, развіццё Палесся бачыцца праз прызму шэрагу кірункаў: эканоміка высокай якасці, стварэнне ўмоў для развіцця найлепшых чалавечых якасцяў праз паляпшэнне здароўя, павышэнне адукацыйнага і культурнага патэнцыялу людзей і, вядома, камфорту іх пражывання.
Прамысловасць
Плануецца рэалізаваць шэраг буйных вытворчых праектаў. На дадзеным этапе ў найбольшай ступені гатоўнасці — праекты ААТ «Лунінецкі малочны завод», СТАА «БелСыр» у Калінкавічах. Таксама завяршаецца арганізацыя біяфармацэўтычнай вытворчасці ў Ганцавічах. Запланавана мадэрнізацыя шэрагу прамысловых прадпрыемстваў.
АПК
Акцэнты зроблены на чатыры кірункі. Сярод іх — укараненне найлепшых тэхналогій і вопыт вядзення сельскай гаспадаркі з улікам напрацовак ААТ «Парахонскае» Пінскага раёна. Для гэтага вызначаны 9 базавых гаспадарак у кожным раёне. Яшчэ адзін кірунак — захаванне і павышэнне ўрадлівасці зямель, правядзенне меліярацыі. Важным таксама з’яўляецца будаўніцтва, мадэрнізацыя, рэканструкцыя жывёлагадоўчых аб’ектаў. Такія аб’екты з’явяцца як у базавых, так і ў іншых гаспадарках Палескага рэгіёна. Апошняе — развіццё эфектыўнага агародніцтва і садоўніцтва. Палескі рэгіён валодае ўнікальным патэнцыялам для вырошчвання сельскагаспадарчых культур.
Ахова здароўя
Плануецца рэканструяваць Ганцавіцкую ЦРБ, пабудаваць інфекцыйны корпус у Пінскай ЦРБ, Лунінецкай паліклініцы, рэканструяваць філіял Давыд-Гарадоцкай бальніцы, галоўны корпус паліклінікі, дзіцячыя інфекцыйныя карпусы Столінскай ЦРБ, галоўны корпус Жыткавіцкай ЦРБ. Таксама запланаваны капітальны рамонт аб’ектаў аховы здароўя ў Жыткавіцкім, Калінкавіцкім, Лельчыцкім раёнах. Гэта дазволіць насельніцтву рэгіёна атрымліваць якасныя медыцынскія паслугі.
Адукацыя
У 2025 годзе завершыцца ўзвядзенне прыбудовы да сярэдняй школы № 1 у Лунінцы, там жа будзе створана 660 вучэбных месцаў. У Пінскім раёне прадугледжана будаўніцтва Галіцкай пачатковай школы на 100 месцаў, у Столінскім раёне, у Альшанах, будзе ўзведзена сярэдняя школа на 765 месцаў. Для таго каб моладзь заставалася жыць і працаваць у рэгіёне, будуць стварацца ўсе магчымыя ўмовы. Будзе праведзены капітальны рамонт і мадэрнізацыя ўстаноў дашкольнай адукацыі ў Ганцавіцкім, Жыткавіцкім, Лельчыцкім, Калінкавіцкім раёнах.
* * *
Кошт мерапрыемстваў па развіцці Палескага рэгіёна, паводле слоў Таццяны Андрэевай, ацэньваецца ў сем мільярдаў рублёў. Яна дадала, што ў выніку людзі, якія пражываюць на тэрыторыях рэгіёна, атрымаюць магчымасць павысіць узровень камфорту жыцця: «Гэта мінімум, таму прымаюцца прапановы па далейшым развіцці рэгіёна. Думаю, што і жыхары гэтых населеных пунктаў зробяць свой унёсак у тое, каб іх раёны сталі сапраўды рэгіёнам высокай якасці ва ўсім».