Пытанням навядзення парадку на зямлі на Міншчыне ўдзяляецца самая пільная ўвага. Кіраўніцтвам вобласці штогод распрацоўваецца і зацвярджаецца адпаведны план. Акрамя таго, 2025-ы, абвешчаны кіраўніком дзяржавы Годам добраўпарадкавання, дае старт пяцігодцы якасці і прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне і падтрыманне зручнага, бяспечнага, сучаснага і эстэтычна арганізаванага асяроддзя жыццядзейнасці людзей. Карэспандэнт «Звязды» даведаўся, якія мерапрыемствы будуць ажыццяўляцца ў гэтым кірунку ў Мінскай вобласці.
«Удзел у добраўпарадкаванні нашых населеных пунктаў зможа ўзяць кожны неабыякавы чалавек, у тым ліку падчас правядзення рэспубліканскіх суботнікаў, а іх сёлета будзе два. Назапашаны вялікі вопыт узаемадзеяння з грамадскімі арганізацыямі: ад ветэранскіх да маладзёжных», — расказала старшыня камітэта Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Кацярына Паляшчук.
У Год добраўпарадкавання на Міншчыне будзе высаджана больш за 100 тысяч дрэў і кустоў, 3,5 мільёна кветак, рэканструявана 19 гектараў газонаў, праведзена азеляненне тэрыторый уздоўж аўтадарог. Зыходзячы з гэтага, плошча такіх тэрыторый павялічыцца больш чым на 17 тысяч квадратных кіламетраў. «Плануюцца работы па санітарнай ачыстцы паверхневых водных аб’ектаў, утрыманні месцаў масавага адпачынку каля вадаёмаў, мерапрыемствы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, сярод якіх — асвятленне вуліц, рамонт і ўладкаванне кантэйнерных пляцовак, спартыўных і гульнявых пляцовак, альтанак, лавак і таму падобнага», — адзначыла старшыня камітэта.
Не абыдуць бокам мерапрыемствы па добраўпарадкаванні сельскагаспадарчых тэрыторый, садовых таварыстваў і гаражных кааператываў, аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, месцаў адпачынку. «Кожны жыхар можа зрабіць свой унёсак у навядзенне парадку на зямлі, каб Год добраўпарадкавання стаў сімвалам клопату пра будучыню. А прыгажосць пачынаецца з малога — з кожнага двара, вуліцы, парку», — падкрэсліла Кацярына Паляшчук.
Сёлета ў Мінскай вобласці пройдзе 18-ы рэспубліканскі экалагічны форум, які прыме горад Дзяржынск. Гаворачы аб выніках мінулага года, старшыня камітэта адзначыла: «Летась былі праведзены работы па добраўпарадкаванні, у тым ліку адрамантаваны 225 спартыўных і дзіцячых пляцовак, 459 кантэйнерных пляцовак, устаноўлена і адрамантавана звыш 2,5 тысячы кантэйнераў, а таксама звыш 490 тысяч квадратных метраў вулічна-дарожнай сеткі».
На Міншчыне пасаджаны больш за 90 тысяч дрэў і кустоў, больш за мільён кветак, рэканструявана 18 гектараў газонаў: «За апошнія пяць гадоў працэнт азелянення гарадоў і райцэнтраў вобласці дасягнуў 44 %».
Таксама праведзены работы па ўтрыманні ў належным стане 120 месцаў і зон адпачынку на водных аб’ектах вобласці. «У рэгіёне развіваецца экалагічны турызм, уладкоўваюцца экасцежкі, з’яўляюцца турыстычныя прыпынкі на тэрыторыі нацыянальных паркаў і заказнікаў. Напрыклад, у заказніку „Налібоцкі“ распрацаваны два экалагічныя маршруты, а ў ландшафтным заказніку рэспубліканскага значэння „Сялява“ летась была адкрыта абноўленая экасцежка „Прошыцкія балоты“, — адзначыла Кацярына Паляшчук. — На тэрыторыі вобласці 278 асабліва ахоўных прыродных тэрыторый агульнай плошчай звыш 298 тысячы гектараў, або 7,5 % ад агульнай плошчы рэгіёна.
У мінулым годзе на гэтых тэрыторыях праведзены работы па ўстаноўцы 131 інфармацыйнага знака, абсталяваны 42 вогнішчы і мангалы, уладкаваны і адрамантаваны сем аўтапарковак».
Старшыня камітэта дадала, летась у Мінскай вобласці былі праведзены работы па ўладкаванні 25 веладарожак працягласцю больш за 65 кіламетраў, пабудавана 79 велапарковак і велагаражоў: «Улічваючы павелічэнне электратранспарту ў рэгіёне, уведзена ў эксплуатацыю 51 станцыя для зарадкі. Характэрна, што 15 такіх станцый былі ўведзены ў Жодзіна, у тым ліку для зарадкі электробусаў, якія працуюць на гарадскіх маршрутах».