Top.Mail.Ru

Як браты Брыцікі абралі прафесію вайскоўца справай жыцця

Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць. Але за кожным, хто абраў гэты шлях, стаіць свая гісторыя. Гісторыя пра тое, як учарашні хлопчык становіцца афіцэрам. У нашым выпадку іх адразу двое — браты Андрэй і Вадзім Брыцікі сёння курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны мы пагаварылі з імі аб абавязку, сям’і і аб тым, што для іх значыць быць вайскоўцамі.


Без дысцыпліны няма парадку

Пляц Ваеннай акадэміі сустракае звыклай мітуснёй: курсанты спяшаюцца з заняткаў, ідучы па заснежаных дарожках. Сярод іх — Андрэй Брыцік. Малады чалавек вучыцца ўжо на чацвёртым курсе агульнавайсковага факультэта на спецыяльнасці «Кіраванне падраздзяленнямі Сухапутных войск (кіраванне танкавымі падраздзяленнямі)» і ўжо праз некалькі месяцаў атрымае свае афіцэрскія пагоны. За плячыма — большая частка тэорыі, практычных заняткаў. Хаця, прызнаецца Андрэй, у дзяцінстве пра ваенную кар’еру нават не задумваўся — звязаць сваё жыццё са службай Айчыне вырашыў у старэйшай школе. «Я пракансультаваўся са знаёмым, які быў тады старшым лейтэнантам у Ваеннай акадэміі. Ён расказаў пра факультэты, заняткі, і мая спецыяльнасць мяне зачапіла больш за ўсё», — успамінае Андрэй.


Бацькі, па словах курсанта, спачатку хваляваліся: палохала невядомасць і строгасць будучай службы. Але сын быў непахісны: сказаў, што хоча паступаць, — і паступіў. У сям’і прафесійных вайскоўцаў да гэтага не было, і для юнака гэты шлях стаў усвядомленым выбарам дарослага чалавека.


Але куды без цяжкасцей? Першы месяц у акадэміі, прызнаецца курсант, запомніўся на ўсё жыццё. Кожны дзень распісаны па хвілінах: пад’ём, зарадка, агляд знешняга выгляду, пары, самастойная падрыхтоўка, асабісты час, вячэрняя праверка, адбой. У такім рытме змяняецца ўсё, у тым ліку кола зносін. «Рытм жыцця дыктуе свае правілы, — прызнаецца Андрэй. — Думаў, што служба будзе як у фільмах: прыгожая форма, страявы крок, быццам нічога цяжкага. Але аказалася, што ўсё трэба рабіць разам: паўзводна, паротна, па распарадку. Кожная хвіліна распісана. Спачатку, вядома, было нязвыкла. Але без дысцыпліны няма парадку. А без парадку ў арміі нельга».


Цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі

Малодшы брат Вадзім, ужо другакурснік, вучыцца на той жа спецыяльнасці. Калі прыйшла пара выбіраць прафесію, не сумняваўся — адразу вырашыў ісці па шляху брата: «Ён пайшоў, і я захацеў. Цікавая прафесія: шмат выездаў на палігон, практыка. І бацькі за мяне ўжо так не хваляваліся — сказалі, разам будзе лягчэй. І не памыліліся. На азнаямленчай практыцы, напрыклад, Андрэй заўсёды дапамагаў ва ўсім. Таму і асаблівых цяжкасцяў не ўзнікала».

Азнаямленчую практыку праходзяць усе першакурснікі Ваеннай акадэміі. Сапраўдны курс маладога байца, выпрабаванне на трываласць. Вучаць на ёй і бытавым навыкам: засцілаць ложак, правільна прасаваць і падшываць форму. Апошняе абодвум юнакам далося не адразу — дапамагалі таварышы, якія прыйшлі з сувораўскіх і кадэцкіх вучылішчаў. Але хлопцы заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу: падцягнуць па вучобе, падказаць з канспектам, падтрымаць у цяжкую хвіліну. Разам вучыцца, вядома, прасцей, хоць і прадметы братам падабаюцца розныя. Напрыклад, старэйшы выдзяляе агнявую падрыхтоўку. А Вадзім, у сваю чаргу, з задавальненнем ходзіць на заняткі па тактыцы, якія Андрэй знаходзіць складанымі. «Гэта не па падручніку. Дзеянні ў баі бываюць рознымі, нестандартнымі. Таму і на занятках часта трэба думаць хутка і правільна, узважваць „за“ і „супраць“. Ад гэтага могуць залежаць жыцці», — прызнаюцца хлопцы.

У казарме браты жывуць на розных паверхах, але бачацца часта: у сталовай, калідорах, заходзяць адзін да аднаго. Дадому, у гарадскі пасёлак Ушачы, імкнуцца ездзіць разам — так і весялей, і бацькі рады ўдвая. Дарэчы, старэйшы брат заўсёды быў для Вадзіма прыкладам. Нават калі нешта на першым курсе не ўдавалася — на тое, каб прывыкнуць да рэжыму, ранніх пад’ёмаў і фізічных нагрузак усё ж такі патрэбны час, — кінуць вучобу і выбраць іншы шлях думкі не ўзнікала. Як заўважыў Вадзім: «Калі брат справіўся — значыць, і мне па плячы». А Андрэй прызнаецца: «Вадзім звычайна сам па сабе, асабліва дапамогі не просіць, хоча навучыцца спраўляцца. Але калі трэба — я заўсёды побач».


Дзе куецца характар

Ужо летам Андрэй Брыцік выйдзе з Ваеннай акадэміі афіцэрам. Наперадзе — размеркаванне ў часць, камандаванне ўзводам і новы, дарослы этап жыцця. Сумнявацца наконт правільнасці выбранага шляху чацвёртакурсніку не даводзілася. Разуменне таго, што прафесія вайскоўца — «яго», прыйшло амаль адразу. Таму сёння курсант раіць і іншым маладым людзям не сумнявацца.


Праўда, адным жаданнем усё ж не абысціся. Апроч гатоўнасці да ўзмоцненай фізічнай падрыхтоўкі, будучыя курсанты павінны валодаць высокімі маральнымі якасцямі. Браты, не змаўляючыся, называюць адны і тыя ж: сапраўдны абаронца Айчыны павінен быць сумленным, самаадданым, справядлівым, і добрым: «Трэба, каб людзі бачылі ў табе чалавека і ты да іх ставіўся адпаведна». У Ваеннай акадэміі такім якасцям таксама вучаць — на гэта ёсць факультатывы і пазаўрочны час. І, вядома, станоўча на курсантаў уплывае пануючы тут дух таварыства.

«Лічу, што кожны мужчына павінен аддаць доўг Радзіме, прайсці тэрміновую службу, — прызнаецца Вадзім. — А калі вырашыў стаць афіцэрам, то паступаць у нашу акадэмію. Гэты шлях варты таго, каб яго прайсці. Прафесія складаная, але цікавая і запатрабаваная». Дарэчы, у сям’і Брыцікаў растуць яшчэ два браты. Пакуль хлопчыкі не думаюць аб ваеннай кар’еры, але хто ведае? Быць можа, і яны рушаць па шляху старэйшых, працягнуўшы сямейную дынастыю.

Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю