Як беларусы ацэньваюць умовы жыцця ў сваім населеным пункце, расказала начальнік аддзела эканамічнага аналізу ўпраўлення ўнутранай палітыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Ірына Русак, паведаміла БелТА.
Вынікі сацдаследавання па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі прэзентавалі ў Мінску.
Агульны ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця свайго населенага пункта як высокі ацэньваюць 71,2% апытаных. Задаволены работай аб’ектаў гандлю 87,9%, работай аб’ектаў грамадскага харчавання (сталовых, кафэ, рэстаранаў) — 64,3%.

Задаволены магчымасцямі адпачынку, правядзення вольнага часу 63,7% удзельнікаў даследавання, 72,2% — работай грамадскага транспарту, 70,4% — якасцю дарог, 61,2% — работай службаў ЖКГ, 62,7% — уладкаваннем двароў, дзіцячых гульнявых пляцовак, вуліц.
Работай устаноў аховы здароўя задаволены 64,9% апытаных.
У ліпені—жніўні 2026 года Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі па заказе БІСД правёў комплекснае рэспубліканскае сацыялагічнае даследаванне па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. У ім прынялі ўдзел 2045 рэспандэнтаў з усіх рэгіёнаў краіны. Першую частку вынікаў маштабнага даследавання прэзентавалі ў Мінску.