Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўчора, 21 студзеня, правёў пасяджэнне Рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Ён адзначыў, што летась быў праведзены комплекс мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі:
— Мерапрыемствы прайшлі на высокім арганізацыйным і ідэйна-палітычным узроўні, выклікалі пазітыўны грамадскі рэзананс у грамадзян нашай краіны і замежных гасцей.
Раман Галоўчанка працягнуў, што на дадзены момант аргкамітэт знаходзіцца на пэўным экватары сваёй работы:
— Мы нацэлены на правядзенне мерапрыемстваў да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на такім жа высокім узроўні. Падрыхтоўка ўжо вядзецца.
Прэм’ер-міністр паведаміў, што многія мерапрыемствы арганізаваны, праводзяцца ў планавым парадку, і патлумачыў:
— Гэта датычыцца ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны, ваенна-мемарыяльнай, ваенна-пошукавай работы, рэстаўрацыі і прывядзення ў належны стан памятных месцаў. Асаблівая ўвага, вядома ж, надаецца клопату аб ветэранах і асобах, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. У арганізацыях аховы здароўя вядзецца работа па лячэбна-дыягнастычных мерапрыемствах у рамках комплексных медыцынскіх аглядаў.
Асобным блокам Раман Галоўчанка прапанаваў абмеркаваць правядзенне мерапрыемстваў 9 мая 2025 года:
— Прэзідэнтам пастаўлена задача разам з традыцыйнымі для такіх дат мерапрыемствамі (урачысты сход, канцэрт, парад) правесці яшчэ адно — на пляцоўках Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра, а менавіта своеасаблівую выстаўку, прысвечаную 80-годдзю Перамогі і дасягненням сучаснай беларускай абароннай прамысловасці, для таго каб паказаць нашу пераемнасць у гэтым пытанні.
Прэм’ер-міністр прапанаваў агучыць падыходы ў гэтым кірунку прадстаўнікоў ведамстваў і дадаў, па якой прычыне:
— Мінабароны, Мінкультуры, Дзяржкамваенпрамам прадстаўлены пэўныя прапановы па арганізацыі гэтага мерапрыемства, але ў поўным аб’ёме іх назваць канцэпцыяй нельга. Таму заслухаем асноўныя падыходы і ўдакладнім задачы.
У гутарцы з журналістамі першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін расказаў пра выстаўку да 80-годдзя Перамогі, якую арганізуюць у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры.
Паводле яго слоў, яна будзе даволі вялікая:
— Цяпер мы адпрацоўваем пытанні па плошчах, таму што паралельна ў цэнтры будуць праходзіць і іншыя выставачныя мерапрыемствы. Гэтая выстаўка дазволіць нам паказаць прадметы, звязаныя з тэмай Вялікай Айчыннай вайны, якія або вельмі даўно не экспанаваліся, або не экспанаваліся зусім. Там прадставяць свае экспанаты Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны гістарычны музей, мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць — герой» і рэгіянальныя музеі. Усю гэту прадметную базу мы цяпер адпрацоўваем.
Першы намеснік міністра агучыў спадзяванні, што ўдасца даволі шырока і якасна паказаць тэму генацыду беларускага народа.
Таксама вельмі цікавай для наведвальнікаў тэмай на выстаўцы стане побыт беларускіх партызан. Спікер падкрэсліў, што асноўная задача — яшчэ раз паказаць усім, што зрабіў беларускі народ дзеля Вялікай Перамогі, і тое, як Беларусь на сучасным этапе захоўвае гістарычную праўду.
Дзмітрый Шляхцін дадаў, што цэнтральныя мерапрыемствы пройдуць у Мінску, але праграма мерапрыемстваў па лініі Міністэрства культуры даволі шырокая і ахоплівае ўсю краіну.