Top.Mail.Ru
48

Як бе­ла­рус­кі лад жыц­ця на­тхніў на пе­ра­езд з Аў­стрыі

«Гэта наш дом»

Часам трэба з’ехаць, каб зразумець, чаму хочаш вярнуцца. Наталля Строк, пажыўшы доўгі час у Аўстрыі, набыла дом і заснавала аграсядзібу ў вёсцы ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. У гэтым яе падтрымалі муж і чацвёра дзяцей. Мясцовыя ўлады далі згоду на карысную справу і ўсяляк дапамагалі.

Свой чалавек

Яе тата — аўстрыец, мама выйшла за яго замуж, нарадзіла дзіця і з’ехала жыць у Аўстрыю, а потым вярнулася назад. На пытанні дачкі адказвала: «Я не была там дома». У 1990 годзе Наталля вырашыла паехаць да бацькі: ён хацеў, каб яны лепш пазналі адзін аднаго, і яна засталася.

У 19 гадоў хочацца атрымаць прафесію, перспектыўную працу. Тата папярэджваў: «Гэта маленькая краіна, яна для аўстрыйцаў». Паступова да яе прыходзіла разуменне, што ў такую стабільнасць не проста ўпісацца, як кажуць, «не трэба блытаць эміграцыю з турызмам»... Яе хапіла на 5 гадоў. У 1996-м Наталля вярнулася, як некалі яе маці.

— У Беларусі ў мяне з дапамогай дзяржавы заўсёды былі магчымасці развівацца, рэалізаваць свае ідэі, — кажа гаспадыня аграсядзібы «Дары матулі» Наталля Строк. — Аўстрыя 

не стала для мяне роднай, як Беларусь, дзе я адчуваю сябе дома. Менавіта ў Беларусі я знайшла сваё каханне, тут нарадзіліся мае дзеці.

У канцы 1990-х яна прыехала з Брэста ў Белаазёрск і заснавала фабрыку па вырабе макаронаў. Стала першай жанчынай-прадпрымальнікам, якая займалася вытворчасцю ў Бярозаўскім раёне. Дзякуючы неўтаймаванай энергіі гаспадыні ўдалося наладзіць выпуск паўфабрыкатаў, быў свой кандытарскі цэх, пяклі хлеб, адкрылі ў горадзе невялікі рэстаран.

Свой выбар

— Мы былі даволі забяспечаныя, — успамінае Наталля Строк. — Але бізнес выціскае цябе цалкам, а дзецям патрэбна была мама. Іх і маё здароўе патрабавалі, каб я больш знаходзілася дома. І мужу было важна, каб я налівала талерку супу, калі ён вяртаецца са змены. Прыйшлося выбіраць паміж сям’ёй і працай.

У 2003 годзе разам вырашылі пачаць новы этап жыцця ў Аўстрыі. Наталля поўнасцю змяніла сферу дзейнасці. 12 гадоў працавала экскурсаводам, перакладчыкам і суправаджаючым для былых вязняў і іх сваякоў у мемарыяльным комплексе «Маўтхаўзен». Была магчымасць заставацца мамай, бо хатнія абавязкі можна планаваць загадзя, у залежнасці ад экскурсій. Для яе гэта быў карысны досвед, паколькі даводзілася шмат размаўляць, ездзіць на канферэнцыі. Аднойчы яна танцавала з міністрам замежных спраў Іспаніі ў Барселоне пад мандарынавымі дрэвамі, а цяпер успамінае, што ж было тады на сталах, — каб прыгожа прымаць гасцей ужо ў сваёй беларускай сядзібе.

— Нам было важна захаваць сувязь з Беларуссю, мы заставаліся яе грамадзянамі, атрымлівалі тут цяпло  і падтрымку, — адзначае Наталля. 

— Муж нарадзіўся ў вёсцы ў Бярозаўскім раёне, у сям’і было шасцёра дзяцей, усе адзін за аднаго трымаюцца. Заставаліся сябры. Лепшых урачоў я таксама знаходзіла ў Беларусі. Калі малодшаму сыну ў 16 гадоў паставілі ў Аўстрыі страшны дыягназ, то прапанавалі прыйсці на прыём праз паўгода — чарга. А мы вельмі баяліся ўпусціць час. Мне хапіла пяці хвілін, каб супакоіцца, выпіць кубак кавы і праз інтэрнэт знайсці кантакты клінікі ў Бараўлянах, там прапанавалі прыехаць на кансультацыю, няхай платна, але праз тры дні! Паўтары гадзіны сына «круцілі» на розных апаратах, праверылі ўсё, што можна, і знялі нашу трывогу: пагрозы для жыцця няма!.. Ёсць такія чалавечыя адносіны, якія я сустракала толькі ў Беларусі. Напрыклад, я вяртаюся з фермы позна ўвечары. Тэлефануе сяброўка, а я кажу, што быў напружаны дзень, нават не паспела паесці. У адказ чую: «Прыязджай, муж зварыў боршч». Няма такога чалавека ў Аўстрыі, да якога я магла б вось так проста паехаць у госці апоўначы!

Свой кут

Як жа яны зразумелі, што жадаюць вярнуцца дадому?.. Неяк пасярод ночы Наталля прачнулася і пачула словы мужа: «Мы будзем жыць на Высокім». Першая думка: трэба паспаць, і ўсё пройдзе... Але яны сталі планаваць пераезд.

— Вядома, я наведала горад Высокае, пахадзіла па вуліцах — не, не наша. А потым выпадкова пачула, што ў вёсцы Высокае Бярозаўскага раёна прадаецца хатка, паехала паглядзець. Там пачалі падаць яблыкі, і паветра было напоўнена водарам свежых пладоў. Адразу зразумела, што гэта наш дом, — расказвае Наталля.

Яшчэ ў Аўстрыі яны разважалі, як арганізаваць новае жыццё ў Беларусі. Ідэя з’явілася дзякуючы сяброўцы, якая прадала кватэру ў Мінску, з’ехала жыць у вёску і завяла козачак. Як толькі Наталля ўзяла на рукі нованароджанае казляня, зразумела: вось яно! Пралічылі, што для больш-менш паспяховай справы трэба, каб на ферме было 50 коз.

Яна прыйшла ў аддзел эканомікі райвыканкама ў 2018 годзе з выявамі, гатовымі планамі памяшканняў, этнаграфічнай пляцоўкі для дзяцей, дзе была б магчымасць праводзіць майстар-класы. А праз год яе запрасілі на конкурсную праграму для малога бізнесу з ідэяй адкрыць цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва ў вёсцы. На другі конкурс у райвыканкам разам з заказнікам «Спораўскі» выйшлі з ідэяй па развіцці турыстычнага патэнцыялу рэгіёна, ім патрэбны былі партнёры: калі людзі здалёк едуць на экскурсію, то хочуць не толькі прыроду паглядзець, але і нешта яшчэ. Наталля прапанавала зрабіць на базе сваёй фермы кантактны куток, каб гарадскія дзеці ўбачылі свойскіх жывёл і зразумелі, «адкуль бярэцца малако»...

Тры разы Наталля Строк станавілася пераможцам конкурсаў-праектаў, два з іх давялі да завяршэння, на атрыманыя грошы яна купляла козачак. Змагла мабілізаваць на дапамогу ўсю сваю сям’ю. Ферма расце, тут ужо 150 коз, цяпер разам з мамай займаецца малодшы Іван, абсалютна гарадскі хлопец. Яна марыць аб тым, каб муж завяршыў справы ў Аўстрыі, і ўся сям’я ўз’ядналася ў Высокім.

— Мне вельмі падабаецца ў Беларусі, — прызнаецца гаспадыня сядзібы «Дары матулі». — Люблю сваіх козачак. Мне падабаецца іх карміць, даіць. Дапамагаю нарадзіцца казлятам. Здаецца, я разумею іх «мову». Думала, што на ферму будуць ездзіць жыхары Бярозаўскага раёна, а цяпер у мяне асноўны паток наведвальнікаў з Мінска. Часта прыязджаюць сем’ямі.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю