У дзіцячых дамах сямейнага тыпу дзеці набываюць дамашнюю ўтульнасць і цеплыню сямейных адносін, вучацца жыць у паўнавартаснай сям’і, дзе любоў, клопат і ўзаемадапамога не пустыя словы. Прыёмныя мамы і таты нясуць высакародную місію — выхаваць з кожнага дзіцяці сапраўднага грамадзяніна, патрыёта, а таму нядобрых людзей сярод іх быць не можа. У гэтым карэспандэнт «Звязды» пераканалася асабіста, наведаўшы адзін з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў Лідскім раёне.
На парозе вялікага, дагледжанага дома мяне гасцінна сустрэлі гаспадыня Алена Горбач і яе суседка Наталля Крысцек. Яны з’яўляюцца бацькамі-выхавальнікамі: дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, у кожным з якіх па дзесяць дзяцей, размяшчаюцца побач. Агульная справа, якая аб’ядноўвае жанчын, робіць гэта суседства камфортным і карысным. У размове з журналістам Алена Анатолеўна і Наталля Канстанцінаўна падзяліліся сваімі штодзённымі клопатамі, звязанымі з выхаваннем і навучаннем дзяцей, якія па розных прычынах пазбаўлены любові і ўвагі тых, хто іх нарадзіў.
Два дамы — адзін клопат
У кожнай з жанчын — свой шлях да прафесіі, якая ўжо стала сэнсам жыцця. Алена Горбач атрымала незвычайную прапанову ад сваёй сяброўкі, якая не магла працягваць выхоўваць дзяцей у доме сямейнага тыпу ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя. Падобны досвед у сям’і Горбач быў: сужэнцы прымалі на часовае выхаванне дзяцей, у тым ліку немаўлят, калі ад іх адмаўляліся родныя бацькі або за імі не забяспечваўся належны догляд. Паралельна бацькі-выхавальнікі праводзілі прафілактычную і навучальную работу з мамамі гэтых дзяцей.

Перад тым як узяць на сябе адказнасць за выхаванне адразу дзесяцярых, Алена Анатолеўна параілася са сваімі роднымі, на той момант ужо дарослымі дзецьмі (іх у сужэнцаў Горбач чацвёра, 12 унукаў). Дзеці такое рашэнне адобрылі. Са свайго боку абяцалі падтрымку.
1 студзеня 2018 года сям’я Горбач разам з дваімі прыёмнымі дзецьмі пераехала ў дзіцячы дом сямейнага тыпу. Тут іх чакалі яшчэ восем выхаванцаў. Самаму маленькаму Ванюшку быў годзік, а самы старэйшы хадзіў у 9 клас. Цяпер у дзіцячым доме выхоўваюцца дашкольнік, два першакласнікі, трое трэцякласнікаў, двое пяцікласнікаў і двое дзевяцікласнікаў. Родныя дзеці маюць дачыненне да жыццядзейнасці дома сацыяльнага тыпу, выхаванцы ўспрымаюць іх як блізкіх людзей.
Шматдзетнае бацькоўства Наталлі і Віктара Крысцек пачалося з таго, што яны ўзялі на выхаванне трох дзяўчынак. Свае дзеці выраслі, а патрэба аб кімсьці клапаціцца засталася. Праз пэўны час прыёмных дзяцей удачарылі, на змену ім прыйшлі дзве дзяўчынкі-сястрычкі і брацік з сястрычкай. Неўзабаве адзін з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу застаўся без бацькоў-выхавальнікаў. Змяніць адрас пражывання, а адпаведна, стаць прыёмнымі бацькамі адразу дзесяцярых дзяцей, прапанавалі сужэнцам Крысцек.
«Няпроста было пагадзіцца, — расказвае Наталля Канстанцінаўна. — У нас добрая чатырохпакаёвая кватэра, усё задавальняла. У выніку вырашылі паспрабаваць. Узялі сваіх прыёмных чацвярых дзяцей і засяліліся ў верасні 2023 года ў дом сямейнага тыпу. Тут нас чакалі яшчэ шасцёра дзетак».
Па адукацыі Наталля Крысцек — педагог. За плячыма жанчыны — 20 гадоў працы ў дзіцячым садку. Таму прыйсці ў гэту сферу і палюбіць чужых дзяцей ёй было нескладана. Ды і ўласныя дочкі падтрымалі такое рашэнне бацькоў. Яны тут частыя госці: і з урокамі выхаванцам дапамогуць, і па гаспадарцы.
Цяпер дзецям, якіх выхоўваюць сужэнцы, ад 7 да 15 гадоў. Сярод іх — чацвёра з адной сям’і, па двое — яшчэ з дзвюх. Усяго на два дамы — пяць пар братоў і сясцёр. Такі прынцып — не разлучаць дзяцей, каб яны захоўвалі сваяцкія сувязі.
Распарадак — аснова ўсяго
Нягледзячы на тое, што нярэдка ў прыёмную сям’ю дзеці трапляюць са сваімі братам або сястрой, не ўсе хутка адаптуюцца да новых абставін.
«У біялагічнай сям’і ў іх была адна мадэль сямейных адносін, тут — іншая. І год можа прайсці, пакуль прыйдзе пачуццё локця», — звяртае ўвагу Алена Горбач.
Па словах Наталлі Крысцек, мадэль выхавання, якая была ва ўласных сем’ях, з’яўлялася прасцейшай. «Там было ўсё можна, — удакладняе яна. — У нас жа ёсць правілы, рэжым. Нас шмат, а таму без гэтага будзе хаос».
Распарадак дня ў вялікай сям’і — аснова ўсяго. Пад’ём дзяцей, зарадка, ранішнія працэдуры, сняданак — строга па часе. Затым усё залежыць ад таго, хто ў якую змену вучыцца. Вечарам, калі пасля дзіцячага садка, школы і наведвання гурткоў дзеці збіраюцца дома, усё таксама строга па графіку: падрыхтоўка ўрокаў, вячэра, асабістыя справы. У 21.00 выхаванцы ідуць адпачываць.
Бацькі-выхавальнікі не бяруць на сябе ўсе клопаты па вядзенні хатняй гаспадаркі. Складаецца графік дзяжурстваў: па чарзе выхаванцы дапамагаюць накрываць на стол і прыбіраюць посуд. Дзяжурства датычыцца не толькі кухні, але і месцаў агульнага карыстання на другім паверсе — там, дзе знаходзяцца дзіцячыя пакоі.

«У кожнага — свае абавязкі, — падкрэслівае Алена Анатолеўна. — Дзеці не толькі падтрымліваюць парадак у сваіх пакоях, але і ўдзельнічаюць у генеральнай прыборцы. Самі мыюць свае шкарпэткі, бялізну. Летам дапамагаюць у агародзе: у кожнага — па сваёй градцы. Гэта выхоўвае беражлівыя адносіны да маёмасці, дома, любоў да прыроды. У комплексе маленькі чалавек вучыцца, як правільна сталець і жыць».
«Не хопіць і 24 гадзін у суткі, каб перарабіць усе хатнія справы, — дадае Наталля Канстанцінаўна. — Калі б дзеці нам не дапамагалі, мы б не справіліся. У нас не проста дзіцячы дом сямейнага тыпу. Мы — адна сям’я».
Толькі на прыгатаванне ежы колькі часу патрэбна! Напрыклад, каб усіх накарміць, на абед даводзіцца варыць шасцілітровую каструлю супу, а на вячэру абабраць вядро бульбы. Пры гэтым бацькі-выхавальнікі заўважаюць, што прыгатаванне ежы — самае простае з таго, што яны робяць.
Яшчэ адна дэталь, якая аблягчае працэс выхавання, — замацаванне старэйшых дзяцей за малодшымі. Старэйшыя дапамагаюць з урокамі меншым, пры неабходнасці забіраюць іх з садка, са школы, гуляюць з імі дома, на вуліцы.
«Я і сваіх кроўных дзяцей так выхоўвала, — заўважае Алена Анатолеўна. — Нічога новага. Гэта ж таксама элемент выхавання, у выніку чаго фарміруецца пачуццё адказнасці за бліжняга. Ды і калектыўныя справы збліжаюць: дзеці лепш кантактуюць адно з адным, наладжваюцца сяброўскія сувязі. Разам працуюць, разам і адпачываюць. Калі дзіця ведае, як прыгатаваць кубак гарбаты і як абабраць бульбу, то ў будучыні галодным не застанецца».
Сумесныя прагулкі разам з бацькамі-выхавальнікамі — абавязковы элемент выхавання. Як і наведванне культурна-масавых мерапрыемстваў: па распараджэнні мясцовай улады дзеці з такіх сем’яў бясплатна прысутнічаюць на спаборніцтвах, канцэртах, прадстаўленнях.
Мосцік паміж замяшчальнай і біялагічнай сям’ёй
У дзіцячым доме сямейнага тыпу выхаванцы знаходзяцца да таго часу, пакуль не будуць перададзены на поўнае дзяржаўнае забеспячэнне. Пасля заканчэння дзевяці класаў апякунства над імі бярэ кіраўніцтва той навучальнай установы, куды яны паступілі.
Вяртаюцца дзеці і ў біялагічныя сем’і. Пакуль выхаванцы знаходзяцца ў дзіцячым доме сацыяльнага тыпу, родныя бацькі абавязаны іх наведваць. Пры ўмове, што гэта не на шкоду маральнаму стану дзіцяці. Бацькі-выхавальнікі ні ў якім разе не перашкаджаюць падобным кантактам. Галоўная ўмова — каб гэта была не разавая сустрэча.
«Падтрымка роднасных сувязяў мае значэнне не толькі для дзяцей, але і для іх бацькоў: апошнія бачаць, у якіх умовах выхоўваюцца іх дзеці, як у лепшы бок мяняюцца, — тлумачыць Наталля Крысцек. — У выніку бацькі спрабуюць нешта памяняць у сваім жыцці, каб вярнуць дзіця ў сям’ю». І такія прыклады ёсць.
За час, праведзены ў доме сацыяльнага тыпу, дзеці становяцца адной сям’ёй. Большасць падтрымліваюць кантакты з бацькамі-выхавальнікамі і пасля таго, як вяртаюцца ў біялагічныя сем’і або паступаюць вучыцца. Дзверы дзіцячых дамоў для тых, хто адсюль выпусціўся, заўсёды адчынены. Бацькі-апекуны пастаянна з імі на сувязі: дзеці тэлефануюць, дзеляцца навінамі пра сябе, дасылаюць фотаздымкі, звяртаюцца па параду. Святы ў гэтых дамах падобныя на вяселлі: 35 чалавек за святочным сталом — звычайная справа.
«Палінка мне піша: „Мама, мы сёння „рабчыкі“ (рулецікі з фаршам) прыгатавалі. Мама мая нават не ведала, што гэта такое“, — расказвае пра адну сваю выпускніцу, якая вярнулася ў біялагічную сям’ю, Алена Горбач. — І тут мама, і там мама. Мне прыемна такое чуць. Вядома, няпроста часам іх адпускаць, але на прыёмныя сем’і ўскладзена дзяржаўная задача — стварыць безбар’ерны мосцік пераходу з замяшчальнай сям’і ў біялагічную».
За час, пакуль дзеці знаходзяцца ў прыёмных сем’ях, яны не толькі знаходзяць падтрымку, адчуваюць клопат да сябе, а нярэдка пазбаўляюцца ад пэўных хвароб. Усё дзякуючы чулым сэрцам бацькоў-выхавальнікаў, іх напорыстасці і цярпенню. «Ванечка наш не трымаў шыю, не сядзеў у 9 месяцаў, але мы з мужам і нашымі кроўнымі дзецьмі паставілі мэту — і праз пэўны час дзякуючы масажам, фізіяпрацэдурам паднялі яго на ногі. У выніку ў сям’ю забралі прыгажуна», — расказвае Алена Анатолеўна.
«Хворую Волечку прывезлі нам у два месяцы, — прыводзіць прыклад Наталля Канстанцінаўна. — Дзяўчынка самастойна не ела, праз шпрыц кармілі. У маі яе ўдачарылі. Цяпер — прыгожая здаровая дзяўчынка».
І такіх прыкладаў нямала. За час прафесійнай дзейнасці Алена Горбач выхавала 53 дзяцей, Наталля Крысцек — 11.
Тое, што радуе і натхняе
— За гэтымі штодзённымі клопатамі ў вялікай сям’і ці знаходзіце час на сябе? — цікаўлюся ў жанчын.
«Вядома! У нас ёсць цэлая ноч, — удакладняе Алена Анатолеўна. — Як толькі дзеці пайшлі спаць, настае мой час. Адкрываецца другое дыханне. Магу валасы пафарбаваць, кавы папіць, на машынцы швейнай папрацаваць. Гэта свайго роду антыстрэс. У вялікай сям’і рэч вельмі патрэбная. І дзяўчаты ўжо да швейнай справы далучаюцца».
Алена Горбач іграе на баяне. У дзіцячага дома ёсць нават свой гімн. У Наталлі Канстанцінаўны — свой антыстрэс у выглядзе рукадзелля, алмазнай мазаікі і догляду кветак. Летам іх двор патанае ў іх.

Дарэчы, у бацькоў-выхавальнікаў прадугледжаны адпачынак. У гэты час дзеці, як правіла, знаходзяцца ў аздараўленчых лагерах. Як прызнаюцца Алена Анатолеўна і Наталля Канстанцінаўна, у адпачынку не могуць сябе нічым заняць. Яны настолькі прызвычаіліся да вялікай сям’і, штодзённых клопатаў, што ім у гэты час вельмі сумна.
— Дзе бераце сілы, натхненне? — удакладняю.
«Дзеці і натхняюць, — заўважае Наталля Крысцек. — Вельмі радасна, калі мы бачым вынік сваёй работы. Прыйшло дзіця да нас і больш „тройкі“ ў школе не атрымлівала, а цяпер стала „сямёркі“ насіць. Знаходзіўся выхаванец на ўліку ў псіхіятра — зняўся з яго. Вось гэта нас радуе і натхняе».
— Што, на ваш погляд, трэба змяніць у нашым грамадстве, каб біялагічныя бацькі не адмаўляліся ад сваіх дзяцей?
«Неяк па тэлебачанні наш Прэзідэнт гаварыў пра тое, як абараніць дзяцей ад бацькоў-выпівох, каб дзяржаўная дапамога ішла па прызначэнні, а не на чарговую бутэльку, — расказвае Алена Анатолеўна. — Мне спадабалася, як Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што пугі такім бацькам не хапае. Абсалютна згодная! Некаторым бацькам не хапае дысцыпліны, загружанасці».
Як правіла, у калектывах да гэтых дзяцей ставяцца з паразуменнем. Але бывае рознае. «Часам скардзяцца мне, калі пра іх кажуць, што яны з дзіцячага дома, — расказвае Алена Горбач. — Я іх супакойваю і гавару: „Прывядзіце і пакажыце вашым крыўдзіцелям ваш „дзіцячы дом“, дзе чыста, утульна і камфортна“. Увесь час паўтараю нашым дзецям, што ў іх дзве мамы: я і біялагічная. Хто яшчэ гэтым можа пахваліцца?»
...Вось такія яны — бацькі-выхавальнікі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. У адказе за тых, каму працягнулі руку дапамогі, каго акружылі клопатам і любоўю, прымусілі паверыць: дзеці не адны. Разам з імі мама і тата, браты і сястрычкі. Разам з імі — уся дзяржава.
Вераніка КАНЮТА
Фота з сямейных архіваў
г. Ліда