Top.Mail.Ru

Як Ба­ра­на­віц­кі дзяр­жаў­ны ка­ледж тэх­на­ло­гіі і ды­зай­ну рых­туе ма­ла­дых спе­цы­я­ліс­таў

Будучы цырульнік тут лёгка можа вучыцца на візажыста, а прадавец-касір — асвойваць ламініраванне веек. У майстэрнях, дзе кожны дзень нараджаюцца і ажыццяўляюцца ідэі, здольныя заваяваць модны алімп, пабывала карэспандэнт газеты «Звязда».


Установа новага ўзроўню

Сёння ў каледжы навучаецца больш за 600 чалавек, якія атрымліваюць як прафесійна-тэхнічную, так і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Штогод тут выпускаецца каля 200 маладых спецыялістаў для лёгкай прамысловасці і сферы паслуг. Сярод іх — касіры, прадаўцы, страхавыя агенты, швачкі, краўцы, зборшчыкі абутку, цырульнікі. «З 2024 года ажыццяўляецца набор па кваліфікацыях „Мадэльер-канструктар. Тэхнік-тэхнолаг“ і „Мастак-мадэльер. Майстар вытворчага навучання“. Ужо ў працэсе навучання будучы цырульнік можа асвоіць курсы візажу, пляцення або манікюру, швачка — навучыцца тэхніцы дэкаратыўнай вышыўкі або вырабу аксесуараў. Для студэнтаў і знешніх слухачоў існуе шырокі выбар кароткіх праграм: „Візуальны мерчэндайзінг“, „Тэхнікі ламініравання і нарошчвання веек“, „Курсы масажу“ або „Кастамізацыі адзення“, што значна пашырае магчымасці маладых людзей у далейшым працаўладкаванні і выкарыстання сваіх ведаў на карысць нашай краіны», — адзначае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Алена БАРКУН.

Па словах загадчыцы цэнтра кампетэнцый Іны ЛЯШКЕВІЧ, праходзіць розныя курсы ў Баранавіцкім каледжы тэхналогіі і дызайну могуць не толькі студэнты ўстановы. Стаць запатрабаванымі ў галіне майстрамі або проста навучыцца чамусьці новаму часта прыходзяць як школьнікі (са згоды бацькоў), так і маці ў дэкрэце, бабулі або тыя, хто даўно марыў змяніць прафесію на больш творчую і цікавую. Вячэрнія групы па швейнай справе набіраюцца рэгулярна, запэўнівае загадчыца цэнтра кампетэнцый. Ды і ўвогуле навучанне ў каледжы пабудавана так, што самыя актыўныя на выхадзе збіраюць партфоліа з пяці-шасці пасведчанняў.

Веды на практыцы


Менавіта ў цэнтры сучасных тэхналогій у швейнай вытворчасці, размешчаным на базе каледжу, і праходзіць практыкаарыентаванае навучэнне. Цэнтр разлічаны на 814 чалавек, але ў апошнія гады колькасць навучэнцаў павялічылася да 890 чалавек у год. На стажыроўку прыязджаюць выкладчыкі і майстры з усіх рэгіёнаў Беларусі, і нават з-за мяжы — напрыклад з Уфімскага каледжа тэхналогіі і дызайну.

Цэнтр кампетэнцый абсталяваны па апошнім слове тэхнікі: універсальныя і вышывальныя машыны, прэсы для фурнітуры, машыны з электронным кіраваннем, як на перадавых прадпрыемствах краіны. У швейных майстэрнях тут кожны дзень кіпіць работа. Навучэнцы асвойваюць поўны цыкл вытворчасці, у тым ліку вучацца працаваць брыгадным спосабам, як на самым сапраўдным прадпрыемстве: адна група, напрыклад, апрацоўвае дэталь, іншая — збірае выраб. Па выніках навучання ўсе павінны ўмець адшываць не толькі пасцельную і сталовую бялізну, але і адзенне, і тканкавыя аксесуары. Вось і мы застаём дзяўчат — хлопцы тут з’ява рэдкая — за працоўнай уніформай. Побач — ужо гатовыя вучнёўскія гальштукі.
Частка прадукцыі, як гэта, вырабляецца на заказ, іншая частка ідзе на дабрачыннасць або рэалізацыю на розных мерапрыемствах, расказвае майстар вытворчага навучання Іна ПАЛУЛЕХ: «Возьмем любое прадпрыемства: работа там ніколі не бывае аднаскладовай. Трэба і абсталяваннем умець кіраваць, і недзе ўручную прашыць. Спецыфіка ў кожнай вытворчасці свая, таму рыхтуем будучых спецыялістаў так, каб незалежна ад месца іх працы яны змаглі поўнасцю праявіць сябе і скарыстаць усе набытыя ў нас навыкі».

Калі аснова жыцця — творчасць


Выкладчыкі і самі ўвесь час вучацца, каб паспяваць за імклівай модай. На рынку працы, асабліва ў сферы прыгажосці, вузкі спецыяліст не актуальны — павінен быць універсальны прафесіянал, майстар на ўсе рукі. «Запыт нашых наймальнікаў — каб выпускнік быў развіты рознабакова, — тлумачыць загадчыца аддзяленнем Наталля КАШЫРЫНА. — Каб майстар мог не толькі стрыгчы валасы, але і зрабіць укладку, макіяж, манікюр». Для гэтага ў Баранавіцкі дзяржаўны каледж тэхналогіі і дызайну рэгулярна прыязджаюць прадстаўнікі вядомых брэндаў. Так майстры, а затым і студэнты навучаюцца крэатыўным тэхнікам афарбоўвання, вывучаюць інавацыйныя саставы, новыя інструменты.

«У сферу прыгажосці я прыйшла невыпадкова — увесь свой вольны час так ці інакш ёю цікавілася, асабліва моднымі стрыжкамі і афарбоўваннем, — падзялілася падчас аднаго з заняткаў Валерыя Дзенгялеўская, студэнтка другога курса. — Я практыкуюся на сяброўках, на сабе, на знаёмых. Лічу, гэта больш, чым рамяство — гэта творчасць. А творчасць, калі казаць прама, — аснова ўсяго майго жыцця».

Дарэчы, амаль у кожнага будучага цырульніка ёсць манекен для адпрацоўкі стрыжак і ўкладак. Толькі будучы ўпэўненым у кожным сваім руху, навучэнцы пераходзяць да рэальнай практыкі. Але ўсё роўна кожная пасмачка, асабліва пры стрыжцы ці афарбоўванні, знаходзіцца пад уважлівым кіраўніцтвам прафесіяналаў.

Такія розныя таленты

Штогод навучэнцы каледжа адшываюць вырабы для Рэспубліканскага дабрачыннага праекта «Асаблівы модны паказ «Каляровыя сны», удзельнічаюць у конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkіlls Belarus, фестывалі «Свята льну. Роднае-моднае», Рэспубліканскім фестывалі-конкурсу моды і фота «Млын моды». Шматлікія работы ўдзельнікаў і пераможцаў гэтых і іншых праектаў упрыгожваюць калідоры і холы ўстановы. Па іх відаць адразу: ужо цяпер хлопцы і дзяўчаты мысляць катэгорыямі сусветных подыумаў.

Сваю калекцыю ўжо наважыўся зрабіць першакурснік Мікіта Галічыхін. Прышываючы каўнер-стойку, юнак прызнаецца — яшчэ ў дзяцінстве абраў такую, здавалася б, нетыповую для хлопца прафесію: «Помню, як зацікавіла швейная машынка, і дзядуля, заўважыўшы гэта, навучыў шыць на ёй. Так што гэта і сямейная гісторыя ў нейкім сэнсе. З тых часоў я глядзеў паказы модных дызайнераў, марыў адшываць уласнае адзенне. 

І вось цяпер паралельна з вучобай працую над калекцыяй для „Млына моды“ і рыхтуюся да конкурсу прафесійнага майстэрства».

Свой прафесійны шлях з Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа тэхналогіі і дызайну пачала і Дар’я Васілевіч. Аднак пасля работы па размеркаванні дзяўчына вярнулася ў родныя сцены — ужо ў якасці майстра вытворчага навучання. У гэтым яна знайшла сваё прызначэнне і прымяненне таленту і навыкам: «Маё жыццё звязана з нашым каледжам вось ужо больш за дзесяць гадоў. І ўвесь гэты час я бачу, як мяняюцца навучальныя праграмы, развіваецца сама ўстанова, з’яўляюцца новыя магчымасці і супрацоўніцтва з вядомымі брэндамі. Праводзяцца майстар-класы, запрашаюцца спецыялісты. З кожным годам усё ўдасканальваецца і становіцца толькі лепшым, — прызнаецца Дар’я Васілевіч. — Вядома, гэта не можа не радаваць».

Падрыхтоўка ў каледжы дазваляе выпускнікам не проста атрымаць дыплом, а адразу быць гатовымі да рэальнай працы. Яны прыходзяць на прадпрыемствы гандлю, у страхавы сектар, лёгкую прамысловасць і сферу паслуг, дзе іх практычны досвед і ўменне працаваць высока цэняцца работадаўцамі. У адным месцы сабраны і творчыя, і дакладныя прафесіі, што робіць каледж сапраўдным цэнтрам падрыхтоўкі кадраў для рэгіёнаў.

Аміна НАЗАРАВА, фота аўтара.

Чытайце таксама: У Гродне адбыўся першы форум маладых спецыялістаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю