Прыкметамі «памірання», або ператамлення, глебы з’яўляюцца: яе пылападобны бесструктурны стан, з’яўленне «скарынкі» пасля кожнага дажджу ці паліву, неўраджаі. Прыкметы «хваробы» — гэта непрыемныя пахі гнілі і цвілі. У такіх выпадках трэба тэрмінова праводзіць «рэанімацыю» глебы і яе «лячэнне».
Пераварочваючы пласт зямлі пры перакопцы, мы «хаваем» усіх карысных мікробаў глебы, якія забяспечваюць яе ўрадлівасць. Мы «закопваем» іх так глыбока, што яны затыхаюцца без кіслароду і гінуць. А шматлікіх дажджавых чарвякоў мы проста «перасякаем» рыдлёўкай.
Ніколі не складайце гной у вялікую кучу, не давайце яму «загарацца» і згніць. Гэта супярэчыць усім прыродным «правілам».
Як жа быць? Па-першае, можна абысціся і зусім без гэтага, часам вельмі дарагога «ўгнаення», як гной. Але калі вы ўжо яго купілі, паступіце з ім разумна: раскладзіце тоўстым пластом, дзе гэта магчыма, дзе ён не «спаліць» карані раслін (напрыклад, не баяцца мульчыравання свежым гноем маліны, парэчкі...). Паступова ён пройдзе ферментатыўнае разлажэнне, як у прыродзе, пад уздзеяннем глебавай мікрафлоры і чарвякоў і ператворыцца ў якаснае гумінавае ўгнаенне. Але магчыма абысціся і таннейшым сродкам — любой арганічнай мульчай, і чым таўсцейшы пласт, тым лепш. Гэта цалкам будзе адпавядаць «агратэхніцы» прыроднага земляробства.
Мульча можа быць з любых даступных арганічных матэрыялаў: травы, лісця, пілавіння, мякіны, шалупіны, лускі і да т. п.
У садзе
Лепшае ўтрыманне саду пад залужэннем. І для гэтага не патрабуецца пасеў нейкай адмысловай травы. Сад сам паступова зарасце зёлкавымі і канюшынай, калі вы рэгулярна, некалькі разоў за сезон будзеце скошваць усё, што вырасце з травянога покрыва.
Усе пустазельныя травы не церпяць частага скошвання і паступова знікнуць з участка, а зёлкавыя і канюшына не баяцца гэтага. Скошаную траву нікуды не прыбірайце, пакіньце яе на месцы — гэта «ежа» мікробам і чарвякам.
Каб паскорыць працэс залужэння, пакідайце «астраўкі» пажаданых раслін, дайце ім выспець і рассеяць насенне. Гэта так проста.
У агародзе
Перш за ўсё абмяжуйце чым-небудзь градкі: дошкамі, аполкам, чым заўгодна. Гэта не для раслін. Гэта перашкода для вас, каб вы ніколі не наступалі на тую частку ўчастка, дзе будуць расці расліны. Тады вам не прыйдзецца рыхліць глебу.
Міжраддзі і праходы засыпце тоўстым пластом пілавіння, пяску — няважна, але гэта выключыць рост пустазельнай травы і палегчыць догляд.
Самі грады. Калі глеба моцна суглінкавая, дадайце ў яе пясок, біякампост і старанна ўсё перамяшайце.
Далейшы догляд будзе заключацца ў рэгулярным веснавым унясенні біякампосту і лёгкім рыхленні садовымі віламі, без пераварочвання землянога пласта. Вось і ўсё.
Пасля таго як агародніна падрасце, каб глеба моцна не высыхала, замульчыруйце паміж радкамі. Гэты прыём пазбавіць ад неабходнасці частых паліваў.
У ягадніку і ўсюды ў міжраддзях глебу засыпце пластом мульчы.
Зрабіўшы гэта аднойчы, далей застанецца толькі папаўняць пласт мульчы. Такім чынам, вы створыце хату вашым памочнікам, і яны вярнуцца на ўчасткі, у сады і агароды.
Але можна і дапамагчы ім вярнуцца. Ідзіце ў найбліжэйшы лес, лесапаласу і набярыце некалькі дзясяткаў дажджавых чарвякоў, набярыце трохі верхняга пласта лугавой зямлі разам з ліставым і травяным ападам, прынясіце гэта ў свой сад і агарод і «выпусціце» ў прыгатаваную для іх хату — тоўсты пласт мульчы ў розных месцах. І яны вельмі хутка там расселяцца.
А далей нашы нябачныя памочнікі — мікробы, грыбы і чарвякі — усё зробяць самі, не трэба толькі ім перашкаджаць. Яны зробяць глебу больш друзлай, структурнай, «угнояць» яе самым лепшым чынам без усякіх хімічных угнаенняў.