Top.Mail.Ru

Як ацэньваюць першы год сваёй работы дэпутаты Баранавіцкага гарадскога Савета 29 склікання?

Прайшоў год работы дэпутатаў Баранавіцкага гарадскога Савета 29-га склікання. Утворана шэсць пастаянных камісій, у якіх працуюць дэпутаты. Пра некаторыя вынікі першага года работы, аб тым, як працягваюцца справы папярэднікаў і нараджаюцца новыя ініцыятывы, пра шэфства над маладзёжным парламентам сённяшняя гутарка са старшынёй Баранавіцкага гарадскога Савета Віктарам Каласоўскім.


— У пачатку нашай размовы прапаноўваю звярнуцца да галоўнага форуму прадстаўнічага органа мясцовай улады — сесіі. Ці мае намер цяперашні гарадскі Савет працягваць традыцыю папярэднікаў і праводзіць выязныя сесіі?

— Няма ніякай нагоды парушаць традыцыю папярэднікаў. Дэпутаты новага склікання ўжо ацанілі падобную форму работы. У сярэдзіне мінулага года на сесіі мы разгледзелі пытанне «Аб стане вытворчага траўматызму, выкананні заканадаўства па ахове працы ў арганізацыях горада». Месцам для правядзення мерапрыемства выбралі «Аўтобусны парк г. Баранавічы» зусім невыпадкова. Менавіта на гэтым прадпрыемстве больш за дзесяць гадоў не рэгістравалася ніводнага выпадку вытворчага траўматызму. 

Удзельнікі сесіі пазнаёміліся з вытворчай базай парка, пагаварылі з кіраўніцтвам і працаўнікамі. Было шмат пытанняў, на якія атрыманы падрабязныя адказы. Дэпутаты і ўдзельнікі сесіі прыйшлі да высновы, што вопыт прадпрыемства заслугоўвае вывучэння і распаўсюджвання. Абмеркаванне пытання парадку дня прайшло ў канструктыўным ключы, было прынята адпаведнае прашэнне.

Будзем і надалей праводзіць пасяджэнні Савета з выездам на месца. Сесія па пытаннях работы ўстаноў аховы здароўя з наведваннем шэрагу аб’ектаў пройдзе ў трэцім квартале. Профільная камісія прыступіла да яе падрыхтоўкі.

Калі размова зайшла пра выязныя сесіі, думаю, варта адзначыць пераемнасць нашай работы. Мы працягваем і даводзім да лагічнага завяршэння тое, што пачалі папярэднікі. Напрыклад, Савет 28-га склікання ў канцы 2023 года праводзіў выязную сесію з парадкам дня «Аб эфектыўнасці выкарыстання і прыцягнення ў гаспадарчы зварот аб’ектаў нерухомасці і зямельных участкаў суб’ектамі гаспадарання горада Баранавічы для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці». На пасяджэнні было прынята рашэнне, накіраванае на актывізацыю дзейнасці ў дадзеным кірунку, на прыцягненне ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца.

Некаторыя з пунктаў рашэння патрабавалі працяглай работы. Зразумела, што Савет, тэрмін паўнамоцтваў якога скончыўся ў лютым 2024 года, не мог трымаць на кантролі выкананне рашэння сесіі. Гэту работу ўзялі на сябе мы. 

Вось і нядаўна разам з начальнікам упраўлення эканомікі гарвыканкама Алай Курыльчык зверылі пазіцыі, прайшліся па ўсіх асноўных пунктах рашэння і канстатавалі, што зроблена сапраўды многае. Некаторыя аб’екты знайшлі новых гаспадароў. На некаторых вядуцца работы па рэканструкцыі і рамонце. Цяжэй даводзіцца з тымі прадпрымальнікамі, якія набылі аб’ект, а ўмоў па яго прыцягненні ў гаспадарчы зварот не выконваюць. 

З імі працуе спецыяльна створаная камісія гарвыканкама. Забяспечана вяртанне цэлага шэрагу аб’ектаў ва ўласнасць горада. Выкананне рашэнняў сесіі працягваем трымаць на кантролі.

— Нават калі звярнуцца да Баранавіцкага тэлеграм-канала, то ў ліку традыцый гарадскога Савета нярэдка называюць самыя розныя працоўныя акцыі, дзе прыклад паказваюць народныя выбраннікі. Якія працоўныя дэсанты за год работы можна назваць знакавымі?

— Агульныя працоўныя акцыі на карысць нашага горада набіраюць усё больш прыхільнікаў. Пры магчымасці да нас далучаюцца дэпутаты парламента і абласнога Савета, нярэдка працуем разам з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, супрацоўнікамі гарадской выканаўчай улады. Напрыклад, летась увесь дэпутацкі корпус дружна папрацаваў на добраўпарадкаванні Свяцілаўскага возера ў паўночным мікрараёне горада. Мы ўпрыгожвалі прыбярэжную зону: абразалі галіны, прыбіралі смецце, нават правялі дэмантаж старой бетоннай пліткі.

Летась падчас рэспубліканскага суботніка разам з членамі ваенна-патрыятычнага клуба адной з вайсковых часцей наводзілі парадак на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, а таксама прыбіралі дарожкі могілак і тэрыторыю за агароджай. Восенню працавалі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Лясная вясёлка». І ўсе ўдзельнікі суботнікаў адзначалі, што калектыўная праца збліжае, спрыяе адчуванню клопату пра родную мясціну, пакідае найлепшыя ўражанні, дорыць станоўчыя эмоцыі. Таму пры кожнай магчымасці запрашаем юных калег з маладзёжнага парламента далучацца да нашых працоўных акцый.

— Дарэчы, пра маладзёжны парламент: наколькі мне вядома, большую частку яго складаюць маладыя людзі, якія працуюць на вытворчасці, ва ўстановах і арганізацыях горада. Якім чынам старэйшыя таварышы накіроўваюць іх работу?

— У склад новага маладзёжнага парламента пры гарадскім Савеце дэпутатаў увайшлі 29 чалавек з ліку працоўнай моладзі і восем студэнтаў. Маладыя людзі ўдзельнічаюць у пасяджэннях сесій, запрашаем на пасяджэнні прэзідыумаў, на асабістыя прыёмы грамадзян дэпутатамі ў акругах. Такім чынам юнакі і дзяўчаты набываюць уяўленне пра работу прадстаўнічага органа ўлады, атрымліваюць вопыт. Член маладзёжнага парламента папярэдняга склікання Аляксандр Альшэўскі падчас адзінага дня галасавання летась выбраны дэпутатам гарадскога Савета.

Можна згадаць ініцыятыву папярэдняга Маладзёжнага парламента «Найлепшы дворык», якая рэалізоўвалася ў горадзе з 2022 года. Маладыя людзі збіралі заяўкі ад жыльцоў шматкватэрнай забудовы, затым выязджалі на месца, стваралі эскізы, знаходзілі энтузіястаў з ліку нераўнадушных грамадзян і разам з імі рэалізаваць канцэпцыю ў жыцці. Такім чынам быў палепшаны шэраг дваровых тэрыторый. Спадзяюся, што цяперашні склад парламента таксама вызначыцца сваімі добрымі справамі.

Фота “Наш край”

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю