У той час як адпускнікі і простыя ахвотныя адправіліся да мора з надзеяй асвяжыцца, туды ж, да мора, у прыватнасці Балтыйскага, накіраваліся і вайскоўцы з 15 краін НАТА, каб з 4 да 19 чэрвеня ўзяць удзел у маштабных вучэннях BALTOPS-2026, дзе будзе задзейнічана каля 20 караблёў і больш за 6 тысяч вайскоўцаў. Хто ініцыятар такой актыўнасці і чаму ў Беларусі такая ўвага да яе — у нашым матэрыяле.
У прынцыпе, да натаўскіх вучэнняў мы ўжо прызвычаіліся. Адна толькі маленькая Латвія ў мінулым месяцы 10 разоў (!) накіроўвала сваіх вайскоўцаў на розныя манеўры пад эгідай Паўночнаатлантычнага альянсу.
Аднак да BALTOPS-2026 — увага павышаная. Афіцыйна мэтамі вучэнняў аб’яўлены адпрацоўка супрацьлодачнай абароны і супрацьмінных дзеянняў, суправаджэння канвояў, правядзення дэсантных аперацый і прымянення беспілотных платформ. Але ў святле не так даўно зробленых заходнееўрапейскімі палітыкамі непрыязных заяў і некаторых распачатых імі дзеянняў у сцэнарыі вучэнняў бачны і ўтоеныя бакі, што нясуць нам пагрозу.

У прыватнасці, зусім нядаўна прагучалі заявы прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона аб жаданні ўзяць усю Еўропу пад свой «ядзерны парасон» у рамках новай дактрыны «прасунутага стрымлівання». Афіцыйны Парыж паведаміў, што ўжо 9 дзяржаў НАТА да гэтай дактрыны далучыліся (і 8 з іх бяруць удзел у BALTOPS-2026). Таму ёсць верагоднасць, што менавіта стратэгічныя і тактычныя прыёмы гэтага самага стрымлівання і будуць адпрацаваны падчас вучэнняў, зразумела, не прыцягваючы да іх асаблівай увагі. А аб’ектам прыкладання сіл можа выступіць Калінінградская вобласць Расійскай Федэрацыі, блакаду і акупацыю якой змадэлююць удзельнікі вучэнняў.
Пагрозы ў адрас Калінінграда з боку еўрапейскіх палітыкаў гучаць з зайздроснай рэгулярнасцю і з рознай ступенню рэзкасці. Адна з апошніх рэзанансных заяў была зроблена літоўскім міністрам замежных спраў Будрысам у сярэдзіне мая, калі ён у інтэрв’ю аднаму нямецкаму выданню грозна праракатаў: «Мы павінны паказаць рускім, што можам прарвацца ў невялікую крэпасць, якую яны пабудавалі ў Калінінградзе. У НАТА ёсць сродкі, каб пры неабходнасці зруйнаваць з зямлёй расійскія базы СПА і ракетныя комплексы». Як гаворыцца, выклаў карты на стол.

Аднак найважнейшым партнёрам па ўзаемадзеянні ў рамках «прасунутага стрымлівання» ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне для Францыі з’яўляецца не Літва, а Польшча, якая мае значна большую вагу і з пункту гледжання палітычнага, і ваенна-эканамічнага патэнцыялу. Тым больш што адносна нядаўна начальнік польскага Генеральнага штаба генерал Кукола сустракаўся з вышэйшым камандаваннем французскіх узброеных сіл і, хутчэй за ўсё, абмяркоўваў дэталі сумесных вучэнняў.
Яшчэ адным удзельнікам французскай дактрыны выступае Германія. Парыж і Берлін ужо дамовіліся аб стварэнні сумеснай кіруючай групы па ядзерных пытаннях, а таксама азначылі ў верасні правядзенне сумесных манеўраў пад назвай «Покер».
Зразумела, уся гэта бурная дзейнасць Францыі па прасоўванні свайго ядзернага парасона да нашых граніц не магла прайсці незаўважанай. Адказам з боку Беларусі і Расіі (а гэту пагрозу мы ўспрымаем менавіта як агульную для ўсёй Саюзнай дзяржавы) сталі сумесныя майскія вучэнні, дзе былі адпрацаваны магчымасці схаванай перакідкі тактычнай ядзернай зброі і яе прымянення з незапланаваных раёнаў.

Відаць, такога «асіметрычнага адказу» на свае дзеянні Францыя не чакала і крыху астыла. Таму 24 мая прэзідэнт Макрон выявіў неўласцівую яму ў адносінах з нашай краінай гнуткасць і ініцыятыўнасць і асабіста патэлефанаваў беларускаму лідару. Аляксандр Лукашэнка крыху пазней, на саміце ЕАЭС у Астане, прыадкрыў заслону таямніцы і паглыбіў журналістаў у некаторыя дэталі гэтай доўгай (1 гадзіна 40 хвілін) і, як мы лічым, няпростай размовы. Як стала зразумела са слоў Прэзідэнта Беларусі, гаворка ў тым ліку ішла і пра праблему нуклеарызацыі Усходне-еўрапейскага і Балтыйскага рэгіёна, што выклікае асаблівую занепакоенасць на фоне павышанай мілітарызацыі і нагнятання ваеннай істэрыі. Вынікам стала запрашэнне французскага лідара, калі ён узяў на сябе яшчэ і ролю лідара агульнаеўрапейскага, у Мінск для сур’ёзнай размовы. Макрон абяцаў падумаць і даслаць прадстаўніка. Яшчэ б вучэнні BALTOPS-2026 адмяніць — і тады сапраўды стане ясна, хто рухаецца да міру, а хто — не.
Аляксей БЯЛЯЕЎ, палітолаг