Top.Mail.Ru
247

Як асобныя наймальнікі «забывалі» пра водпускі сваіх работнікаў, расказалі ў прафсаюзах

Планавыя прафсаюзныя маніторынгі выявілі парушэнні ў шэрагу арганізацый Магілёўскай вобласці. У першую чаргу яны звязаны з прадастаўленнем належных водпускаў работнікам. Так, у адной з арганізацый некаторыя супрацоўнікі па 7-8 гадоў запар не былі ў працоўным водпуску.


— Вывучаючы загады і графікі водпускаў высветлілася, што ў некаторых выпадках работнікі арганізацыі з моманту прыёму на працу ні разу не адпачывалі. Прычынай такога грубага і працяглага ігнаравання працоўнага заканадаўства стаў кадравы хаос, характэрны для шэрагу невялікіх прыватных фірм. Штатнага кадравіка на прадпрыемстве не было, улік вёўся дыстанцыйна, і пытанне адпачынку работнікаў выпала з поля зроку кіраўніцтва. Ярчэй за ўсё маштаб парушэнняў выявіўся ў загадах на звальненне: работнікі, якія сыходзілі, атрымлівалі буйныя сумы за ўсе неадгуляныя за гады работы дні, — расказаў галоўны прававы інспектар працы Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза лесу і прыродакарыстання Дзмітрый Мардачоў. — Самі работнікі, а іх на прадпрыемстве больш за 30 чалавек, аб гэтай сітуацыі нікому не паведамлялі. Верагодна, баяліся страціць сваё працоўнае месца.

Прафсаюзны юрыст правёў перагаворы з наймальнікам — сітуацыя ўзятая на кантроль. У найбліжэйшы час графік водпускаў будзе прыведзены ў адпаведнасць з заканадаўствам, і ўсе работнікі змогуць нарэшце скарыстацца сваім законным правам на адпачынак. 

Яшчэ адзін прыклад з практыкі прававога інспектара працы датычыцца непрадастаўлення водпускаў за ненарміраваны рабочы дзень. Заахвочвальны водпуск працягласцю да 6 дзён прадугледжаны нормай калектыўнага дагавора, але толькі чамусьці выключна для дырэктара прадпрыемства. Хаця работнікі арганізацыі таксама перыядычна працуюць за рамкамі працоўнага часу, што фіксуецца ў адпаведных сістэмах уліку. 

Як адзначыў Дзмітрый Мардачоў, такая норма з’яўляецца дыскрымінацыйнай, паколькі дае перавагі ў залежнасці ад службовага становішча, што супярэчыць Працоўнаму кодэксу

Прафсаюзны юрыст рэкамендаваў прывесці палажэнні калдагавора ў адпаведнасць з заканадаўствам і распаўсюдзіць гэту практыку прадастаўлення водпускаў і на іншых спецыялістаў, якія таксама выходзяць працаваць звышурочна. У выніку 40 работнікаў атрымалі свой дадатковы адпачынак. 

Нагадаем, парушэнне парадку прадастаўлення водпускаў вядзе да адміністрацыйнай адказнасці. 

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: Прафсаюз дапамог маладому спецыялісту вярнуць належныя па калектыўным дагаворы сродкі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю