Выгаднае ўкладанне
У Беларусі сродкі сямейнага капіталу могуць быць накіраваны на аплату навучання ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, нагадалі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Размова ідзе аб навучанні ў дзяржаўных установах сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі, а таксама ва ўстановах спажывецкай кааперацыі і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу можна датэрмінова, не чакаючы дасягнення дзіцем 18-гадовага ўзросту. Пры гэтым сродкі могуць быць накіраваны на аплату навучання членаў сям’і — дзяцей, бацькоў або мужа і жонкі. Аплата магчыма як першай, так і наступнай адукацыі.
У Мінпрацы таксама ўдакладнілі, што форма навучання значэння не мае: сродкі могуць быць накіраваны на аплату як вочнага, так і завочнага або дыстанцыйнага навучання.
Для афармлення датэрміновага распараджэння сродкамі сямейнага капіталу неабходна звярнуцца ў службу «Адно акно» з адпаведнай заявай і пакетам дакументаў. У іх ліку — дакументы, якія сведчаць асобу заяўніка і навучэнца, рашэнне аб назначэнні сямейнага капіталу, дагавор з установай адукацыі, даведка аб навучанні, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць сямейнае становішча і занятасць членаў сям’і ў асобных выпадках.
Пасля прыняцця рашэння аб датэрміновым выкарыстанні сродкаў заяўніку неабходна звярнуцца ў Беларусбанк для пералічэння сродкаў на рахунак навучальнай установы. Тэрмін разгляду заявы ў выканкаме складае да аднаго месяца. Пералічэнне сродкаў банкам ажыццяўляецца на працягу 31–41 дня.
У тэму
У Беларусі па стане на 1 чэрвеня для шматдзетных сем’яў адкрыта 154,4 тысячы дэпазітных рахункаў «Сямейны капітал». Прынята 101 тысяча рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні гэтымі сродкамі. З іх 80 % — на паляпшэнне жыллёвых умоў, 10 % — на атрыманне адукацыі, 9 % — на атрыманне медыцынскіх паслуг, 1 % — на набыццё тавараў для інвалідаў.
Сямейны капітал назначаецца шматдзетным сем’ям пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступнага дзіцяці. З 1 студзеня 2026 года яго памер складае 35 505 рублёў. У такой суме сямейны капітал назначаецца сем’ям пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня па 31 снежня 2026 года.
Віктар ЛЮБІМАЎ